КАБУ́Л,
рака ў Афганістане і Пакістане, правы прыток р. Інд. Даўж. 460 км, пл. бас. каля 75 тыс. км2. Пачынаецца ў гарах Гіндукуша (хр. Баба), цячэ пераважна ў яго адгор’ях, перасякае Джэлалабадскую міжгорную ўпадзіну, ад г. Пешавар — па ўзгорыстай раўніне. Летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 700 м3/с. Выкарыстоўваецца для арашэння Кабульскага, Джэлалабадскага, Пешаварскага аазісаў. На К. ГЭС Наглу (Афганістан), вадасховішча. Суднаходная летам на 120 км. На К. — гарады Кабул, Джэлалабад (Афганістан), у даліне — Пешавар (Пакістан).
т. 7, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)