Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сірацінін Яўген Сяргеевіч

т. 18, кн. 1, с. 457

СІРО́КА (італьян. scirocco ад араб. шарк — усход),

моцны гарачы, сухі і пыльны вецер паўд. румбаў у Міжземнамор’і, які дзьме з боку пустынь Паўн. Афрыкі і Аравійскага п-ва. Над краінамі Афрыкі і Б. Усходу нясе шмат пяску і пылу, на шляху праз Міжземнае м. насычаецца вільгаццю, аднак аказвае высушальны ўплыў на расліннасць узбярэжных раёнаў Францыі, краін Апенінскага і Балканскага п-воў. Часцей назіраецца вясной, дзьме 2—3 дні, павышае т-ру паветра да 35 °C; на падветраных схілах гор часам набывае характар фёну.

т. 14, с. 413

СІРО́НЫ (Sirenia),

атрад млекакормячых. 3 сям., 3 роды, 5 відаў. Вядомы з эацэну. Продкамі, верагодна, былі наземныя звяры, блізкія да хобатных, даманаў і капытных. Пашыраны ў прыбярэжных водах мораў і ў буйных рэках трапічнай ч. Сусв. ак. Актыўныя пераважна ўначы. Усе віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 2,5—5,8 м (у вымерлай марской каровы да 10 м). Маса да 650 кг, марской каровы да 4 т. Цела масіўнае, верацёнападобнае. Шыя кароткая і тоўстая, рухомая. Хваставы плаўнік гарызантальны. Пярэднія канечнасці ў выглядзе ластаў, рухомых у плечавым і локцевым суставах. Расліннаедныя. Нараджаюць 1 (радзей 2) дзіцяня. Іл. гл. да арт. Дзюгонь, Ламанціны, Марская карова.

т. 14, с. 418

СІРО́ТКІН (Юрый Дзмітрыевіч) (14.5.1926, г. Каган Бухарскай вобл., Узбекістан — 29.10.1998),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Канд. с.-г. н. (1958), праф. (1982). Засл. лесавод Беларусі (1980). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1950). З 1957 у Бел. тэхнал. ін-це. Навук. працы па пытаннях штучнага лесааднаўлення і павышэння прадукцыйнасці лясоў на аснове сучаснага лесазнаўства і лясной інтрадукцыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Плоды и семена лиственных древесных растений. Мн., 1967 (разам з М.​Дз.​Несцяровічам, Н.​І.​Чакалінскай);

Лесные культуры в фитоценотическом аспекте // Ботаника: (Исслед.). Мн., 1980. Вып. 22;

Лесные культуры. Мн., 1989 (разам з А.​М.​Праходскім).

т. 14, с. 413

СІРО́ТЫ,

катэгорыя сялянскага насельніцтва ў Стараж. Русі. У 11—14 ст. С. звалі сялян-абшчыннікаў, якія не страцілі асабістай свабоды, і насельніцтва княжацкіх вотчын. У Расіі ў 14—15 ст. С. — найб. прыгнечаная катэгорыя сял. насельніцтва. У канцы 14—15 ст. тэрмін «С.» ў актах і граматах выцясняецца тэрмінам «крестьяне». У 16 — пач. 18 ст. ў зваротах да ўрада ці феадала тэрмін «С.» ўжываўся як саманазва сялян, пасадскіх людзей, стралецкіх і салдацкіх жонак, іх дзяцей і г.д.

т. 14, с. 413

СІРО́ЦІН (Яўхім Ерамеевіч) (13.10.1888, с. Салёнае Займішча Чарнаярскага р-на Астраханскай вобл., Расія — 1947),

рускі і бел. фізік і матэматык. Праф. (1918). Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). Працаваў у ВНУ Масквы і Кастрамы. З 1922 у БДУ. У 1925 у Кембрыджскім ун-це пад кіраўніцтвам Э.​Рэзерфарда вывучаў метады радыеактыўных вымярэнняў. З 1937 у Калінінскім пед. ін-це. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўн., матэм. метадах у фізіцы.

А.​А.​Гусак.

т. 14, с. 413

СІРО́ЦІНА,

вёска ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., каля р. Чарніца, на скрыжаванні аўтадарог на Гарадок, Віцебск, Шуміліна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад гар. пасёлка і чыг. ст. Шуміліна, 45 км ад Віцебска. 720 ж., 324 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.

т. 14, с. 414

СІРО́ЦІНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—61. Утвораны 17.7.1924 у складзе Віцебскай акругі. Цэнтр — чыг. ст. Сіроціна, з 1927 г.п. Шуміліна. 20.8.1924 падзелены на 12 сельсаветаў. З 20.2.1938 С.р. у Віцебскай вобл. У 1941 складаўся з г.п. Шуміліна і 14 сельсаветаў. У ліст. 1961 перайменаваны ў Шумілінскі раён.

т. 14, с. 414

СІРО́ЦКІ СУД,

установа ў Расіі (1775—1917), якая ведала апякунскімі і сіроцкімі справамі асоб гар. саслоўяў. Засноўвалася пры гар. магістратах, а пасля ўвядзення суд. статутаў (1864) — пры акруговых судах. У склад С.с. ўваходзілі старшыня (гар. галава ці інш. асоба) і члены, якіх выбіралі на сходах купецкага, мяшчанскага і рамеснага саслоўяў на 3 гады. У тых гарадах, дзе не было ўведзена гар. палажэнне, С.с. складаўся з гар. старосты і 2 членаў, якіх выбірала гар. грамадства.

т. 14, с. 414

СІРТ ВЯЛІ́КІ,

заліў у Міжземным м., другая назва заліва Сідра.

т. 14, с. 414