ВІШНЕ́ЎСКАЯ Кацярына Яфімаўна
(н. 25.12.1930, в. Старая Беліца Гомельскага р-на),
бел. вучоны ў галіне анкагінекалогіі. Д-р мед. н. (1985), праф. (1990). Правадз. чл. Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (1995). Скончыла Віцебскі мед. ін-т (1955). З 1960 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі. Навук. працы па метадах дыягностыкі, хірург., камбінаванага і прамянёвага лячэння злаякасных новаўтварэнняў геніталіяў.
Тв.:
Лимфография в онкогинекологии.
Мн., 1984 (разам з М.М.Аляксандравым); Рак шейки матки: Диагностика, хирургическое и комбинированное лечение. Мн., 1987; Клинико-рентгенологический атлас опухолей женских половых органов. Мн., 1992; Ошибки в онкогинекологической практике: Справ. пособие. Мн., 1994 (разам з Я.У.Бохманам); Справочник по онкогинекологии. 2 изд. Мн., 1994; Детская онкогинекология. Мн., 1997.
т. 4, с. 239
ВІШНЕ́ЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч
(24.5.1906, г. Казань, Расія — 19.11.1975),
савецкі хірург. Акад. АМН СССР (1957), ген.-палк. мед. службы (1963). Герой Сац. Працы (1966). Сын і вучань А.В.Вішнеўскага. Скончыў Казанскі ун-т (1929). Працаваў у ім, з 1931 у Ваенна-мед. акадэміі (Ленінград), з 1933 ва Усесаюзным ін-це эксперым. медыцыны. З 1948 дырэктар Ін-та хірургіі імя А.В.Вішнеўскага АМН СССР і адначасова (з 1956) гал. хірург Сав. Арміі. Навук. працы па мясц. анестэзіі, абязбольванні, гіпатэрміі і штучным кровазвароце пры аперацыях на сэрцы і лёгкіх, праблемах нерв. трофікі ў хірургіі, выкарыстанні палімераў у хірургіі. Упершыню ў свеце выканаў пад мясц. анестэзіяй аперацыю на сэрцы (1953), першую ў СССР аперацыю на «адкрытым сэрцы» ва ўмовах штучнага кровазвароту (1957). Ленінская прэмія 1960. Дзярж. прэмія СССР 1970.
Тв.:
Дневник хирурга. Великая Отечественная война 1941—1945 гг. М., 1967;
Избранные работы по хирургии и пограничным областям. Т. 1—2. М., 1970.
т. 4, с. 239
ВІШНЕ́ЎСКІ Аляксандр Васілевіч
(4.9.1874, аул Чыр’юрт, Дагестан — 13.11.1948),
савецкі хірург; заснавальнік сав. хірург. школы. Акад. АМН СССР (1947). Бацька А.А.Вішнеўскага. Скончыў Казанскі ун-т (1899). Да 1934 працаваў у ім (з 1912 праф.). З 1947 дырэктар Ін-та хірургіі АМН СССР (з 1948 носіць яго імя). Навук. працы па клінічнай і эксперым. хірургіі, вывучэнні трафічнай функцыі нерв. сістэмы. Распрацаваў метады мясц. анестэзіі, лячэння запаленчых і гнойных хвароб навакаінавай блакадай і масленабальзамічнай (мазь Вішнеўскага) павязкай. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Собр. тр. Т. 1—5. М., 1950—52.
т. 4, с. 239
ВІШНЕ́ЎСКІ Мікола
(Мікалай Аляксеевіч; 28.3.1910, г. Гомель — 17.3.1986),
бел. пісьменнік. Вучыўся ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (1932—33). Працаваў у прэсе, у 1952—67 нам. гал. рэдактара час. «Сельская гаспадарка Беларусі». Друкаваўся з 1933. Аўтар зб. апавяданняў «Скарб зямлі» (1951), прысвечанага людзям пасляваен. калгаснай вёскі, нарысаў, сцэнарыяў навук.-папулярных фільмаў.
т. 4, с. 239
ВІШНЕ́ЎСКІ (Wiszniewski) Міхал
(27.9.1794, с. Фірлеева Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 22.12.1865),
польскі гісторык літаратуры, філосаф, псіхолаг. Вучыўся ва ун-тах Зах. Еўропы. З 1831 праф. гісторыі, потым гісторыі л-ры Ягелонскага ун-та ў Кракаве. Асн. праца — «Гісторыя польскай літаратуры» (т. 1—10, 1840—57; даведзена да сярэдзіны 17 ст.). У ёй ёсць звесткі пра Ф.Скарыну, інш. прадстаўнікоў бел. рэнесансавай л-ры. Выдаў «Помнікі польскай гісторыі і літаратуры» (т. 1—4, 1835—37), куды ўключаны і бел. матэрыял. Вішнеўскі — апошні прадстаўнік філас. думкі польск. асветніцтва, папярэднік пазітывізму. У манаграфіі «Бэканаўскі метад тлумачэння прыроды» (1834) сфармуляваў праграму аб’яднання назірання і эксперыменту з матэматычнымі метадамі. Даследаванне «Тыпы чалавечых розумаў» (1837) — наватарская спроба тыпалагізацыі інтэлектаў, першая польск. праца ў галіне псіхалогіі.
Літ.:Dybiec J. Michał Wiszniewski: Życie i twórczošč. Wrocław etc., 1970.
А.В.Мальдзіс.
т. 4, с. 239
ВІШНЕ́ЎСКІ Уладзімір Мікалаевіч
(н. 17.2.1955, в. Балотчыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак, графік. Чл. Бел. акадэміі выяўл. мастацтва (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе пераважна ў галіне станковай і кніжнай графікі. Выкарыстоўвае складаныя графічныя тэхнікі. Сярод станковых твораў: серыі афортаў «Будаўніцтва чалавека» (1987—88), «Птушкаловы» (1987—89); «Дзяды», «Pieta (Чарнобыльская)» (1995—96), афорты «Сейбіт», «Белы і чорны анёлы», «Рука-пісьмо» (усе 1991) і інш. Аформіў зб. вершаў Я.Коласа «Родныя вобразы», выканаў іл. да кніг «Вянок беларускіх народных песень» (1988), «Палата кнігапісная» М.Нікалаева, «Янка і Ружа» і «Ці вернецца князь Кук?» У.Ягоўдзіка (усе 1993).
Л.Ф.Салавей.
т. 4, с. 239
ВІШНЕ́ЎСКІ Усевалад Віталевіч
(21.12.1900, С.-Пецярбург — 28.2.1951),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1920. П’есы «Першая конная» (1930), «Аптымістычная трагедыя» (1933), «Мы з Кранштата» (1933; кінасцэнарый аднайм. фільма 1936, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Незабыўны 1919-ы» (1949; Дзярж. прэмія СССР 1950) пра грамадз. вайну. Аўтар п’ес «Апошні рашаючы» (1931), «Каля сцен Ленінграда» (1944), рамана «Мы, рускі народ» (1937), незавершанай дакументальна-маст. эпапеі «Вайна» (1954). Адметныя асаблівасці творчай манеры Вішнеўскага-драматурга — паліт. тэндэнцыйнасць, эпічнасць, напружанасць развіцця дзеяння, майстэрства адлюстравання масавых сцэн. Выступаў як нарысіст-публіцыст.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—6. М., 1954—61.
Літ.:
Хелемендик В.С. Всеволод Вишневский. 2 изд. М., 1983.
т. 4, с. 239
ВІШНЕ́ЎСКІ Б.,
бел. мастак канца 19 — пач. 20 ст. У 1909 удзельнічаў у размалёўцы Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў. Выканаў фрэскі на сюжэты «Пакланенне вешчуноў» на паўн. і «Зняцце з крыжа» на паўд. сценах прэсбітэрыя. Размалёўкі вызначаюцца свабоднай трактоўкай кампазіцыі, выкарыстаннем элементаў нар. адзення.
т. 4, с. 239
ВІ́ШНЕЎСКІ КАСЦЁЛ МАРЫ́І,
помнік архітэктуры ранняга барока з элементамі рэнесансу. Пабудаваны ў 1637—41 у в. Вішнева (Валожынскі р-н Мінскай вобл.). Перабудаваны ў 1771 у стылі ракако (да нефа прыбудаваны 2 прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы, зменены інтэр’ер) і ў 1906 (дабудаваны 2-вежавы гал. фасад). Мураваны 1-нефавы храм з больш нізкай паўцыркульнай апсідай і бакавымі сакрысціямі, накрыты 2-схільным дахам з франтонам на гал. фасадзе. 3-ярусныя чацверыковыя вежы завершаны плаўна выгнутымі карнізамі, фігурнымі купалкамі. Сцены нефа крапаваны арачнымі нішамі, слаістымі пілястрамі, пілонамі, аздоблены паліхромнай арнаментальнай размалёўкай (мастак Ф.Рушчыц), скляпенні — геам. ляпным арнаментам 17 ст. Захаваліся каваныя дзверы 17 ст., разныя алтары 18 ст.
А.М.Кулагін.
т. 4, с. 240
ВІ́ШНЕЎСКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1780—1870 у мяст. Вішнева Ашмянскага пав. (цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Засн. Храптовічам як мануфактура. Працаваў на мясц. балотнай рудзе і драўняным вугалі. У першыя гады выраблялася за год 352—368 т жалеза (з-д працаваў па 40 тыдняў у год). У 1794 каваў зброю для паўстанцаў А.Т.Касцюшкі. У 1828 дзейнічалі плюшчыльная (пракатная) машына, ліцейня для плаўкі чыгуну, вадзяныя машыны, 2 вадзяныя молаты, 5 чыгунных кавадлаў і інш. Вырабляў сашнікі (5 тыс. штук у 1823), паласавое жалеза, адліўкі для с.-г. інвентару і пліт. У 1860 працавалі 2 домны, 3 вагранкі, 8 кавальскіх горнаў і інш., выраблена 160 т чыгуну; агульная колькасць апрацаванага металу каля 1 тыс. т. Працавалі ад 20 (канец 18 ст.) да больш за 200 (1853) рабочых. У сувязі з вычарпаннем радовішчаў мясц. руды і канкурэнцыяй у 1870 закрыты.
т. 4, с. 240