ВО́ЛКА,
рака ў Слуцкім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Морач (бас. Прыпяці). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 250 км². Пачынаецца каля в. Славіна ў Слуцкім р-не, далей цячэ ў Капыльскім р-не па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна невыразная, месцамі скрынкападобная або трапецападобная, шыр. 2—3 км. Пойма двухбаковая, шыр. 500 м — 3 км. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае; на рацэ плаціна і 2 сажалкі.
т. 4, с. 262
ВО́ЛКАВА Ірына Анатолеўна
(н. 17.12.1940, Мінск),
бел. мастак. Дачка А.В.Волкава, унучка В.В.Волкава. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1963), Бел. тэатр.-маст: ін-т (1968). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1993). Работы ў каляровай літаграфіі «Рамонкі», «Півоні», «Восень» (1989), станковыя лісты «Наша Радзіма» (1991); афорты «Юнацтва Палесся» (1981), трыпціх «Ратамка» (1990); акварэлі «Дзіцячыя цацкі», «Кветкі на падаконніку» (1969), «Беларускі лён і руская гжэль» (1975), «Цюльпаны» (1980) і інш. Аформіла дыяфільмы «Каток — залаты лабок», «Заяц-хвалько», «Мілавіца», «Ад А да Я», «Дундзік у гасцях у беларускіх сяброў» і інш.
т. 4, с. 262
ВО́ЛКАЎ Алег Васілевіч
(21.1.1900, С.Пецярбург — 10.2.1996),
рускі пісьменнік. З дваранскай сям’і. У 1928 рэпрэсіраваны, амаль 28 гадоў адседзеў у турмах і лагерах ГУЛАГа. Пасля рэабілітацыі вярнуўся ў Маскву, займаўся перакладамі з франц. і англ. моў. Аўтар зб. аповесцей і апавяданняў «У ціхім краі» (1976), кніг эсэ па гісторыі Масквы «Кожны камень у ёй жывы» (1985), нарысаў і публіцыстыкі «Усе павінны адказваць» (1986). Кніга ўспамінаў «Пагружэнне ў цемру» (1989) пра трагічны лёс аўтара, які, прайшоўшы праз усе нечалавечыя выпрабаванні, не зачарсцвеў душой, захаваў веру ў чалавека і агульначалавечыя каштоўнасці.
Тв.:
Избранное. М., 1987;
Век надежд и крушений. М., 1989.
т. 4, с. 263
ВО́ЛКАЎ Аляксандр Аляксандравіч
(н. 27.5.1948, г. Горлаўка, Украіна),
савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1985), лётчык-касманаўт СССР (1985). Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1970), 17.9—21.11.1985 з Г.М.Грэчкам і У.У.Васюціным здзейсніў палёт (як касманаўт-даследчык) на касм. караблі «Саюз Т-14» і арбітальнай станцыі «Салют-7». Правёў у космасе 64,87 сут.
т. 4, с. 263
ВО́ЛКАЎ Аляксандр Мікалаевіч
(31.8.1886, г. Фергана, Узбекістан — 17.12.1957),
узбекскі жывапісец, графік. Нар. мастак Узбекістана (1946). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1908—10) у У.Макоўскага і ў 1910—12 у М.Рэрыха і І.Білібіна, Кіеўскім маст. вучылішчы (1912—16). Зазнаў уплыў кубізму. Аўтар насычаных колеравых дэкар.-маляўнічых палотнаў («Гранатавая чайхана», 1924), карцін, адметных нац. характэрнасцю вобразаў («Дзяўчына-казашка» і цыкл «Вярблюды ў пустыні», 1926, «Дзяўчаты з бавоўнай», 1932, «Калгаснік» і «Поўдзень у Шахімардане», 1933, і інш.).
т. 4, с. 263
ВО́ЛКАЎ Аляксандр Мяленцьевіч
(14.7.1891, г. Усць-Каменагорск, Казахстан — 3.7.1977),
рускі пісьменнік. Аўтар твораў для дзяцей (аповесці-казкі «Чараўнік Ізумруднага горада», 1939; «Урфін Джус і яго драўляныя салдаты», 1963; «Сем падземных каралёў», 1964; «Вогненны бог Маранаў», 1968; «Жоўты туман», 1970, і інш.), кніг займальных апавяданняў па геаграфіі і астраноміі («Зямля і неба», 1957), пра гісторыю навукі («У пошуках праўды», апубл. 1980). У гіст. рамане «Дойліды» (1954) маст. асэнсаванне жыцця і дзейнасці рус. дойлідаў 16 ст., у «Блуканні» (1963) перыпетыі асабістага лёсу італьян. філосафа і паэта Дж.Бруна.
т. 4, с. 263
ВО́ЛКАЎ Анатоль Валянцінавіч
(25.11.1908, г. Пенза, Расія — 21.12.1985),
бел. графік. Сын В.В.Волкава. Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1925—30). У 1944—45 супрацоўнічаў у сатыр. выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну», у 1945—80 у час. «Вожык». Працаваў у галіне выяўл. сатыры (карыкатура, плакат), кніжнай і станковай графікі, жывапісу. У яго сатыр. малюнках і карыкатурах дасканалая кампазіцыя, індывідуалізацыя, гіпербалічнае шаржыраванне сатыр. тыпажу («Партызанскі воз», «Лайдак на сенакосе» і інш.). Аформіў і ілюстраваў кнігі «Дрыгва» (1940) і «Новая зямля» (1949) Я.Коласа, «Баранаў Васіль» А.Куляшова (1941), «Мушка-зелянушка» М.Багдановіча (1947, 1952), «Казка пра папа і работніка яго Балду» А.Пушкіна (1950), «Выбраныя творы» М.Гогаля (1952), «Аповесці» (1957) і «Міколка-паравоз» (1965) М.Лынькова, зборнікі бел. нар. казак у апрацоўцы А.Якімовіча «Каток — залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «Людзей слухай, а свой розум май» (1980) і інш. Сярод станковых твораў: серыі акварэлей «Мінск і яго жыхары» (1958), «Юныя мінчане» (1968), «Дзеці 1920-х г.» (1969) і інш. Жывапісныя палотны: «Пчальнік» (1943), «Янка Купала на адпачынку» (1949), «Першага верасня» (1950), «Снежкі» (1957) і інш.
т. 4, с. 263
ВО́ЛКАЎ Барыс Іванавіч
(26.3.1900, Масква — 23.12.1970),
рускі тэатр. мастак. Нар. мастак СССР (1965). Скончыў Строганаўскае вучылішча (1918) і Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні (1923) у Маскве. Гал. мастак т-раў імя Массавета (1924—40), Муз. імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі (1941—49), Малога (1951—70) у Маскве. Для бел. т-ра імя Я.Купалы стварыў дэкарацыі да спектакляў «Браняпоезд 14—69» У.Іванава (1928), «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду (1957), «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1961); для т-ра оперы і балета Беларусі — «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (1939), «Русалка» А.Даргамыжскага (1946), «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1948). Дзярж. прэмія СССР 1949, 1951, 1952.
Літ.:
Гремиславский И.Я., Сыркина Ф.Я. Б.И.Волков. М., 1958;
Барышаў Г. «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэда ў дэкарацыях Б.І.Волкава // Беларускае мастацтва. Мн., 1960.
т. 4, с. 263
ВО́ЛКАЎ Валянцін Віктаравіч
(19.4.1881, г. Ялец, Расія — 8.11.1964),
бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1955). Праф. (1957). Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1907, вучыўся ў К.А.Савіцкага) і Пецярбургскую АМ (1915, вучыўся ў В.Я.Савінскага і П.П.Чысцякова). Выкладаў у Веліжскай маст. школе, Віцебскім маст. тэхнікуме (1919—29), Бел. тэатр.-маст. ін-це (1953—64). Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. У 1920—30-я г. стварыў пано «Індустрыялізацыя», «Калектывізацыя» для мытні на ст. Негарэлае, дэкар. фрыз «Кастрычнік на Беларусі» для павільёна БССР на Усесаюзнай с.-г. выстаўцы ў Маскве. Ілюстраваў і афармляў кнігі (1928—41). Яго карцінам, прысвечаным пераважна падзеям рэвалюцыі, грамадз. і Вял. Айч. войнаў, уласцівы рэалізм вобразаў і складанасць кампазіцыйнай пабудовы, у іх адчуваецца ўплыў традыцый акадэмічнай школы, стрыманая колеравая гама, дакладнасць дэталей. Сярод работ: «Кастусь Каліноўскі» (1923), «Плытагоны» (1927), «Студэнты» (1947), «Мінск. 3 ліпеня 1944 года» (1954—55) і інш. У партрэтным жанры прадаўжаў традыцыі псіхал. партрэта рус. рэаліст. мастацтва 2-й пал. 19 ст. Імкнуўся да паглыбленага пранікнення ў характары людзей. Яго пейзажы і нацюрморты прасякнуты лірычным настроем. Як рысавальшчык валодаў тонкім густам у выкарыстанні фактурных магчымасцей алоўкавага штрыха. Аўтар малюнка герба БССР (1926 і 1938).
Літ.:
Элентух И.Б. В.В.Волков. М., 1956.
В.С.Каваленка.
т. 4, с. 263
ВО́ЛКАЎ Віталь Васілевіч
(н. 16.6.1939, г. Екацярынбург, Расія),
бел. выканаўца на трубе. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1964). У 1968—88 саліст і канцэртмайстар групы труб Дзярж. акад. сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь, з 1990 — мінскага духавога аркестра «Няміга». Адначасова педагог Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1991), Мінскага ін-та культуры (1976—78). Выступае як трубач-саліст. Яго выкананне адметнае сакавітым, прыгожым гучаннем інструмента, тэхн. свабодай. Першы выканаўца многіх твораў для трубы бел. кампазітараў М.Аладава, А.Туранкова, П.Падкавырава, А.Мдывані, У.Дамарацкага і інш. Аўтар апрацовак бел. нар. мелодый, аранжыровак і транскрыпцый для духавога аркестра, саліруючых інструментаў і ансамбляў рознага складу. Чл. Сусв. гільдыі трубачоў (1995).
І.І.Зубрыч.
т. 4, с. 264