ЛЮЦКО́ Аляксандр Міхайлавіч

(23.1. 1941, в. Чыжэвічы Салігорскага р-на Мінскай вобл. —4.9.1997),

бел. вучоны ў галіне ядз. фізікі і радыеэкалогіі. Канд. фіз.-матэм. н. (1969), праф. (1997). Скончыў БДУ (1963), дзе і працаваў у 1963—78 і з 1987. З 1992 рэктар створанага па яго ініцыятыве Міжнар. ін-та па радыеэкалогіі імя А.Сахарава (цяпер Міжнар. экалагічнага ун-та імя А.Сахарава). Навук. працы па ізатопнай біяінтраскапіі, радыеактыўных індыкатарах для біятэхналогій, вывучэнні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адзін з аўтараў падручнікаў для сярэдніх школ па асновах радыяцыйнай бяспекі.

Тв.:

Изотопная биоинтроскопия. М., 1973 (разам з А.Дз.Ляўковічам, А.М.Перцавым);

Фон Чернобыля. Мн., 1990.

І.Б.Ткачук.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)