РЭПРАДУ́КЦЫЯ (ад рэ... + лац. productio стварэнне),

узнаўленне і размнажэнне выяў (малюнкі, чарцяжы, карціны, фотаздымкі, тэксты, дакументы і інш.) фатаграфічным або паліграф. спосабам; узноўлены сродкамі друку малюнак, карціна, фотаздымак. Узнікла ў графіцы 16 ст. для капіравання твораў мастацтва (рэпрадукцыйная гравюра ў розных тэхніках), з 2-й пал. 19 ст. ручныя спосабы рэпрадуктавання выцеснены фотамеханічнымі. Р. характарызуюць колькасць фарбаў на адбітку (адна-, двух- і шматколерныя), спосаб друку (афсетны ці глыбокі друк, фотатыпія, шаўкаграфія і інш.), матэрыял, на якім робяць адбітак (папера, бляха, каленкор, цэлафан і інш.). Р. называецца факсімільнай, калі пры ўзнаўленні дакладна перадаюцца змест і ўсе асаблівасці аб’екта.

т. 14, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)