Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЗО́НАЎ (Мікалай Аляксеевіч) (8.4.1903, г. Цвер, Расія —31.1.1963),

бел. вучоны ў галіне электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Акад. АН Беларусі (1961), Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1959—61), д-р тэхн. н. (1948), праф. (1951). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1929). У 1948—52 кіраўнік работ па выяўленні мясц. энергет. рэсурсаў Беларусі для электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. З 1959 акадэмік-сакратар Аддзялення механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Акадэміі с.-г. навук Беларусі, з 1962 кіраўнік аддзела Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР (Мінск). Навук. працы па выкарыстанні электраэнергіі ў с.-г. вытв-сці, павышэнні каэф. магутнасці ў эл. устаноўках. Прапанаваў метады разліку асінхронных электрарухавікоў.

Тв.:

Справочник по применению электроэнергии в сельском хозяйстве. М., 1958 (у сааўт.);

Руководство для сельского электромонтера. 5 изд. М., 1960.

М.А.Сазонаў.

т. 14, с. 81

САЗО́НАЎ (Міхаіл Іванавіч) (н. 7.10.1938, г. Канск Краснаярскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне фізікі і тэхнікі плазмы. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Маскоўскі ун-т (1961). З 1976 у Брэсцкім тэхн. ун-це. Навук. працы па даследаванні нізкатэмпературнай плазмы, доўгіх эл. і турбулентных дуг, прыэлектродных працэсаў. Распрацаваў прамысл. плазматроны з высокім цеплавым і эл. ккдз.

Тв.:

Влияние газовой завесы на теплообмен между турбулентной дугой и стенкой разрядной камеры (у сааўт.) // Изв. Сиб. отд. АН СССР. Сер. техн. наук. 1975. №8, вып. 2;

Применение плазмотрона с межэлектродной вставкой для осаждения углеродных пленок (у сааўт.) // Физика плазмы и плазменные технологии. Мн., 1997. Т. 4.

т. 14, с. 81

Сазонаў Ігар Сяргеевіч

т. 18, кн. 1, с. 446

САІ́Д АХМА́Д (сапр. Саід Ахмад Хусанхаджаеў; н. 10.6.1920, Ташкент),

узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1980). Вучыўся ў Ташкенцкім ун-це (1940—41). Першы зб. апавяданняў «Падарунак» (1940). У творах «Ферганскія апавяданні» (1948), аповесці «Прыгавор» (1958) паказвае духоўнае аблічча рабочых і інтэлігенцыі, працу і гераізм народа. Раман «Гарызонт» (кн. 1—3, 1964—74) пра падзеі Вял. Айч. вайны. Аўтар зб-каў апавяданняў «Стэпавы беркут» (1960), «Мілыя маці» (1962), «Каштоўны камень Бадахшана» (1966), п’есы «Бунт нявестак» (1976) і інш. На бел. мову некат. творы С.А. пераклаў І.​Сакалоўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Журавли: Рассказы. Ташкент, 1964;

Пора возвращения аистов: Повесть и рассказы. Ташкент, 1979;

Горизонт. М., 1986.

Літ.:

Владимирова Н.В. Мастерство Саида Ахмада. Ташкент, 1973.

т. 14, с. 81

САЙГА́КІ (Saiginae),

падсямейства млекакормячых сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 2 роды, 2 віды: сайгак, або сайга (Saiga tatarica), і аронга, або чыру (Pantholops hodgsoni). Аронга пашырана ў высакагор’ях Тыбета, сайгак — у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Перадкаўказзі, Ніжнім Паволжы. Жыве статкамі ў стэпах і паўпустынях, робіць сезонныя вандроўкі. Празмерным промыслам да пач. 20 ст. сайгак быў амаль вынішчаны; у выніку ахоўных мер колькасць яго пагалоўя аднавілася.

У сайгака даўж. самцоў да 146 см, выш. ў карку да 80 см (у аронга да 100 см), маса да 50 кг; самкі драбнейшыя. Афарбоўка спіны і бакоў жаўтаватая, бруха белае. Галава вял., нос доўгі, рухавы, хобатападобны. Рогі светла-жоўтыя, паўпразрыстыя, даўж. да 40 см; самкі бязрогія. Расліннаедныя. Палігамы. Нараджаюць звычайна 2 дзіцянят. Аб’ект абмежаванага промыслу.

Сайгак.

т. 14, с. 82

СА́ЙГЁ (сапр. Сата Нарыкіё; 1118—1190),

японскі паэт. Быў афіцэрам гвардыі; пакінуўшы службу, стаў вандроўным манахам. Зберагліся зб. яго паэзіі «Санкасю», у які ўвайшло больш за 1500 вершаў жанру танка, і твор па паэтыцы ў запісе яго вучня «Гутаркі з Сайгё» («Сайгё-дансе»). Паэзія С. глыбока філасофская, грунтуецца на асэнсаванні вобразаў прыроды; у ёй дамінуе журботны настрой.

Тв.:

Рус. пер. — Горная хижина. СПб., 1999.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 14, с. 82

САЙГО́Н (Saigon),

назва горада Хашымін у В’етнаме да 1976.

т. 14, с. 82

СА́ЙДА,

горад на Пд Лівана. Адм. ц. мухафазы Паўд. Ліван. Вядомы з 4-га тыс. да н.э.; адзін з найстараж. фінікійскіх гарадоў-дзяржаў. Да 16 ст. наз. Сідон. Каля 300 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Порт на Міжземным м., канцавы пункт нафтаправода з Саудаўскай Аравіі, вузел аўтадарог. Прам-сць нафтаперапр. і харчовая. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя, аліўкі, вінаград, збожжавыя). Рыбалоўства. Археал. музей. Арх. помнікі: руіны фінікійскага храма і некропаля (10—5 ст. да н.э.); руіны замка св. Людовіка (12 ст.) і замка крыжаносцаў (13 ст.); вял. мячэць, караван-сарай (16—18 ст.). У горадзе і наваколлі — лагеры палесцінскіх бежанцаў.

т. 14, с. 82

СА́ЙДАВЫ КІТ,

гл. Сейвал.

т. 14, с. 82

САЙКО́ (Аляксандр Пятровіч) (н. 16.2.1954, в. Зубкі Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (2000). Скончыў БДУ (1976). З 1976 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі (з 2001 заг. лабараторыі). Навук. працы па квантавай электроніцы, фізіцы цвёрдага цела. Развіў тэорыю кагерэнтных нелінейнааптычных з’яў у крышталях пры моцным электрон-фанонным узаемадзеянні. Даў тлумачэнне бістабільнасці пругкіх і цеплавых характарыстык у аксідных звышправадніках.

Тв.:

Кооперативные нелинейнооптические явления... Мн., 1999;

К теории лазерной генерации на вибронных переходах примесных кристаллов // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 2001. Т. 119, вып. 2.

т. 14, с. 82