КАБРА́Л ((Cabral) Педру Алварыш) (1467 або 1468, Белмонты, Партугалія — каля 1520),

партугальскі мараплавец. У 1500 узначаліў флатылію, якая павінна была даплыць да Індыі, але адхіліўся ад курсу і 22.4.1500 дасягнуў Бразіліі, якую прыняў за востраў і назваў Зямлёй Вера-Круш (Санта-Круш). Потым накіраваўся да мыса Добрай Надзеі (Афрыка) і ў сярэдзіне вер. 1500 дасягнуў Індыі ў раёне г. Калікут, які разбурыў за адмову гандляваць. Заключыў гандл. пагадненні з гарадамі, у студзені 1501 пакінуў краіну і ў канцы ліп. вярнуўся ў Партугалію з каштоўнымі інд. таварамі.

т. 7, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)