Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІЯЛАНЧЭ́ЛЬ

(італьян. violoncello памяншальнае ад violone кантрабас),

смычковы музычны інструмент скрыпічнай сям’і баса-тэнаровага рэгістра. Канструкцыя, як у скрыпкі, але віяланчэль большая па памерах. Даўж. корпуса 750—768 мм. Мае 4 струны. Настройка па квінтах: C, G, d, a. Дыяпазон C—a​2 і вышэй (у віртуозных творах). Прыёмы ігры тыя ж, што і на скрыпцы, але тэхніка больш абмежаваная. Натуецца ў басовым, тэнаровым і скрыпічным ключах. З’явілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. Класічныя ўзоры віяланчэлі створаны ў 17—18 ст. італьян. (А. і Н.Амаці, Дж.Гварнеры, А.Страдывары, К.Бергонцы), пазней франц. (Ж.Б.Вільём), рас. (І.Батаў, Я.Вітачак, Ц.Падгорны, Л.Гаршкоў) і інш. майстрамі. На Беларусі шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. ў прыдворных капэлах Нясвіжа, Слоніма, Гродна. У наш час віяланчэль — сольны, ансамблевы і арк. інструмент.

Літ.:

Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1—4. М.; Л., 1950—78;

Лазько А. Виолончель. М., 1965.

І.Дз.Назіна.

т. 4, с. 243

ВІЯЛЕ́НТЫ

(ад лац. violent нястрымны),

віды, найб. магутныя па здольнасці ўтвараць згуртаванні або ўкараняцца ў іх. Энергічна развіваюцца, захопліваюць тэрыторыю, утрымліваюць яе за сабой, прыгнечваюць сапернікаў больш моцнай энергіяй жыццядзейнасці і паўнатой выкарыстання рэсурсаў асяроддзя, становяцца дамінантнымі відамі ў згуртаванні (напр., дуб). Паняцце ўвёў сав. вучоны батанік і географ Л.Р.Раменскі (1936).

т. 4, с. 243

ВІЯЛЕ́-ЛЕ-ДЗЮК (Violett-le-Duk) Эжэн Эмануэль

(27.1.1814, Парыж — 17.9.1879),

французскі архітэктар, гісторык і тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў тэорыі і практыкі рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Рэстаўрыраваў шэраг франц. гатычных сабораў і замкаў (сабор Нотр-Дам у Парыжы, з 1845, разам з Ж.Б.Ласю; умацаванні Каркасона, замак П’ерфон і інш.). У гістарычна-тэарэт. працах імкнуўся выявіць агульныя заканамернасці архітэктуры, своеасаблівасць нац. школ, прыроду сярэдневяковага мастацтва («Тлумачальны слоўнік французскай архітэктуры», т. 1—10, 1854—68; «Гутаркі аб архітэктуры», т. 1—2, 1858—72, рус. пер. 1937—38; «Рускае мастацтва», 1877, рус. пер. 1879).

Літ.:

Pevsner N. Ruskin and Violett-le-Duk... London, 1969.

т. 4, с. 243

ВІЯ́Н (Vian) Барыс

(10.3.1920, г. Віль-д’Аўрэ, Францыя — 23.6.1959),

французскі пісьменнік, музыкант, аўтар і выканаўца песень. Дэбютаваў зб. «Сто санетаў пра каханне» (1941), раманам «Сумятня ў Ардэнах» (1942, выд. 1966). Вылучаюцца раманы «Пена дзён» (1947; аднайм. фантасмагарычная опера Э.Дзянісава, 1963), «Восень у Пекіне» (1947), п’еса «Усеагульная скуралупня» (паст. 1950). Пад псеўданімам Вернон Салівэн апублікаваў свае раманы «Я прыйду плюнуць на вашы магілы» (1946), «Мёртвыя аднаго колеру» (1947), «Знішчыць усіх вырадкаў» (1948), «Яны не разумеюць, што робяць» (1949), выдаўшы іх за пераклады амер. бестселераў. У 1950 пасля суд. разбору «як перакладчык» Віян абвінавачаны ў «зневажанні нораваў». Аўтар раманаў «Чырвоная трава» (1950), «Сэрцадзёр» (1953), зб. вершаў «Я не хацеў бы здохнуць» (1962), п’есы «Падвячорак генералаў» (паст. 1962), лібрэта опер «Снежны кавалер» (1957, муз. Ж.Дэлеру) і «Фіеста» (1958, муз. Д.Міё). Віян распрацаваў прынцыпова новую эстэтыку, якая папярэднічала постмадэрнізму. Пацыфізм і нон-канфармізм Віяна, непрыняцце яго героямі рэлігіі, дзяржавы і працы, геданізм і эскапізм засвоены маладзёжнай контркультурай 1960-х г.

Тв.:

Бел. пер. — Ваўкалак: [Апавяданне] // Французская навела XX ст. Мн., 1992;

Рус. пер. — Мёртвые все одного цвета. М., 1992;

Женщинам не понять. СПб., 1993;

Пена дней. Л., 1994;

Мурашки. М., 1994;

Сердцедер. М., 1994.

Літ.:

Ерофеев В.В. Борис Виан и «мерцаюшая эстетика» // Ерофеев В.В. В лабиринте проклятых вопросов: Эссе. 2 изд. М., 1996.

К.М.Міхееў.

т. 4, с. 243

ВІЯРДО́-ГАРСІ́Я (Viardot-Garsia) Паліна Мішэль

(18.7.1821, Парыж — 17/18.5.1910),

французская спявачка (мецца-сапрана), кампазітар. Дачка і вучаніца ісп. спевака М.Гарсія, сястра М.Малібран. Вучылася ў Ф.Ліста (фп.). У 1839—63 салістка Італьян. оперы ў Парыжы. Выступала на буйнейшых сцэнах Еўропы. Яе творчасць вылучалася віртуознай тэхнікай, глыбокім і экспрэсіўным увасабленнем муз.-сцэн. вобразаў: Сафо («Сафо» Ш.Гуно), Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.Глюка), Разіна, Папялушка, Дэздэмона («Севільскі цырульнік», «Папялушка», «Атэла» Дж.Расіні). Выкладала ў Парыжскай кансерваторыі (1871—75). Сярод яе вучняў Д.Арто. Аўтар камічных опер на лібр. І.С.Тургенева, рамансаў.

Літ.:

Розанов А. Полина Виардо-Гарсиа. 3 изд. Л., 1982.

т. 4, с. 243

ВІЯРЭ́ДЖА

(Viareggio),

прыморскі кліматычны курорт у Італіі. На ПнЗ ад г. Піза на беразе Лігурыйскага м. Вызначаецца субтрапічным міжземнаморскім кліматам, спрыяльным для лячэння многіх хвароб. Паблізу ад Віярэджа — кар’еры белага мармуру, у г. Піза — шматлікія помнікі архітэктуры і мастацтва.

т. 4, с. 243

ВІ-ГАЗ

(VX),

стойкае атрутнае рэчыва нервова-паралітычнага ўздзеяння. Бясколерная вадкасць, tкіп 300 °C. Мае высокую інгаляцыйную і скурна-рэзарбцыйную таксічнасць (смяротная доза пры рэзорбцыі праз скуру 8—10 мг).

т. 4, с. 139

«ВИ́ЛЕНСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

афіцыйная газета. Выдавалася Віленскім губернскім праўленнем з 1838 да 28.9(11.10).1916 на рус. мове. Выходзіла ў Вільні, у 1915 (№61—63) у Дзісне, потым у Туле з рознай перыядычнасцю. Мела афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы, распараджэнні, аб’явы, весці цэнтр. і мясц. улад. Неафіц. аддзел (у 1846—63 выходзіў як самаст., газета пад той жа назвай, з 1864 друкаваўся на апошняй старонцы газеты) асвятляў мясц. жыццё, друкаваў артыкулы па гісторыі, геаграфіі, эканоміцы, статыстыцы, культуры, нар. асвеце і інш. У розны час выдаваліся дадаткі да газ. «Асобныя артыкулы», «Дадаткі».

т. 4, с. 169

«ВИ́ЛЕНСКИЙ ВЕ́СТНИК»

(«Kurier Wileński»),

палітычная і літаратурная газета Паўн.-Зах. краю. Выдавалася з 1841 да 1915 у Вільні (з кастр. 1915 да 1916 у Гомелі) на польскай і рускай, з 1865 на рус. мове. Замяніла газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»). Рэдактары Э.І.Адынец, А.К.Кіркор, П.Р.Бывалькевіч і інш. Напачатку мела паланафільскі кірунак, пасля задушэння паўстання 1863—64 стала прапагандаваць рускамоўную школу, правасл. царкву і інш.

Пэўную папулярнасць газета мела ў 1860—65, калі яе рэдагаваў Кіркор; змяшчала матэрыялы па бел. этнаграфіі, гісторыі, л-ры; друкавала навук. працы і літ. творы В.І.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.І.Вярыгі-Дарэўскага, Я.Ф.Карскага, М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1870—90 асвятляла пытанні культуры і быту, пісала аб забавах віленскай знаці, заезджых знакамітасцях, зрэдку пра эканам. і паліт. жыццё Расіі і замежжа. Бел. праблемы газету мала цікавілі. Мела дадаткі: «Сельское чтение. Еженедельный народный журнал» (1877—78), «Виленский вестник. Телеграммы и вести о войне» (1904; 1914), «Виленский вестник. Еженедельное иллюстрированное приложение» (1905), «Вечерний Виленский вестник» (1915).

С.В.Говін.

т. 4, с. 169

«ВИ́ТЕБСКАЯ СТАРИНА́»,

гл. «Віцебская даўніна».

т. 4, с. 202