РЭПРЭЗЕНТАТЫ́ЎНАСЦЬ (франц. représentatif прадстаўнічы, паказальны ад лац. repraesentare прадстаўляць),
уласцівасць часткі адлюстроўваць характарыстыкі цэлага. Паняцце шырока выкарыстоўваецца ў статыстыцы, сацыялогіі і інш. дысцыплінах у межах т.зв. выбарачнага метаду, накіраванага на даследаванне цэлага (ген. сукупнасці) шляхам вывучэння яго часткі (выбарачнай сукупнасці); атрыманыя пры аналізе выбарачнай сукупнасці вынікі пашыраюцца на ўсю ген. сукупнасць. Адрозненні паміж характарыстыкамі выбарачнай і ген. сукупнасцей наз. памылкай Р. Велічыня такой памылкі паддаецца стат. разліку і залежыць ад характарыстыкі ген. сукупнасці, ступені вагання (адхілення) даследуемых параметраў, зададзенай ступені верагоднасці, выбранай методыкі разліку параметраў. Акрамя аб’ектыўных фактараў памылкі Р. бываюць суб’ектыўныя, напр., пры атрыманні выбарачных даных шляхам апытання. Актуальнасць праблемы Р. абумоўлена ростам даследаванняў, арыентаваных на вырашэнне практычных пытанняў сац. кіравання ў галінах прам-сці, нар. адукацыі, аховы здароўя і інш., вывучэнне дэмаграфічных і этнакульт. працэсаў, ростам патрэбнасці ў правядзенні сац.-паліт. маніторынгаў, развіццём парламентарызму, актывізацыяй дзейнасці паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў. Фармальная тэорыя Р. распрацоўваецца ў межах аднаго з раздзелаў матэматычнай статыстыкі — тэорыі выбарачнага метаду.
С.А.Яцкевіч.
т. 14, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)