КАРЫ́ЦКІ (Міхал) (7.9.1714, в. Дзітрыкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл. — 10.3.1781),
паэт, педагог, прыхільнік класіцызму. Магістр філасофіі і вольных навук (1745), д-р філасофіі (каля 1750). Вучыўся ў школе Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі. Скончыў Слуцкую семінарыю (1733), Віленскую акадэмію (1736). З 1730 чл. ордэна езуітаў. Выкладаў у калегіумах Варшавы, Мінска, Драгічына, у Віленскай акадэміі. З 1773 рэктар Мінскай ваяводскай школы. Імкнуўся надаць сістэме адукацыі больш свецкі характар. Пісаў на лац. мове. Найб. вядомая паэма «Птушыны сейм» — сатыра на мясц. шляхту і магнатаў Рэчы Паспалітай. Аўтар сатыр. твораў («Казка», «Ападосіс» і інш.), элегій («Да Касакоўскага», «Да брата Караля»), прыродаапісальнай оды «Да Зімы», вершаў (пры жыцці апубл. 25), панегірыкаў Кацярыне II, пасланняў пісьменнікам і грамадскім дзеячам (І.Красіцкаму, М.Пачобут-Адляніцкаму, Р.Пацёмкіну і інш.), пародый. Паэт. спадчына К. выдадзена Полацкай езуіцкай акадэміяй пад назвай «Песні» (1817). Яго творам уласціва жывасць і лёгкасць мовы, багатая фантазія. Паэзія К. паўплывала на лацінамоўную паэзію Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны эпохі Асветніцтва.
Літ.:
Жлутко А. Міхал Карыцкі: Песні камэны // Шляхам гадоў. Мн., 1990;
Парэцкі Я.І. Міхаіл Карыцкі. Мн., 1991.
А.В.Мальдзіс.
т. 8, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)