Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАБРА́Л ((Cabral) Луіс дэ Алмейда) (н. 11.4.1931, г. Бісау),

палітычны і дзярж. дзеяч Гвінеі-Бісау. Брат А.Кабрала. Бухгалтар. У 1956 уступіў у Афр. партыю незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ, з 1964 чл. яе выканкома. У 1959 арганізаваў у Бісау забастоўку партовых рабочых. У 1973—80 прэзідэнт незалежнай Рэспублікі Гвінеі-Бісау (скінуты ў выніку перавароту).

т. 7, с. 387

КАБРА́Л ((Cabral) Педру Алварыш) (1467 або 1468, Белмонты, Партугалія — каля 1520),

партугальскі мараплавец. У 1500 узначаліў флатылію, якая павінна была даплыць да Індыі, але адхіліўся ад курсу і 22.4.1500 дасягнуў Бразіліі, якую прыняў за востраў і назваў Зямлёй Вера-Круш (Санта-Круш). Потым накіраваўся да мыса Добрай Надзеі (Афрыка) і ў сярэдзіне вер. 1500 дасягнуў Індыі ў раёне г. Калікут, які разбурыў за адмову гандляваць. Заключыў гандл. пагадненні з гарадамі, у студзені 1501 пакінуў краіну і ў канцы ліп. вярнуўся ў Партугалію з каштоўнымі інд. таварамі.

т. 7, с. 387

КАБРЫЯЛЕ́Т (франц. cabriolet),

кузаў легкавога аўтамабіля з адкідным мяккім тэнтам. Верхняя частка кузава жорсткая, з вокнамі, якія можна апускаць. Мае 2 разнавіднасці: К.-купэ з 2 бакавымі дзвярамі і 4-дзверны К.-седан. Найб. пашыраны ў месцах з гарачым кліматам.

т. 7, с. 387

КАБУ́КІ,

від японскага класічнага тэатра. Уключае музыку, танцы, драму. Узнік у 16 ст. на аснове нар. т-ра і нар. танца. Першапачаткова трупы складаліся пераважна з жанчын (она-К.), пасля іх забароны (1629) — з хлопчыкаў-падлеткаў (вакасю-К.), з 1651 — выключна з мужчын (яра-К.), якія выконвалі і жаночыя ролі (анагата). Гісторыя драматургіі К. звязана з развіццём гутарковай драмы (нёгэн), якой папярэднічаў нар. вулічны фарс 14—15 ст. Ігра акцёраў будавалася на аснове пераймання рэчаіснасці (манамантэ) і перадачы ўнутр. свету, стану чалавека. Гал. жанры К. — пачуццёвая меладрама і быт. драма. Росквіт К. пачынаецца з канца 17 ст.

Завершаную форму набыў у 2-й пал. 18 ст., калі ў рэпертуар увайшлі п’есы т-ра марыянетак, пантаміма, склаліся дакладна вызначаныя тэхніка ігры акцёраў (ката), амплуа (герой, нягоднік, дзяўчына, хлопец і інш.), сістэма дэкарацый і абсталявання сцэны, акцёрскія дынастыі. З 1870-х г. К. рэфармаваўся, часткова набыў еўрап. рысы. У 1980-я г. пачалося абнаўленне т-ра і яго новы ўздым. У сучасным К. захаваліся асаблівая ўмоўная манера выканання, кананічныя позы, грым, дэкарацыі і інш.

Сцэны тэатра кабукі. З дрэварытаў Кацукавы Шаунша і Утагавы Кунісады.

т. 7, с. 387

КАБУ́Л,

рака ў Афганістане і Пакістане, правы прыток р. Інд. Даўж. 460 км, пл. бас. каля 75 тыс. км2. Пачынаецца ў гарах Гіндукуша (хр. Баба), цячэ пераважна ў яго адгор’ях, перасякае Джэлалабадскую міжгорную ўпадзіну, ад г. Пешавар — па ўзгорыстай раўніне. Летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 700 м3/с. Выкарыстоўваецца для арашэння Кабульскага, Джэлалабадскага, Пешаварскага аазісаў. На К. ГЭС Наглу (Афганістан), вадасховішча. Суднаходная летам на 120 км. На К. — гарады Кабул, Джэлалабад (Афганістан), у даліне — Пешавар (Пакістан).

т. 7, с. 388

КАБУ́Л,

горад, сталіца Афганістана. Адм. ц. правінцыі Кабул. Знаходзіцца ў даліне р. Кабул на выш. 1820 м. 2029 тыс. ж. з прыгарадамі і лагерамі бежанцаў (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: аўтарамонтная, буд. (у т. л. домабуд. камбінат), фармацэўтычная, метала- і дрэваапр., гарбарна-абутковая, харч., тэкстыльная. Вытв-сць дываноў. Ун-т. Політэхн. ін-т. Афганская гісторыка-філал. акадэмія, Нац. АН. Гісторыка-этнагр. музей.

Упершыню згадваецца грэч. вучоным Пталамеем (2 ст.) як Кабур або Карур — горад у Кушанскім царстве. З 6 ст. мясц. правіцелямі былі Кабул-шахі. У час араб. заваяванняў горад трапіў пад уладу халіфа Муавіі I (правіў у 661—680). Ў 9 ст. заваяваны Сафарыдамі, пазней ім валодалі Саманіды, Газневіды, Цімурыды. У 13 ст. зруйнаваны Чынгісханам. Найб. росквіту дасягнуў у 16 ст., калі Бабур зрабіў К. сталіцай (з 1504) дзяржавы Вял. Маголаў. У 1738 захоплены Надзір-шахам. З 1747 у складзе Дуранійскай дзяржавы, з 1773 яе сталіца. З 1818 цэнтр Кабульскага княства. У 1-ю (1838—42) і 2-ю (1878—80) англа-афг. войны акупіраваны англічанамі. З 1880 сталіца афг. дзяржавы. Значна разбураны ў час грамадз. вайны, якая працягваецца з 1978.

У цэнтры Кабула.

т. 7, с. 388

КАБУ́ЛАВА (Саадат) (н. 15.12.1925, г. Маргілан Ферганскай вобл., Узбекістан),

узбекская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1959). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1954). У 1941—48 салістка Узб. т-ра муз. драмы і камедыі, у 1954—86 — Узб. т-ра оперы і балета. З 1969 выкладае ў Ташкенцкай кансерваторыі (з 1986 праф.). Яе творчасці характэрна спалучэнне еўрап. вак. тэхнікі з ярка нац. манерай выканання. Сярод партый у нац. операх: Лейлі («Лейлі і Меджнун» Р.​Гліэра і Т.​Садыкава), Дыларом («Дыларом» М.​Ашрафі), Санабар («Хамза» С.​Бабаева); у класічных — Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Мімі («Багема» Дж.​Пучыні).

т. 7, с. 388

КАБУЛА́ДЗЕ (Сяргей Саламонавіч) (7.2.1909, г. Ахалцыхе, Грузія — 22.7.1978),

грузінскі графік, тэатр. мастак і жывапісец. Нар. мастак Грузіі (1958), чл.-кар. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1925—30), выкладаў там з 1938. Графічным творам К. ўласціва героіка-рамант. трактоўка вобразаў, скульптурнасць форм (іл. да «Віцязя ў тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі, 1935—37; «Слова пра паход Ігаравы», 1939, і інш.). Тэатр. работы: афармленне балетаў «Раймонда» А.​Глазунова (1945) у Вял. т-ры, «Сінатле» Кіладзе (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948) і оперы «Казанне пра Тарыэля» Ш.​Мшвелідзе (1946, Дзярж. прэмія СССР, 1947) у Тбіліскім т-ры оперы і балета. Працаваў таксама як партрэтыст і пейзажыст.

С.Кабуладзе. Ілюстрацыя да паэмы Ш.​Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры». 1935—37.

т. 7, с. 388

КАБУЛЕ́ЦІ,

прыморскі кліматычны курорт у Грузіі. За 21 км ад г. Батумі, на шырокай паласе пляжаў Чорнага м. (у ліку лепшых на Каўказскім узбярэжжы). Клімат субтрапічны. Увесь год захоўваюцца камфортныя тэрмічныя ўмовы, спрыяльныя для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, лёгачных (нетуберкулёзнага паходжання), нерв. сістэмы, касцёва-сустаўных.

т. 7, с. 388

КАБУСТА́Н, Кабыстан, Габустан,

гарыстае ўрочышча на ўзбярэжжы Каспійскага м. за 60 км на ПдЗ ад Баку, дзе ў чатырох пунктах знаходзяцца наскальныя «галерэі» петрогліфаў. Зафіксавана больш за 750 выяў, якія храналагічна ахопліваюць перыяд ад пачатку мезаліту да сярэдневякоўя. Сярод мезалітычных выяў пераважаюць гравіраваныя контурныя і сілуэтныя рэаліст. малюнкі людзей і быкоў. На найб. стараж. малюнках выявы пераважна рытуальных танцаў, на больш позніх пераважаюць сцэны палявання з лукам і сабакам на быка.

Петрогліфы ўрочышча Кабустан.

т. 7, с. 388