ДЫСКАМІЦЭ́ТЫ (Discomicetes),

група парадкаў сумчатых грыбоў падкласа эўаскаміцэтаў. Вядома каля 6 тыс. відаў з 6 парадкаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі 44 віды з парадкаў гелацыяльныя, пецыцыяльныя, труфелевыя, фацыдыяльныя. Сапратрофы, актыўныя разбуральнікі раслінных рэшткаў. Мікарызаўтваральнікі. Ёсць паразіты раслін (напр., склератынія). Ядомыя смаржок, страчок, труфелі.

Пладовыя целы (апатэцыі) з раскрытым адразу або ў стадыі спеласці гіменіем, які знаходзіцца пераважна на ўвагнутай паверхні (дыску); сядзячыя ці на ножках, часта ярка афарбаваныя (чырвоныя, жоўтыя, аранжавыя і інш.), ад амаль непрыкметных да буйных (да 26 см). Марфал. асаблівасці апатэцыяў — важная таксанамічная прыкмета Сумкі большасці Д. выцягнута-авальныя, перамяжоўваюцца з простымі ці разгалінаванымі парафізамі (стэрыльныя ніткі). Сумкаспоры пераважна аднаклетачныя.

т. 6, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)