ДЫ́СКА (Disco),
самы вялікі востраў у моры Бафіна, каля зах. берагоў Грэнландыі, уладанне Даніі. Пл. 8,6 тыс. км². Расчлянёнае, у асноўным базальтавае плато. Выш. да 1919 м. 1/5 вострава ўкрыта ледавікамі. Радовішчы бурага вугалю і жал. руды. Порт Кекертарсуак (Годхаўн).
т. 6, с. 292
ДЫСКАВА́ННЕ,
дробная апрацоўка глебы на глыб. 5—15 см дыскавымі лушчыльнікамі або баронамі. Тэхналагічны прыём Д. — рыхленне зніжае страты вільгаці на выпарэнне і ўзмацняе яе прыток з ніжэйшых гарызонтаў глебы, знішчае пустазелле, паскарае мінералізацыю раслінных рэшткаў. Д. зніжае шчыльнасць, павышае порыстасць, аэрацыю глебы. У сістэме зяблевага ворыва шырока выкарыстоўваецца для папярочнага разроблівання пластоў пасля ўзворвання цаліны, дзярніны шматгадовых траў, малапрадукцыйных лугоў і пашы, выраўноўвання камлыжыстай раллі, перадпасяўной апрацоўкі азімых і яравых культур.
Л.В.Круглоў.
т. 6, с. 292
ДЫСКАМІЦЭ́ТЫ (Discomicetes),
група парадкаў сумчатых грыбоў падкласа эўаскаміцэтаў. Вядома каля 6 тыс. відаў з 6 парадкаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі 44 віды з парадкаў гелацыяльныя, пецыцыяльныя, труфелевыя, фацыдыяльныя. Сапратрофы, актыўныя разбуральнікі раслінных рэшткаў. Мікарызаўтваральнікі. Ёсць паразіты раслін (напр., склератынія). Ядомыя смаржок, страчок, труфелі.
Пладовыя целы (апатэцыі) з раскрытым адразу або ў стадыі спеласці гіменіем, які знаходзіцца пераважна на ўвагнутай паверхні (дыску); сядзячыя ці на ножках, часта ярка афарбаваныя (чырвоныя, жоўтыя, аранжавыя і інш.), ад амаль непрыкметных да буйных (да 26 см). Марфал. асаблівасці апатэцыяў — важная таксанамічная прыкмета Сумкі большасці Д. выцягнута-авальныя, перамяжоўваюцца з простымі ці разгалінаванымі парафізамі (стэрыльныя ніткі). Сумкаспоры пераважна аднаклетачныя.
т. 6, с. 292
ДЫ́СКАНТ (ад дыс... + лац. cantus спевы),
1) від шматгалосся 12—15 ст. Першапачаткова тэрмін абазначаў 2-галоссе ў сінхронным рытме («нота супраць ноты») і пераважна з супрацьлеглым рухам галасоў.
2) Высокі дзіцячы пеўчы голас з дыяпазонам c1—a2, а таксама яго партыя ў хоры ці вак. ансамблі.
3) Верхні голас у 4-галосым выкладанні (тое, што сапрана).
4) Дышкант — высокі саліруючы галас у данскіх казацкіх песнях і песнях усх. абласцей Украіны і Беларусі (наз. таксама падводка, гаравік).
5) У 16—17 ст. назва самага высокага інструмента ў сям’і (напр., Д.-віёла, Д.-трамбон і інш.).
6) Арганны рэгістр.
т. 6, с. 292
ДЫСКАТЭ́КА (ад грэч. diskos дыск + thēkē умяшчальня, сховішча),
1) збор грамафонных пласцінак (дыскаў).
2) Маладзёжная танцавальна-забаўляльная ўстанова, дзе музыка і танцы суправаджаюцца, як правіла, каментарыямі дыск-жакея.
т. 6, с. 292
ДЫСКЕ́ТА (англ. diskette),
носьбіт інфармацыі ў персанальных ЭВМ; тонкі гнуткі пластмасавы дыск, пакрыты магн. слоем з аднаго ці з абодвух бакоў. Выкарыстоўваецца ў якасці знешняй памяці прамога доступу. Гл. таксама Магнітны дыск.
т. 6, с. 292
ДЫСКО́НТ (англ. discount),
1) спагнанне банкам пэўнай часткі намінальнага кошту вэксаляў, чэкаў, інш. каштоўных папер у выпадку скупкі іх да тэрміну пагашэння.
2) Працэнт ад кошту вэксаля, які спаганяецца пры набыцці яго да тэрміну пагашэння. Памер Д. залежыць ад дысконтнай (уліковай) стаўкі, намінальнага кошту і тэрміну пагашэння. Гл. Дысконтная палітыка.
т. 6, с. 292
ДЫСКО́НТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
адна з асноўных (з дэвізнай палітыкай) форм ажыццяўлення валютнай палітыкі дзяржавы. Праводзіцца шляхам павышэння або паніжэння ўліковай стаўкі з мэтай уздзеяння на аб’ём крэдыту ў краіне, тэмп інфляцыі, а таксама стан плацежнага балансу і валютны курс і ў выніку на эканоміку ў цэлым.
т. 6, с. 292
ДЫСКРЫМІНА́НТ [ад лац. discriminans (discriminantis) які распазнае, раздзяляе] алгебраічнага ўраўнення, выраз, які складаецца з каэфіцыентаў ураўнення і ператвараецца ў нуль у тым і толькі ў тым выпадку, калі сярод каранёў ураўнення ёсць роўныя. Напр., Д. квадратнага ўраўнення x2+px+q=0 роўны p2-4q, кубічнага ўраўнення x3+px+q=0 роўны -4p3-27q2.
т. 6, с. 293