Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІНЯГУ́Б (Сяргей Сілавіч) (13.12.1851, с. Бяляеўка Вальнянскага р-на Запарожскай вобл., Украіна —2.11.1907),

расійскі рэвалюцыянер-народнік. З 1871 вучыўся ў Пецярб. тэхнал. ін-це. З 1872 чл. т-ва чайкоўцаў. Адзін з арганізатараў рабочых гурткоў у Пецярбургу і прапагандыстаў у асяроддзі рабочых. У 1873 арыштаваны і зняволены ў Петрапалаўскую крэпасць. Паводле «працэсу 193-х» (1877—78) асуджаны да 9 гадоў катаржных работ. Пакаранне адбываў на Кары. З 1881 на пасяленні ў Чыце. Аўтар успамінаў «Запіскі чайкоўца» (выд. 1929), рэв. вершаў, надрукаваных у нелегальных зборніках.

т. 14, с. 410

СІНЯ́К (Echium),

род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. звычайны (E. vulgare), нар. назвы печаніца, асацец, кепек. Трапляецца на сухіх схілах, сметніках, каля дарог. Інтрадукаваны С. плямісты (E. maculatum) і трыпутнікавы (E. plantagineum).

Адна-, двух-, радзей шматгадовыя цвёрдаваласістыя травы выш. 30—100 см. Сцёблы неразгалінаваныя, прамастойныя. Лісце чаргаванае, суцэльнае, суцэльнакрайняе. Кветкі ў густых завітках, сабраныя на верхавінцы сцябла ў складанамяцёлчатае або коласападобнае суквецце. Плод — арэшак. Усе часткі С. звычайнага ядавітыя (маюць алкалоіды). Лек., алейныя, фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сіняк звычайны.

т. 14, с. 410

СІНЯ́К (Gyroporus cyanescens),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ў жн.вер. на пясчанай глебе ў хвойніках і дубровах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 6—15 см, пукатая, потым распасцёртая, сухая, апушаная, светла-бурая або саламяна-жоўтая*. Мякаць белая, на зломе хутка і моцна сінее (адсюль назва). Трубачкі свабодныя з белымі або ружавата-бураватымі порамі. Ножка выш. 7—8 см, клубнепадобная, аднаго колеру з шапкай. Споры гладкія, яйцападобныя, светла-жаўтаватыя. Ядомы.

Сіняк.

т. 14, с. 410

СІНЯКО́Ў (Генадзь Мікалаевіч) (н. 30.1.1942, в. Болдырава Кесавагорскага р-на Цвярской вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1964). З 1966 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі, фотахіміі, люмінесцэнцыі біялагічна важных тэтрапірольных малекул. Вызначыў асаблівасці электроннай будовы аніёнаў хларафілападобных злучэнняў. Устанавіў механізм фотахім. аднаўлення парфірынаў.

Тв.:

Промежуточные продукты реакции восстановления порфиринов и их строение (разам з А.​М.​Шульгой, Г.​П.​Гурыновічам) // Биофизика. 1978. Т. 23, № 1;

Взаимодействие анионных форм Fe-октаэтилпорфирина с метанолом // Журн. прикладной спектроскопии. 2000. Т. 67, № 5.

т. 14, с. 410

СІНЯ́ЎКА,

вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., каля р. Нача, на скрыжаванні аўтадарог на Клецк, Ганцавічы, Слуцк, Івацэвічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Клецк, 144 км ад Мінска. 1728 ж., 714 двароў (2001). Мэблевая ф-ка, лесаапр. цэх, філіял дарожна-рамонтнага ўпраўлення. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — паштовая станцыя (1-я пал. 19 ст.).

Вядома з канца 15 ст. ў складзе Клецкага княства. З 1552 Мястэчка, уласнасць каралевы Бонь; Сфорца, у 1568—1690 у Клецкай ардынацыі кн. Радзівілаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Слуцкага пав. Мінскай губ. З 19 ст. адзін з цэнтраў вытв-сці ганчарных вырабаў (гл.Сіняўская кераміка). У 1886 у С. 144 ж., 24 двары, валасная ўправа. 2 царквы, сінагога, яўр. малітоўны дом, школа, паштовая станцыя, 7 крам, у 1905 каля 500 ж. З 29.7.1920 у Нясвіжскім пав. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Клецкага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі летам 1941 стварылі тут гета, у якім у чэрв. 1942 правялі масавы расстрэл яўрэяў (загінула каля 700 жыхароў вёскі). У 1962—66 у Нясвіжскім р-не.

т. 14, с. 410

СІНЯ́ЎСКАЯ (Тамара Ільінічна) (н. 6.7.1943, Масква),

расійская спявачка (мецца-сапрана). Жонка М.​Магамаева. Нар. арт. Расіі (1976). Нар. арт. СССР (1982). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1970). З 1964 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Валодае голасам рэдкай прыгажосці і насычанасці гучання. Сярод партый: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Камісар («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава). Гран-пры Міжнар. конкурсу вакалістаў у Верв’е (Бельгія, 1969), 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе імя Чайкоўскага (Масква, 1970).

Літ.:

Гусев А.И., Хачатурова Н.А. Т.​Синявская: Творч. портрет. 2 изд. М., 1988.

Т.І.Сіняўская.

т. 14, с. 410

СІНЯЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

бел традыцыйныя ганчарныя вырабы з вёсак Сіняўка, Ганявічы, Масцілавічы, Забалатнікі Клецкага р-на Мінскай вобл. У 19—1-й пал. 20 ст. працавала каля 200 ганчароў. Выраблялі чорназадымлены і гартаваны посуд гасп. прызначэння: гаршкі, міскі, гладышы, макатры і інш. Фармоўка з буйназярністай масы на нажным ганчарным крузе вызначала асн. асаблівасці С.к.: простыя, лаканічныя прысадзістыя формы сінявата-чорнага колеру (чорназадымленыя) ці аздобленыя чорна-карычневымі плямамі на тэракотавай шурпатай паверхні чарапка з украпінамі жарствы (гартаваныя). Найб. вядомыя майстры 1940—70-х г.: К.​Дудук, Ф.​Вашчыла. З пач. 1980-х г. промысел не існуе.

Я.​М.​Сахута.

Сіняўская кераміка.

т. 14, с. 410

СІНЯ́ЎСКІ (Іван Іванавіч) (22.6.1919, в. Жажэлка Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 15.9.2001),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1941) У 1946—78 настаўнічаў. Дэбютаваў вершамі ў 1936. Кн апавяданняў «Ой, рэчанька, рэчанька...» (1962), «Вернасць» (1971), аповесць «Заранка» (1971) прысвечаны калгаснай вёсцы. Раман «Дарога на Замлынне» (1980) пра подзвіг народа ў Вял. Айч. вайну. Аўтар аповесцей «На правым флангу» (1964, пра Героя Сав. Саюза П.​І.​Купрыянава) і «Сінія вочы» (1986, пра вёску напярэдадні калектывізацыі). Пісаў для дзяцей пра станаўленне і фарміраванне характару падлеткаў, пошук імі мэты і сэнсу жыцця: зб-кі апавяданняў «У навальніцу» (1949), «Новая школа» (1951), «Піянерскі гальштук» (1955), «Дабрадзейка» (1960), «Марка» (1969).

Тв.:

А вяселля не было: Аповесці. Апавяданні. Мн., 1989;

Вярыгі: Раман. Мн., 2001.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 410

СІ́НЯЯ,

рака ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Свіслач (бас. р. Дняпро). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 508 км². Цячэ на Пд Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Пачынаецца за 3 км на З ад в. Паплавы, вусце за 2,8 км на ПнУ ад в. Цяплухі. Рэчышча каналізаванае. Асн. прытокі: Пратасевіцкі канал (злева) і Каранскі канал (справа). На рацэ г. Асіповічы.

т. 14, с. 411

«СІ́НЯЯ БЛУ́ЗА»,

савецкі тэатр малых форм; від агітацыйнай эстрады ў 1923 — пач. 1930-х г. Узнікла ў Маскоўскім ін-це журналістыкі на базе «жывой газеты»; першапачаткова тэатр.-эстрадны калектыў (удзельнікі выступалі ў сіняй рабочай блузе — адсюль назва). Ініцыятар стварэння і кіраўнік Б.​С.​Южанін. Выступалі ў клубах, цэхах фабрык і заводаў. Выкарыстоўваўся агітацыйна-паліт. рэпертуар з надзённай тэматыкай; у паказах спалучаліся героіка і патэтыка, сатыра і гумар. Праграмы будаваліся на калект. дэкламацыі, прыпеўках, фізкультурных танцах і інш. «С.б.» паслужыла асновай для стварэння шэрагу прафес. т-раў і дала штуршок да пошукаў новых форм тэатр. і эстрадных прадстаўленняў, паўплывала на развіццё маст. самадзейнасці, на рабочы т-р за мяжою. На Беларусі інтэнсіўны рух «С.б.» пачаўся ў 1924—25 пасля гастролей у Мінску «С.б.» Маскоўскага гар. савета прафсаюзаў. Гурткі «С.б.» існавалі амаль пры кожным клубе рабочых прадпрыемстваў Мінска, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Полацка, Барысава, Бабруйска і інш.

т. 14, с. 411