Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАБУЛА́ДЗЕ (Сяргей Саламонавіч) (7.2.1909, г. Ахалцыхе, Грузія — 22.7.1978),

грузінскі графік, тэатр. мастак і жывапісец. Нар. мастак Грузіі (1958), чл.-кар. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1925—30), выкладаў там з 1938. Графічным творам К. ўласціва героіка-рамант. трактоўка вобразаў, скульптурнасць форм (іл. да «Віцязя ў тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі, 1935—37; «Слова пра паход Ігаравы», 1939, і інш.). Тэатр. работы: афармленне балетаў «Раймонда» А.​Глазунова (1945) у Вял. т-ры, «Сінатле» Кіладзе (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948) і оперы «Казанне пра Тарыэля» Ш.​Мшвелідзе (1946, Дзярж. прэмія СССР, 1947) у Тбіліскім т-ры оперы і балета. Працаваў таксама як партрэтыст і пейзажыст.

С.Кабуладзе. Ілюстрацыя да паэмы Ш.​Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры». 1935—37.

т. 7, с. 388

КАБУЛЕ́ЦІ,

прыморскі кліматычны курорт у Грузіі. За 21 км ад г. Батумі, на шырокай паласе пляжаў Чорнага м. (у ліку лепшых на Каўказскім узбярэжжы). Клімат субтрапічны. Увесь год захоўваюцца камфортныя тэрмічныя ўмовы, спрыяльныя для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, лёгачных (нетуберкулёзнага паходжання), нерв. сістэмы, касцёва-сустаўных.

т. 7, с. 388

КАБУСТА́Н, Кабыстан, Габустан,

гарыстае ўрочышча на ўзбярэжжы Каспійскага м. за 60 км на ПдЗ ад Баку, дзе ў чатырох пунктах знаходзяцца наскальныя «галерэі» петрогліфаў. Зафіксавана больш за 750 выяў, якія храналагічна ахопліваюць перыяд ад пачатку мезаліту да сярэдневякоўя. Сярод мезалітычных выяў пераважаюць гравіраваныя контурныя і сілуэтныя рэаліст. малюнкі людзей і быкоў. На найб. стараж. малюнках выявы пераважна рытуальных танцаў, на больш позніх пераважаюць сцэны палявання з лукам і сабакам на быка.

Петрогліфы ўрочышча Кабустан.

т. 7, с. 388

КА́БУШКІН (Іван Канстанцінавіч) (падп. мянушкі Жан, Бабушкін, Сашка, Назараў; 15.2.1915, в. Малахоўцы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1943),

удзельнік Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). У Чырв. Арміі з 1935. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У пач. Вял. Айч. вайны трапіў у акружэнне, прыйшоў у Мінск і ўключыўся ў антыфаш. барацьбу. На чале невял. баявой групы выконваў разведвальныя і дыверсійныя аперацыі. З мая 1942 кіраўнік аператыўнай групы Мінскага падп. гаркома КП(б)Б па барацьбе з варожымі агентамі і правакатарамі. 4.2.1943 схоплены гітлераўцамі пры выкананні баявога задання. Загінуў у фаш. катавальнях. Помнікі ў пас. Мірны Баранавіцкага р-на, на радзіме.

І.К.Кабушкін.

т. 7, с. 388

КА́БУШКІН (Мікалай Іванавіч) (н. 13.12.1946, в. Сярагі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. эканаміст. Д-р эканам. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1967). З 1973 у Бел. эканам. ун-це; з 1997 дырэктар Вышэйшай школы турызму Бел. эканам. ун-та. Даследуе праблемы кіравання прац. працэсамі. Аўтар падручніка для ВНУ па асновах менеджменту.

Тв.:

Управленческий труд в торговле. Мн., 1988 (разам з Г.​А.​Каралёнкам);

Управление процессами труда на предприятиях торговли. Мн., 1993 (разам з Р.​М.​Карсекам).

т. 7, с. 389

Кабуш Уладзімір Трафімавіч

т. 18, кн. 1, с. 395

КА́БУ-БРА́НКУ (партуг. Cabo Branco літар. белы мыс),

мыс у Бразіліі, самы ўсх. пункт мацерыка Паўд. Амерыка (34°46 зах. д. і 7°09 паўд. ш.).

т. 7, с. 387

«КАБЫ́ЛА»,

«кабылка», «конь», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж. усх.-слав. нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі асабліва пашырана на Бел. Палессі, дзе захавалася і ў наш час. «К.» майстравалі па-рознаму (напр., да замацаваных на канцах палкі рэшатаў прыладжвалі галаву і хвост з лёну). Накрыты посцілкай выканаўца ў час паказу сядзеў вярхом ва кіі. Паводле складу ўдзельнікаў вядомы малая (уваходзілі «К.» і яе павадыр-«цыган») і вялікая (яшчэ і «дзед», «афіцэр», «барыня», «улан», 10—12 «песельнікаў» і музы́ка). «К.» вадзілі па хатах. Гал. у дзеі было выступленне «цыгана», які ладзіў імправізаваны торг: мяняў або прадаваў «К.». Калі гаспадар не запрашаў у хату, у яго адрас спявалі здзеклівую песню. Гульня вызначалася імправізацыяй, выдумкай, акцёрскім пераўвасабленнем выканаўцаў асн. роляў. Уваходзіла ў паказы нар. тэатра.

М.​А.​Каладзінскі.

т. 7, с. 389

КАБЫ́ЛІНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 38 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск. Пл. 0,22 км2, даўж. 610 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі каля 1,7 км. Схілы катлавіны выш. да 13 м, параслі лесам, на Пн часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі. Каля паўн.-ўсх. берага невял. востраў.

т. 7, с. 389

КАБЫ́ЛКІ,

нястаткавыя саранчовыя, насякомыя падсямейства саранчовых, падатр. караткавусых прастакрылых. Пашыраны ва ўсім свеце. На Беларусі 7 родаў. Шкоднікі пасеваў, пашы і сенажацей.

Даўж. да 3 см. Ротавыя органы грызучыя, вусікі кароткія, заднія ногі скакальныя. 2 пары крылаў. Яйцы кладуць у глебу, кучкамі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Зімуюць у фазе яйца ці лічынкі. Адно пакаленне за год. Расліннаедныя.

Кабылкі: 1, 2 — блакітнакрылая; 3 — травянка зялёная; 4 — конік лясны; 5 — конік звычайны.

т. 7, с. 389