Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭПРАДУКЦЫ́ЙНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,

тэхналагічныя працэсы ўзнаўлення паліграф. сродкамі выяўл. выдавецкага арыгінала або твора выяўл. мастацтва. Уключаюць выраб фотаформ і друкарскіх форм, друкаванне тыражу, часам аддзелку адбіткаў (рэпрадукцыі).

У пачатку кнігадрукавання выяўл. матэрыялы ўзнаўляліся з дапамогай гравюры, літаграфіі, пазней — рэпрадукцыйных фотаапаратаў (атрыманне негатываў), кантактна-капіравальных станкоў (для дыяпазітываў), электрагравіравальных апаратаў (гравіраванне друкарскіх форм высокага і глыбокага друку) і інш. (гл. Формныя працэсы). У залежнасці ад віду арыгінала выбіраецца спосаб узнаўлення: для тонавых чорна-белых арыгіналаў — растрыраванне, для каляровых — растрыраванне, колерадзяленне і колеракарэкціраванне, а таксама спосаб друкавання: высокі, афсетны і глыбокі (гл. Шматкаляровы друк), часам фотатыпія. Рэпрадукцыі друкуюць на ліставых друкарскіх машынах на асобных аркушах паперы павышанай гладкасці (каландраванай, мелаванай) фарбамі павышанай вязкасці. Для рэпрадукцый палепшанага тыпу ўжываюць лакіраванне і грэніраванне адбіткаў.

Літ.:

Синяков Н.И. Технология изготовления фотомеханических печатных форм. 2 изд. М., 1974;

Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991.

У.​М.​Сацута.

т. 14, с. 20

РЭПРАДУ́КЦЫЯ (ад рэ... + лац. productio стварэнне),

узнаўленне і размнажэнне выяў (малюнкі, чарцяжы, карціны, фотаздымкі, тэксты, дакументы і інш.) фатаграфічным або паліграф. спосабам; узноўлены сродкамі друку малюнак, карціна, фотаздымак. Узнікла ў графіцы 16 ст. для капіравання твораў мастацтва (рэпрадукцыйная гравюра ў розных тэхніках), з 2-й пал. 19 ст. ручныя спосабы рэпрадуктавання выцеснены фотамеханічнымі. Р. характарызуюць колькасць фарбаў на адбітку (адна-, двух- і шматколерныя), спосаб друку (афсетны ці глыбокі друк, фотатыпія, шаўкаграфія і інш.), матэрыял, на якім робяць адбітак (папера, бляха, каленкор, цэлафан і інш.). Р. называецца факсімільнай, калі пры ўзнаўленні дакладна перадаюцца змест і ўсе асаблівасці аб’екта.

т. 14, с. 20

РЭПРЫ́ЗА (франц. reprise аднаўленне, паўтарэнне),

1) у музыцы — паўтарэнне адной або некалькіх тэм пасля іх развіцця або выкладання новага тэматычнага матэрыялу; адзін з кампазіцыйных сродкаў завяршэння вобразна-тэматычнага развіцця. Прынцып рэпрызнасці ляжыць у аснове большасці тыповых кампазіцыйных схем: 2-часткавай рэпрызнай, 3-часткавай, ронда, санатнай, канцэнтрычнай і інш. У санатнай форме Р. — дакладнае або відазмененае паўтарэнне экспазіцыйнага матэрыялу. Р. можа значна адрознівацца ад экспазіцыі, што абумоўлена вобразным развіццём, зместавай канцэпцыяй твора. Існуюць таксама несапраўдная Р., дзе пач. тэма ўзнаўляецца ў неасноўнай танальнасці, і люстраная Р., у якой выкладзены матэрыял узнаўляецца ў адваротным парадку.

2) На эстрадзе — славесны ці пантамімічны камічны нумар (часам жарт, анекдот), які выконваецца акцёрамі размоўнага жанру, клоунамі (сола, дуэтам, групай).

3) У цырку — хада каня адным і тым жа алюрам; чаргаванне завершаных і звязаных паміж сабой трукаў, пасля якіх ідзе паўза.

Літ.:

Гл. да арт. Форма музычная.

Ю.​Дз.​Златкоўскі (музыка).

т. 14, с. 20

РЭПРЭЗЕНТАТЫ́ЎНАСЦЬ (франц. représentatif прадстаўнічы, паказальны ад лац. repraesentare прадстаўляць),

уласцівасць часткі адлюстроўваць характарыстыкі цэлага. Паняцце шырока выкарыстоўваецца ў статыстыцы, сацыялогіі і інш. дысцыплінах у межах т.зв. выбарачнага метаду, накіраванага на даследаванне цэлага (ген. сукупнасці) шляхам вывучэння яго часткі (выбарачнай сукупнасці); атрыманыя пры аналізе выбарачнай сукупнасці вынікі пашыраюцца на ўсю ген. сукупнасць. Адрозненні паміж характарыстыкамі выбарачнай і ген. сукупнасцей наз. памылкай Р. Велічыня такой памылкі паддаецца стат. разліку і залежыць ад характарыстыкі ген. сукупнасці, ступені вагання (адхілення) даследуемых параметраў, зададзенай ступені верагоднасці, выбранай методыкі разліку параметраў. Акрамя аб’ектыўных фактараў памылкі Р. бываюць суб’ектыўныя, напр., пры атрыманні выбарачных даных шляхам апытання. Актуальнасць праблемы Р. абумоўлена ростам даследаванняў, арыентаваных на вырашэнне практычных пытанняў сац. кіравання ў галінах прам-сці, нар. адукацыі, аховы здароўя і інш., вывучэнне дэмаграфічных і этнакульт. працэсаў, ростам патрэбнасці ў правядзенні сац.-паліт. маніторынгаў, развіццём парламентарызму, актывізацыяй дзейнасці паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў. Фармальная тэорыя Р. распрацоўваецца ў межах аднаго з раздзелаў матэматычнай статыстыкі — тэорыі выбарачнага метаду.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 14, с. 20

РЭПРЭСА́ЛІІ (позналац. repressaliae ад reprehendere стрымліваць, спыняць),

правамерныя прымусовыя дзеянні дзяржавы, накіраваныя на аднаўленне сваіх правоў, парушаных інш. дзяржавай, без пагрозы і ўжывання сілы. Міжнар. права забараняе Р., якія спалучаны з выкарыстаннем сілы (узброеныя Р.). Важная ўмова правамернасці Р. — абавязак дзяржаў, што маюць намер звярнуцца да Р., выкарыстаць мірную працэдуру спагнання шкоды, нанесенай правапарушэннем. Адмова дзяржавы-правапарушальніцы ад такой працэдуры або ад выканання рашэння, прынятага з прычыны выкарыстання гэтай працэдуры, адкрывае правамерную магчымасць для звароту да Р. Меры, што выкарыстоўваюцца ў якасці Р., павінны быць прапарцыянальныя правапарушэнню, якое іх выклікала, і спыняюцца з моманту аднаўлення становішча, якое яму папярэднічала.

т. 14, с. 20

РЭПРЭ́СІІ (ад позналац. repressio стрымліванне, задушэнне),

карныя меры, пакаранні, якія прымяняюць дзярж. органы з мэтай прыпынення, задушэння чаго.-н. (гл. таксама Рэпрэсіі палітычныя).

т. 14, с. 20

РЭПРЭ́СІІ ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ ў СССР,

розныя меры прымусу, якія ўжывалі ўлады СССР у адносінах да сваіх, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства па паліт. матывах. Ажыццяўляліся судамі або пазасудовымі органамі (т.зв. «тройкі», «двойкі», калегіі, асобыя нарады і інш.) ці ў адм. парадку органамі выканаўчай улады і службовымі асобамі і грамадскімі арг-цыямі з адм. паўнамоцтвамі. Р.п. ў СССР былі лагічным працягам рэпрэсій і тэрору перыяду грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, калі ў суд. і пазасуд. карнай практыцы прынцып права часта падмяняўся класавым падыходам і рэв. мэтазгоднасцю. На мяжы 1920—30-х г. камандна-адм. метады кіравання распаўсюдзіліся на большасць сфер грамадскага жыцця, дэмакр. сістэма прыняцця рашэнняў была выкраслена з жыцця грамадства. Рэзка абмежавалася самастойнасць ніжэйстаячых звёнаў выканаўчай улады і парт. органаў. Паступова выпрацоўвалася адзінства думак, якое падавалася нар. масам як вял. дасягненне ў сацыяліст. будаўніцтве. З пераходам да фарсіраванай індустрыялізацыі і суцэльнай калектывізацыі завяршыўся пераход ад паліт. рэжыму, у якім ген. лінія Кампартыі выпрацоўвалася ў ходзе супастаўлення і барацьбы думак, да рэжыму, дзе паліт. кіраўніцтва ажыццяўлялася на аснове жорсткай дысцыпліны. У СССР усталяваўся і пачаў умацоўвацца адм.-аўтарытарны рэжым, які пазней атрымаў назву адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Ва ўсіх сферах грамадскага жыцця была зроблена стаўка на дыктат. «Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва, — лічыў І.В.Сталін, — з’яўляюцца неабходным элементам наступлення». Разгортванню масавых рэпрэсій спрыяў культ асобы Сталіна, ва ўмовах якога кожная праява непавагі да яго дзейнасці каралася як контррэв. злачынства. Сярод інш. прычын на Р.п. паўплывалі знешнія ўмовы існавання СССР у капіталіст. акружэнні. З далучэннем да СССР у 1939—40 Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны, Бесарабіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі асаблівы размах набылі дэпартацыі насельніцтва на У СССР. У час Вял. Айч. вайны 1941—45 па абвінавачанні ў масавым супрацоўніцтве ці дапамозе ням. захопнікам дэпартаваны на У цэлыя народы: крымскія татары, калмыкі, немцы Паволжа, чэчэнцы, інгушы і інш. У пасляваен. перыяд былі рэпрэсіраваны многія ўдзельнікі антысав. руху ў Прыбалтыцы, Зах. Украіне і Зах. Беларусі. Буйнамаштабнай праявай Р.п. канца 1940—пач. 50-х г. была т.зв. Ленінградская справа. Паводле дакладной запіскі Ген. пракуратуры, мін-ваў юстыцыі і ўнутр. спраў СССР ад 1.2.1954, у 1921—53 па абвінавачанні ў контррэв. злачынствах было асуджана 3 777 380 чал., з якіх 642 980 чал. прыгавораны да расстрэлу. Большасць з іх была асуджана ў 1934—38. Масавыя Р.п. 1930 — пач. 50-х г. афіцыйна асуджаны на XX (1956) і XXII (1961) з’ездах КПСС. У 1954—61 рэабілітавана больш як 700 тыс. чал. Аднак з сярэдзіны 1960-х г. работа па рэабілітацыі была згорнута. З пач. перабудовы ў 1987 утворана Камісія Палітбюро ЦК КПСС па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, што мелі месца ў 1930—40-х і пач. 1950-х г. У наступныя гады выдадзены Пастанова Палітбюро ЦК КПСС «Аб дадатковых захадах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў» (5.1.1989), Указ Прэзідэнта СССР «Аб аднаўленні правоў усіх ахвяр палітычных рэпрэсій 20—50-х гадоў» (13.8.1990), Законы РСФСР «Аб рэабілітацыі рэпрэсіраваных народаў» (26.4.1991) і «Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій» (18.10.1991). У снеж. 1992 утворана Камісія пры Прэзідэнце Рас. Федэрацыі па рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій. Усяго ў канцы 1980 — пач. 90-х г. рэабілітавана каля 1 млн. чал.

Р.п. на Беларусі адбываліся ў тых жа ўмовах і на тых жа падставах, што і ў інш. рэспубліках СССР. У 1920—30-я г. на іх адбілася становішча БССР як нац. саюзнай рэспублікі, якая непасрэдна межавала з капіталіст. Захадам. У 1920-х г. тут, як і паўсюдна ў СССР, сфарміраваўся своеасаблівы рэпрэсіўны механізм, які ўключыў заканад. базу, а таксама сістэму суд., пазасуд. органаў і папраўча-працоўных лагераў (гл. ГУЛАГ). Непасрэднымі выканаўцамі палітыкі Р.п. на Беларусі былі рэсп. ўстановы і мін-вы сістэмы ВЧК, АДПУ, НКУС, НКДБ, МДБ, МУС і КДБ. Усяго ў перыяд масавых Р.п. (1917—53) пацярпелі каля 600 тыс. жыхароў Беларусі. З іх 250 449 чал. асуджаны судамі ці пакараны рашэннямі пазасуд. органаў («двоек», «троек», асобых нарад, калегій АДПУ, НКУС, МДБ і інш.). У гэтую лічбу ўваходзяць і асуджаныя за калабарацыянізм (гл. Калабарацыяністы) у гады Вял. Айч. вайны 1941—45. Астатнія былі рэпрэсіраваны (пераважна дэпартаваны, высланы, сасланы) у адм. парадку. Найб. размах Р.п. прыпаў на 1937—38. У 1935—40 куды ўваходзіць і гэты перыяд, ад Р.п. пацярпелі 86 168 жыхароў Беларусі, з іх 28 425 расстраляны. Усяго ў ліст. 1917 — крас. 1953 за контррэвалюцыйныя злачынствы да смяротнай кары прыгаворана 35 868 чал. У сувязі з калектывізацыяй і раскулачваннем у 1920—30-я г. рэпрэсіравана і выслана за межы рэспублікі больш за 250 тыс. сялян і членаў іх сямей. Рэпрэсіі па абвінавачанні ў нацыянал-дэмакратызме (з канца 1920-х г.) выліліся ў расправу над прадстаўнікамі навукі, л-ры, мастацтва, работнікамі шэрагу наркаматаў рэспублікі. З 826 чал., якія праходзілі па спісе ўдзельнікаў бел. нац. руху 1917—24, былі рэпрэсіраваны ўсе, хто застаўся пражываць у СССР. У 1930-я г. больш за палавіну свайго асабістага складу страціў у выніку рэпрэсій Саюз пісьменнікаў Беларусі, практычна поўнасцю была разгромлена Бел. АН, у т. л. рэпрэсіраваны 26 акадэмікаў і 6 чл.-карэспандэнтаў. Кульмінацыяй расправы над нац. інтэлігенцыяй у 1930—31 стала справа «нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі» «Саюз вызвалення Беларусі», па якой арыштавана 108 чал. Р.п. закранулі ўсе без выключэння пласты насельніцтва Беларусі. Іх ахвярамі сталі таксама сав., парт., камсамольскія, ваен. кадры, супрацоўнікі праваахоўных органаў. У 1931—38 органамі АДПУНКУС БССР былі праведзены паліт. працэсы над удзельнікамі «Аб’яднанага антысавецкага падполля», «Беларускай аўтакефальнай царквы», «Беларускай народнай грамады», «Беларускага нацыянальнага цэнтра», «Беларускага філіяла меншавікоў», «Беларускага філіяла Прампартыі», «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», Польскай арганізацыі вайсковай, «Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)», «Партыі вызвалення сялян» і інш. Былі «выкрыты» таксама «контррэвалюцыйныя, шкодніцкія» арг-цыі амаль ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі, у т. л. ў наркаматах земляробства, аховы здароўя, асветы, трактарацэнтры, у галіне нарыхтоўкі сельгаспрадуктаў, папяровай прам-сці. Грамадзяне Беларусі ў значнай сваёй частцы неабгрунтавана прыцягваліся да адказнасці як удзельнікі антысав., контррэв. арг-цый і інш. З вер. 1939 рэпрэсіўная палітыка ўлад з У перамясцілася ў Зах. Беларусь, адкуль у 1939—41 дэпартавана больш за 100 тыс. чал. У выніку 2 пасляваен. аперацый па перасяленні (жн. 1951, крас. 1952) з Зах. Беларусі ў Сібір дэпартаваны 2079 сем’яў (каля 9000 чал.) Першая значная рэабілітацыя ахвяр Р.п. праведзена ў 1939—41 у адносінах да рэпрэсіраваных парт., дзярж. і ваен. дзеячаў. Усяго за 1930—40-я г. (і да пач. 1954) рэабілітавана больш за 35 тыс. жыхароў Беларусі. Распачатая з сярэдзіны 1950-х г. у сувязі з хрушчоўскай «адлігай» масавая рэабілітацыя ахвяр Р.п. у 2-й пал. 1960-х г. была згорнута. Новы імпульс гэты працэс набыў у час перабудовы. З 1990 у БССР, потым у суверэннай Рэспубліцы Беларусь пачала фарміравацца ўласная заканад. база па пытаннях рэабілітацыі і забеспячэння ахвяр Р.п. 21.12.1990 Вярх. Савет Беларусі зацвердзіў «Палажэнне аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20—50-х гадах». Яно прадугледжвала парадак аднаўлення працоўных, пенсіённых, жыллёвых і інш. правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій, а таксама кампенсацыю прычыненых ім маёмасных і інш. страт. У адпаведнасці з гэтым дакументам Савет Міністраў рэспублікі 29.12.1990 прыняў пастанову «Аб прадастаўленні льгот асобам, неабгрунтавана прыцягнутым да крымінальнай адказнасці ў перыяд рэпрэсій 20—50-х гадоў і ў далейшым рэабілітаваным». Пастанова Вярх. Савета БССР ад 6.6.1991 «Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20—50-х гадоў у Беларускай ССР» значна спрасціла працэдуру рэабілітацыі рэпрэсіраваных. У наступныя гады заканад. органамі і ўрадамі Рэспублікі Беларусь прыняты яшчэ некалькі дапаўненняў да пастаноў і падзаконных актаў па рэабілітацыі. Імі прадугледжаны разам з рэабілітацыяй грамадзян аднаўленне страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і маёмасных правоў. Усяго з 1954 да цяперашняга часу на Беларусі рэабілітавана больш як 200 тыс. рэпрэсіраваных. Рэабілітацыя працягваецца.

Літ.:

Реабилитация: Полит. процессы 30—50-х гг. М., 1991;

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-х гг. на Беларусі. 1994;

Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст.: Матэрыялы навук.-практыч. канф. Мн., 1998;

Земсков В. Политические репрессии в СССР (1917—1990 гг.) // Россия, XXI. 1994. № 1/2.

У.​І.​Адамушка.

т. 14, с. 20

РЭПТЫ́ЛІІ,

гл. Паўзуны.

т. 14, с. 22

РЭПУТА́ЦЫЯ (франц. réputation ад лац. reputatio абдумванне, роздум),

агульная думка пра годнасць ці недахоп чаго-н. у каго-н., грамадская ацэнка.

т. 14, с. 22

РЭ́РЫХ (Алена Іванаўна) (12.2.1879, С.-Пецярбург — 5.10.1955),

рускі філосаф. Жонка М.К.Рэрыха, маці С.М.Рэрыха. З 1919 жыла і працавала ў Англіі, з 1921 — у ЗША, з 1924 — у Індыі. Разам з М.​К.​Рэрыхам у 1923 заснавала Музей імя Рэрыха ў Нью-Йорку, у 1928 — Ін-т гімалайскіх даследаванняў «Урусваці» ў Індыі (названы ад духоўнага імя Р.), яго ганаровы прэзідэнт. Філас. погляды Р. фарміраваліся пад уплывам традыц. усх. і хрысц. вучэнняў і школ (С.​Вівеканда, Рамакрышна, «Бхагавадгіта», «Дабраталюбства», «Лам-рым Чэн-по» Цзон Ка Па і інш.). У гал. філас. працы «Вучэнне Жывой Этыкі» («Агні Ёга», кн. 1—14, 1924—38) прапанавала вучэнне, якое накіравана на фарміраванне духоўнай культуры Новай Эпохі («Сацья Югі») шляхам сінтэзу ўсх. і зах. філасофіі, рэлігіі, навукі і мастацтва. Распрацавала канцэпцыі касм. эвалюцыі чалавека і чалавецтва, псіхічнай энергіі, вучэнне пра бязмежнасць і іерархію Святла, пра сілу думкі і інш., якія аб’ядноўвае ідэя самаўдасканальвання чалавека праз засваенне духоўнай культуры. Пераклала на рус. мову «Сакрэтную Дактрыну» А.​П.​Блавацкай і «Пісьмы Махатм».

Тв.:

Учение Живой Этики. [Кн. 1—14). Рига;

М., 1989—96;

Преподобный Сергий Радонежский // Знамя Преподобного Сергия Радонежского. Новосибирск, 1991;

Письма Елены Рерих, 1929—1938. Т. 1—2. Мн., 1992;

Письма в Америку. Т. 1—4. М., 1996—99;

Основы буддизма. 3 изд. Рига, 1997;

Письма. Т. 1—3. М., 1999—2001, У порога Нового Мира. М., 2000.

Літ.:

Егорова М.Н. Некоторые основные аспекты учения «Живой Этики», или Агни Йоги // Филос. науки. 1995. №5/6;

1996. № 1—4;

Шапошникова Л.В. Сотрудница Космических Сил // Новая эпоха. 1999. № 1.

Р.​З.​Шайхатараў.

т. 14, с. 22