СНІД, вірусная хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем імуннай сістэмы; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб. Як самаст. хвароба выяўлены ў 1981 у ЗША. Найб. пашыраны ў краінах Афрыкі, Азіі, Амерыкі. Узбуджальнік — вірус (ВІЧ — вірус імунадэфіцыту чалавека), які разбурае Т-лімфацыты і макрафагі. Узбуджальнік не перадаецца паветрана-кропельным шляхам, пры быт. кантактах, праз посуд. Заражэнне адбываецца пры палавых кантактах, праз кроў і яе прэпараты, органы, тканкі інфіцыраванага донара. Магчыма ўнутрывантробнае заражэнне плода праз плацэнту і ў час родаў.
Групы павышанай рызыкі — наркаманы, гомасексуалы, хворыя на венерычныя захворванні. СНІД уключае разнастайныя другасныя інфекцыі, неўралагічныя парушэнні, злаякасныя новаўтварэнні. Першасныя праявы СНІДу (ліхаманка, павелічэнне лімфавузлоў і інш.) узнікаюць у перыяд ад 3 сут да некалькіх месяцаў, другасныя, абумоўленыя непасрэдна дзеяннем ВІЧ (гнойна-запаленчыя працэсы, пнеўманіі і інш), цягнуцца ад некалькіх месяцаў да 8—10 гадоў.
Літ.:
Покровский В.В. Эпидемиология и профилактика ВИЧ-инфекции и СПИД. М., 1996;
ВИЧ-инфекция: клиника, диагностика и лечение. М., 2000.
назва тэрыторыі, якую насялялі стараж. плямёны сіндаў, а таксама іх дзяржавы ў 5—4 ст. да н.э. Знаходзілася на тэр. Таманскага п-ва (Расія). Асн. заняткамі жыхароў былі земляробства, рыбалоўства і гандаль. Як дзяржава С. склалася ў 5 ст. да н.э. ў выніку войнаў сіндаў са скіфамі, што прывяло да ўзмацнення ўлады сіндскіх военачальнікаў. Вызначалася найб. ступенню элінізацыі ў параўнанні з інш. абласцямі Прычарнамор’я. У 4 ст. да н.э. страціла самастойнасць і ўключана ў склад Баспорскага царства.
СІНДЫКА́Т (ням. Syndikat ад грэч. syndikos які дзейнічае сумесна),
1) пагадненне картэльнага тыпу, якое прадугледжвае, што яго ўдзельнікі збываюць свае тавары праз адзіную гандл. кантору (звычайна ствараецца ў выглядзе акц.т-ва або т-ва з абмежаванай адказнасцю), якая ажыццяўляе таксама закупкі для ўдзельнікаў С. Яны захоўваюць вытв. і юрыд. самастойнасць, але ў адрозненне ад картэля страчваюць камерцыйную незалежнасць 2) Аб’яднанне, у якое ўваходзяць прадпрыемствы, што вырабляюць масавую аднатыпную прадукцыю.
3) Назва прафес. саюзаў у некаторых краінах, напр. у Францыі.
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 230 відаў. Пашыраны ва ўмераных, трапічных і субтрапічных паясах. На Беларусі 1 від — С. пласкалісты (E. planum). Трапляецца на сухіх грывах у поймах рэк, пясчаных узлесках, уздоўж дарог. Інтрадукаваны С.: альпійскі (E. alpinum), аметыставы (E. amethystinum), гіганцкі (E. giganteum), палявы (E. campestre).
Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы з прамастойнымі галінастымі сцёбламі. Лісце чаргаванае, разнастайнай формы, часта скурыстае і калючазубчастае. Кветкі двухполыя, дробныя ў шчыльных галоўчатых суквеццях пераважна сіне-блакітнага колеру. Суквецці абкружаныя цвёрдымі лісцікамі абгорткі. Плод — сямянка. Калючы, моцна разгалінаваны С. палявы ўтварае перакаці-поле. Дэкар. (для зімовых букетаў і фларыстыкі), лек., харч., меданосныя расліны.
СІНЕ́КДАХА (ад грэч. synekdochē суперайманне, суаднясенне),
від метаніміі, заснаваны на замене аднаго паняцця другім на аснове суаднясення іх колькасных прыкмет. Выступае як сродак завастрэння ўвагі чытача на найб. значных маст. дэталях, якім у творы належыць важная роля ў эмацыянальна-псіхал. раскрыцці вобразаў, іх аўтарскай ацэнцы. Пашырана ўжыванне назвы часткі з’явы, прадмета ў значэнні цэлага:
Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты наяве і ў сне,
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.
(Я.Купала. «Роднае слова»)
Часам назва часткі замяняецца назвай цэлага:
Край калхідскі сёння ў славе,
І палескі краявід
Зменім мы, балоты сплавім,
Тут, брат, тысячы Калхід!
(П.Панчанка. «Слова пра Палессе»)
Сустракаецца замена множнага ліку адзіночным і наадварот.
Якія толькі стагоддзі
цябе не хрысцілі
ў сваіх Дняпрах, а ты
язычнікам так і застаўся, Човен.
(Р.Барадулін. «Трыпціх Ушаччыны»)
Разнавіднасць С. — ужыванне ўласных імён у значэнні агульных назоўнікаў:
Працы ў зорках — акіян бязмерны,
Важна, што мы здолелі пачаць.
Сотні новых Юрыяў і Германаў
У калысках ярасна крычаць.
(П.Панчанка. «У космас»)
СІНЕКЛІ́ЗА (ад грэч. syn разам + enklisis нахіленне),
вялікі (да некалькіх сотняў метраў, часам больш за 1 тыс.км у папярочніку) няправільна-авальнай ці акруглай формы пакаты прагін у межах платформы. Нахіл слаёў на крылах — долі градуса, на флексурах да 1°. Запоўнена магутнай тоўшчай (ад 3 да 8 км, радзей да 20 км) асадкавых або вулканагенна-асадкавых парод. Ускладнена структурамі 2-га (скляпенні, упадзіны), 3-га (валы, дэпрэсіі) і больш дробных парадкаў. Развіваюцца на працягу аднаго або некалькіх тэктанічных цыклаў, нярэдка над аўлакагенамі. Адрозніваюць С. накладзеныя, унаследаваныя, краявыя (вузлавыя), трапавыя і інш. Да С. часта прымеркаваны артэзіянскія, вугляносныя, саляносныя, нафтаносныя і інш. басейны. Тэрмін прапанаваны сав. геолагам А.П.Паўлавым у 1903. На тэр. Беларусі заходзіць ч.Маскоўскай сінеклізы. Гл. таксама Антэкліза.
царкоўная пасада ў сярэдневяковай Еўропе, якая прыносіла даходы, але не была звязана з выкананнем пэўных абавязкаў і знаходжаннем на месцы служэння. У пераносным сэнсе абазначае пасаду, якая добра аплачваецца, але не патрабуе асаблівых намаганняў.
СІНЕ́ЛЬНІКАВА (Людміла Мікалаеўна) (н. 24.7.1950, г. Варонеж, Расія),
бел. і рас. балерына. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыла Варонежскае харэагр. вучылішча (1968). Працавала ў т-рах оперы і балета Варонежа і Казані. У 1972—82 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Яе творчая індывідуальнасць найб. ярка выявілася ў партыях лірычнага плана. Сярод партый на бел. сцэне: Папялушка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Ева («Стварэнне свету» А.Пятрова), Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Ліза («Ліза і Кален» Л.Герольда), Радысачка («Чыпаліна» К.Хачатурана). Выконвала мазурку і прэлюд у балеце «Шапэніяна» на музыку Ф.Шапэна і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Варна, 1970).
СІНЕ́ЛЬНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (12.2.1855, г. Харкаў, Украіна — 19.4.1939),
расійскі і ўкраінскі рэжысёр, акцёр. Нар.арт. Украіны (1934). Нар.арт. Расіі (1934). З 1873 акцёр, пазней і рэжысёр у т-рах Харкава, Мікалаева, Казані і інш. У 1900—09 гал. рэжысёр Т-ра Корша ў Маскве, у 1910—13 трымаў антрэпрызу ў Харкаве і Кіеве. Рэфарматар правінцыяльнай сцэны, вял. ўвагу аддаваў акцёрскаму ансамблю. Увёў сістэму абанементаў і спектакляў для моладзі па зніжаных цэнах. Пасля 1917 у т-рах Саратава, Растова-на-Доне, з 1933 у Харкаўскім рус.драм. т-ры. Сярод лепшых пастановак: «Плады асветы» Л.Талстога (1893), «Дзядзька Ваня» А.Чэхава (1897), «Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава (1901), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1934), «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага (1935) і інш. Выкладаў у Харкаўскім тэатр. вучылішчы.
СІНЕ́НКА (Георгій Дзмітрыевіч) (н. 9.11.1923, с. Сватава Луганскай вобл., Украіна),
бел. літаратуразнавец, крытык. Канд.філал.н. (1970). Скончыў Харкаўскі ун-т (1950). Настаўнічаў, працаваў на ніве нар. асветы ў Беларусі. У 1970—94 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1960. Даследуе рус.-бел., бел.-балгарскія літ. ўзаемасувязі, праблемы развіцця сучаснай бел. прозы і паэзіі, жанры і стылі бел. л-ры. Аўтар манаграфій «Іван Навуменка», «Ніл Гілевіч» (абедзве 1981), «Ф.В.Гладкоў. Семінарый» (1982), «Насуперак канону» (1997, пра А.А.Лойку), арт. пра А.Адамовіча, М.Арочку, Гладкова, М.Даніленку, В.Карамазава, М.Лынькова і інш.