РЭПРЫ́ЗА (франц. reprise аднаўленне, паўтарэнне),
1) у музыцы — паўтарэнне адной або некалькіх тэм пасля іх развіцця або выкладання новага тэматычнага матэрыялу; адзін з кампазіцыйных сродкаў завяршэння вобразна-тэматычнага развіцця. Прынцып рэпрызнасці ляжыць у аснове большасці тыповых кампазіцыйных схем: 2-часткавай рэпрызнай, 3-часткавай, ронда, санатнай, канцэнтрычнай і інш. У санатнай форме Р. — дакладнае або відазмененае паўтарэнне экспазіцыйнага матэрыялу. Р. можа значна адрознівацца ад экспазіцыі, што абумоўлена вобразным развіццём, зместавай канцэпцыяй твора. Існуюць таксама несапраўдная Р., дзе пач. тэма ўзнаўляецца ў неасноўнай танальнасці, і люстраная Р., у якой выкладзены матэрыял узнаўляецца ў адваротным парадку.
2) На эстрадзе — славесны ці пантамімічны камічны нумар (часам жарт, анекдот), які выконваецца акцёрамі размоўнага жанру, клоунамі (сола, дуэтам, групай).
3) У цырку — хада каня адным і тым жа алюрам; чаргаванне завершаных і звязаных паміж сабой трукаў, пасля якіх ідзе паўза.
Літ.:
Гл. да арт. Форма музычная.
Ю.Дз.Златкоўскі (музыка).
т. 14, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)