Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЮЦКО́ (Анатоль Андрэевіч) (н. 4.8. 1952, г. Віцебск),

бел. мастак. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1979). Працуе ў тэхніках алейнага жывапісу, гуашы і акварэлі. Творы вызначаюцца кампазіцыйнай напружанасцю, кантрастнымі колеравымі спалучэннямі, падкрэсленай дэкаратыўнасцю; пейзаж у карцінах перадае праз урбаністычныя і асацыятыўныя імправізацыі: «Віцебску прысвячаецца» (1983), «Мой горад» (1987), «Мастак і яго мадэлі» (1988), «Жывы арганізм» (1990), «Мастак і горад» (1992), «Імправізацыя» (1997); серыі «Парушэнне экалогіі» (1987—89), «Горад над Дзвіной» (1987—97).

В.В.Шамшур.

А.Люцько. Імправізацыя. 1997.

т. 9, с. 413

ЛЮ́ЦЫНСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

сярэдняя навуч. ўстанова бел. нац. меншасці ў Латвіі. Існавала ў 1922—25 у г. Люцын (цяпер г. Лудза). Засн. 1.9.1922 як прыватная гімназія бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына». Мела 4 класы (80—85 вучняў). Са жн. 1923 на ўтрыманні Бел. аддзела пры Мін-ве асветы Латвіі. Дырэктарамі гімназіі ў розны час былі Г.С.Плыгаўка, К.Б.Езавітаў, У.В.Пігулеўскі і інш. У гімназію набіралі вучняў з 30 навакольных пач. бел. школ. Навучэнцы выдавалі літ. час. «Ластаўка», удзельнічалі ў драм. гуртку, збіралі і запісвалі бел. фальклор. Закрыта 12.8.1925 уладамі Латвіі. Частка вучняў вярнулася дадому, некаторыя паступілі ў рас. школы, 34 вучні працягвалі вучобу ў Дзвінскай дзярж. бел. гімназіі.

С.С.Панізнік.

т. 9, с. 413

ЛЮ́ЦЫНСКІ МО́ГІЛБНІК,

могілкі латгалаў 9—10 ст. каля г. Лудза (ранейшая назва Люцын) у Латвіі. Адкрыты Е.Р.Раманавым у 1890. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, трупаспаленне і пахаванне адных рэчаў. У жаночых пахаваннях знойдзена шмат бронзавых упрыгожанняў (нагрудныя ланцужкі, вітыя і пласціністыя грыўні, бранзалеты са змяінымі галоўкамі на канцах, пярсцёнкі, трапецападобныя падвескі і інш.); у мужчынскіх — жал. наканечнікі дзідаў, сякеры, масіўныя бранзалеты, якія выконвалі ролю кастэтаў. Багатых пахаванняў няшмат, але яны выразна адрозніваліся ад звычайных пахаванняў, што сведчыць пра значную сац. дыферэнцыяцыю.

т. 9, с. 413

ЛЮЦЫФЕРА́ЗЫ,

ферменты, якія ўдзельнічаюць у працэсе біялюмінесцэнцыі святлівых арганізмаў; каталізуюць аэробнае акісленне люцыферынаў. Знаходзяцца ў фотагенных клетках ці спецыялізаваных органах свячэння гэтых арганізмаў. Л. розняцца паводле будовы і аптымальных умоў уздзеяння на субстраты.

т. 9, с. 413

ЛЮЦЭ́РН (Luzern),

горад у цэнтр. ч. Швейцарыі. Адм. ц. кантона Люцэрн. Засн. каля 1180. Каля 70 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Фірвальдштэцкім воз. Прам-сць: маш,буд., прыладабуд., швейная, паліграф., харчовая. Музеі, у т.л. мастацкі і гістарычны. Скарбніца Гофкірхе. Гар. ўмацаванні з вежамі (пач. 15 ст.), Рыцарскі палаи, пазней езуіцкі калегіум (2-я пал. 16 ст.), драўляныя гатычныя масты Капельбруке (1333, згарэў у 1993, адбудаваны) і Шпроербруке (1408), ратуша (пач. 17 ст.), будынкі ў стылі барока (17—18 ст.). Штогадовыя муз. фестывалі. Кліматычны курорт. Турызм.

т. 9, с. 414

ЛЮЦЭ́РНА (Medicago),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. У культуры каля 8 тыс. гадоў. На Беларусі 3 дзікарослыя віды. Найб. вядомая Л. хмелепадобная (M. lupulina), расце ў пасевах, на схілах, засмечаных мясцінах. У культуры 2 віды Л.: пасяўная, або сіняя (M. sativa), і жоўтая, або серпападобная (M. falcata).

Адна- і шматгадовыя травы, радзей паўкусты і кусты. Сцёблы галінастыя. Каранёвая сістэма стрыжнёвая. даўж. да 5 м і болей. На каранях знаходзяцца клубеньчыкавыя бактэрыі. Лісце трайчастае з прылісткамі. Кветкі ў гронкападобных або галоўчатых суквеццях. Вяночак матыльковы. Плод — струк. Лек., алейныя, сідэральныя і меданосныя расліны.

У.П.Пярзднеў.

Люцэрна. 1 — пасяўная; 2 — жоўтая.

т. 9, с. 414

ЛЮЧЖО́Ў,

горад на Пд Кітая, на р. Люцзян, у Гуансі-Чжуанскім аўт. раёне. 609 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак. Лесапрамысл. цэнтр. Прам-сць: цяжкая, дрэваапр., металургічная, маш.-буд., хімічная.

т. 9, с. 414

ЛЮ́ЭС,

тое, што сіфіліс.

т. 9, с. 414

ЛЮ БАН (247? — 195 да н.э.),

адзін з кіраўнікоў паўстання 209—206 да н.э. ў Кітаі, заснавальнік дынастыі Хань. Паходзіў з сялян. У 209 далучыўся да паўстання супраць дынастыі Цынь, якое ўзначаліў Чэнь Шэн, пасля яго гібелі (208) камандуючы паўстанцкай арміяй. У 207 заняў сталіцу імперыі г. Сяньян. У 206—202 змагаўся з другім кіраўніком паўстанцаў — Сян Юем. У 202 абвясціў сябе імператарам Гаацзу. Скасаваў жорсткія законы Цынь Шыхуандзі, паменшыў падаткі. Аднавіў практыку раздачы зямель сваім сваякам і паплечнікам.

т. 9, с. 392

ЛЮ ШААЦЫ́ (1898, прав. Хунань, Кітай — 12.11.1969),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Кітая. Меў пед. адукацыю. Вучыўся ва ун-це працоўных Усходу ў Маскве (1921—22). З 1921 чл. Камуністычнай партыі Кітая (КПК), з 1927 ЦК КПК, з 1943 Палітбюро ЦК. З 1925 нам., потым старшыня Усекіт. федэрацыі працы. Пасля перавароту Чан Кайшы ў крас. 1927 у падполлі. З 1936 сакратар Паўн.-Кіт. бюро КПК. З 1937 у тыле яп. войск, сакратар Цэнтр.-Усх. бюро КПК, паліт. камісар 4-й арміі. З 1943 сакратар ЦК і нам. старшыні Нар. рэв. к-та ЦК К.ПК. З 1949 нам. старшыні цэнтр. нар. ўрада КНР. У 1954—59 старшыня Пастаяннага к-та Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў. З 1956 нам. старшыні ЦК КПК (да 1966). 3 крас. 1959 старшыня КНР. Афіц. пераемнік Мао Цзэдуна, але выступаў супраць усталявання ў КПК і краіне рэжыму яго асабістай улады. У час «культурнай рэвалюцыі» абвінавачаны ў рэвізіянізме, у кастр. 1968 зняты з усіх пасад і арыштаваны. Памёр у зняволенні. У 1980 рэабілітаваны.

т. 9, с. 414