Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІМВО́ЛІКА,

1) арганізаваная сістэма сімвалаў, створаная чалавекам для спрашчэння перадачы інфармацыі. Характэрна для кожнай сферы матэрыяльнага і духоўнага свету чалавека: С. мовы, жэстаў, мастацтва, абрадаў, міфаў, паданняў, гульні, магіі і да т.п. Чалавек выступае ў якасці кіраўніка і каардынатара структурнай цэласнасці і функцыянальнасці С. У кожным грамадстве яна фарміруецца на пэўным этапе гіст. развіцця ў адпаведнасці з базавымі прынцыпамі канструявання ў грамадскай свядомасці касмалагічных і антрапалагічных вобразаў, уяўленняў пра мікра- і макракосм. С. падпарадкоўваецца прынцыпам паслядоўнасці (стварэнне на аснове аднолькавых перадумоў і матываў, агульных навук., эстэт. і этычных установак, што пануюць у грамадстве, сімвалаў, сінанімічных па змесце і форме), несупярэчнасці (адсутнасць сімвалаў, што маюць некалькі значэнняў, у т. л. процілеглых адно аднаму), усеагульнасці, абумоўленай сімвалічнай прыродай чалавечай культуры і заснаванай на неабходнасці мінімізацыі затрат пры апрацоўцы інфармацыі. На кожным з падраздзелаў С. (элементным, структурным, сістэмным) сімвал набывае семантычныя, стылістычныя і сэнсавыя нагрузкі. Чым больш строгая і менш скажоная сувязь паміж сімвалам і сутнасцю, якую ён сімвалізуе, тым вышэй роля семантычнага зместу ў функцыянальнай накіраванасці С. (напр., магічная і навук. С.). Чым больш складаныя і выразныя фармальныя якасці сімвала, тым вышэй значэнне стылістычных параметраў С. (напр., С. мастацтва і міфалогіі). Дамінаванне сэнсавага зместу сімвала выяўляецца ў дакладным адлюстраванні ў С. сац. норм і арыенціраў (напр., С. этыкету, рытуалаў, геральдыкі і інш.). Семантычная нагрузка С., адрозненне ад стылістычнай і сэнсавай, менш рухомая і з развіццём грамадства фактычна не мяняецца.

2) Навука, якая вывучае эвалюцыю семантыкі сімвалаў. Гал. праблемы С. — прырода сімвала; дынаміка ўзаемадзеяння сімвалаў у межах пэўнай сімвалічнай сістэмы; умовы супрацьстаўлення элементаў чужародных сімвалічных сістэм. Асн. прынцып С. — выкарыстанне прыёмаў і падыходаў сістэмнага аналізу. Гал. задача С. — выяўленне ступені скажэння значэння сімвалаў на кожным сістэмным падраздзеле (элементным, структурным і сістэмным). Часам у якасці сіноніма «С.» выкарыстоўваюць тэрміны «сімбалогія», «сімвалазнаўства», «сімволіказнаўства».

А.​Р.​Жаўняк, І.​І.​Мячыкава.

т. 14, с. 385

СІМЕІ́З,

прыморскі кліматычны курорт у Крыме, на ПдЗ ад г. Ялта, Украіна. Клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу. Прыродна-кліматычныя асаблівасці станоўча ўплываюць на правядзенне клімататэрапіі хворых на туберкулёз (профіль курорта). Санаторыі, дамы адпачынку, драбнагалечны пляж, вял. парк з вечназялёнымі дрэвамі і кустамі. Купальны сезон з чэрв. па кастрычнік.

т. 14, с. 385

СІМЕНО́Н ((Simenon) Жорж) (13.2.1903, г. Льеж, Бельгія — 4.9.1989),

французскі пісьменнік. Чл. Бельг. каралеўскай акадэміі (з 1952). З 1922 жыў у Францыі, з 1955 — у Швейцарыі. Падарожнічаў па Еўропе і Афрыцы, займаўся журналістыкай. Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам рус. л-ры. Друкаваўся з 1919. Славу прынеслі дэтэктыўныя раманы з сусв. вядомым героем камісарам Мегрэ: «Запіскі Мегрэ» (1950), «Мегрэ падарожнічае» (1958), «Мегрэ і бадзяга» (1963), «Мегрэ сумняваецца» (1968), «Мегрэ і мсье Шарль» (1972) і інш. У сац.-псіхал. раманах «Дом на канале» (1933), «Негрыцянскі квартал» (1935), «Бруд на снезе» (1948), «Браты Рыко» (1952), «Сын» (1957), «Прэзідэнт» (1958), «Турма» (1968), «І ўсё ж такі арэшнік зелянее» (1969) і інш. выкрываў расізм і галечу, каланіялізм і фашызм. Яго проза адметная ўважлівым стаўленнем да дэталі, дакладнай матывацыяй паводзін персанажаў, іх моўнай індывідуалізацыяй, псіхалагізмам у спалучэнні з займальнай інтрыгай і сюжэтным дынамізмам. Аўтар цыкла ўспамінаў «Я дыктую» (т. 1—21, 1975—81), літ.-крытычных прац, аўтабіягр. кніг, аповесцей і апавяданняў. Некат. яго творы экранізаваны. На бел. мову асобныя творы С. пераклалі Н.​Мацяш, А.​Асташонак.

Тв.:

Бел. пер. — Першая справа Мегрэ. Мн., 1982;

Пад страхам смерці: Раман, аповесці. Мн., 1992;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—20. М., 1991.

Літ.:

Шрайбер Э.Л. Жорж Сименон: Жизнь и творчество. Л., 1983.

Е.​А.​Лявонава.

Ж.Сіменон.

т. 14, с. 385

СІ́МЕНС ((Siemens) Эрнст Вернер) (13.12.1816, г. Гердэн, Германія —6.12.1892),

нямецкі электратэхнік і прамысловец. Чл. Берлінскай АН (1874). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1882). Скончыў Берлінскае артыл. інж. вучылішча. Атрымаў патэнт на ўдасканалены тэлегр. апарат (1847). У 1853—56 прымаў удзел у буд-ве тэлегр. ліній у Расіі, кіраваў стварэннем першай трамвайнай лініі на прамысловай выстаўцы ў Берліне (1879). Займаўся пытаннямі моцнатокавай электратэхнікі (эл. асвятленне, трамвай, электрастанцыі і інш.). Сканструяваў шэраг эл.-тэхн. прыстасаванняў і прылад (ртутны эталон супраціўлення, селенавы фатометр і інш.). Заснаваў эл.-тэхн. канцэрны «Сіменс і Гальске», «Сіменс і Шукерт» і інш. Яго імем названа адзінка эл. праводнасці — сіменс.

Літ.:

Радовский М.И. В.​Сименс, 1816—1892 // Пионеры машинной индустрии. М.; Л., 1937.

т. 14, с. 386

СІ́МЕНС,

адзінка электраправоднасці ў Міжнар. сістэме адзінак (СІ). Названа ў гонар Э.​В.​Сіменса. Абазначаецца См. С. роўны эл. праводнасці правадніка (участка эл. ланцуга) з эл. супраціўленнем 1 Ом: 1 См = 1 Ом−1. У практыцы вымярэнняў выкарыстоўваюцца кратныя і дольныя адзінкі: кіласіменс (10​3 См). мілісіменс (10​−3 См) і мікрасіменс (10​−6 См).

т. 14, с. 386

«СІ́МЕНС»

(Siemens),

буйная транснацыянальная карпарацыя Германіі па вырабе электроннага, энергасілавога, электратэхнічнага, мед., вайск і інш. абсталявання. Засн. Э.​В.​Сіменсам у Берліне ў 1847. На 1.1.2001 на прадпрыемствах «С.», якія знаходзяцца ў 190 краінах свету, працавала больш за 440 тыс. чал. У 1999/2000 фін. годзе грашовае абарачэнне карпарацыі склала 78,4 млрд. еўра, прыбытак — 3,4 млрд. Каля 70% даходу атрымана ад аперацый, якія вядуцца за межамі Германіі.

т. 14, с. 386

СІМЕНТА́ЛЬСКАЯ ПАРО́ДА (ад ням. Simmental Зіментальская даліна),

парода буйн., раг. жывёлы малочна-мяснога кірунку. Выведзена ў Швейцарыі паляпшэннем мясц. парод. Адна з найб. пашыраных парод у свеце. Выкарыстоўвалася пры вывядзенні роднасных (сіменталізаваных) груп буйн. раг. жывёлы (у Германіі — флэкфі, у Францыі — манбельярдская, у Венгрыі — венгерская пярэстая і інш.); у СССР — бястужаўскай, чырв. тамбоўскай, сычоўскай парод.

Паводле целаскладу існуе некалькі пародных груп: груба- і тонкакасцявыя, высака- і нізканогія і інш. Маса быкоў 800—1100, кароў 550—600 кг. Масць палева-пярэстая, зрэдку чырв.-пярэстая. Сярэдні гадавы надой 3500—4000 кг, тлустасць малака 3,8—3,9%. Мясныя якасці здавальняючыя (забойны выхад каля 60%).

Карова сіментальскай пароды.

т. 14, с. 386

СІМЕТРЫ́Я (ад грэч. symmetria суразмернасць),

у шырокім сэнсе — нязменнасць (інварыянтнасць) структуры, уласцівасцей, формы матэрыяльнага аб’екта адносна пэўных пераўтварэнняў (змены яго становішча ў прасторы, фіз. умоў і інш.).

т. 14, с. 386

СІМЕТРЫ́Я ў геаметрыі,

уласцівасць геаметрычнай фігуры пры вызначаных пераўтварэннях (зменах свайго становішча) сумяшчацца з самой сабой так, што не ўсе яе пункты займаюць першапачатковае месца ў прасторы.

Віды С. на плоскасці: С. адносна прамой (восі С.) пры люстраным адбітку (кожнаму пункту фігуры адпавядае іншы пункт гэтай фігуры на перпендыкуляры да дадзенай прамой на той жа адлегласці ад яе), напр., круг сіметрычны адносна кожнай прамой, якая праходзіць праз яго цэнтр; С. адносна пункта (цэнтра С.), калі фігура супадае сама з сабой пры яе вярчэнні на 180°, напр., паралелаграм сіметрычны адносна пункта перасячэння дыяганалей; С. парадку n адносна пункта (цэнтра С. парадку п), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на 360°/n, n = 3, 4, 5, ..., напр., правільны n-вугольнік; С. бесканечнага парадку адносна пункта (цэнтра С. бесканечнага парадку), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на адвольны вугал вакол цэнтра, напр., круг і ўся плоскасць. Паняцце С. абагульняецца на целы ў прасторы, а таксама на інш. матэм. паняцці (група, аператар і інш.) і адыгрывае значную ролю ў матэматыцы і яе дастасаваннях.

А.​А.​Гусак.

Сіметрыя ў геаметрыі. Плоскія фігуры, сіметрычныя адносіны прамой a (1) і пункта O (2).

т. 14, с. 386

СІМЕТРЫ́Я ў фізіцы,

незалежнасць фіз. сістэм і з’яў, а таксама прастораў, у якіх існуюць матэрыяльныя аб’екты і працякаюць рэальныя працэсы, ад пэўных аперацый над імі (зрухаў, паваротаў, адбіццяў, перастановак і інш.). Матэматычна ўласцівасці С. адпавядаюць інварыянтнасці фіз. тэорый (ураўненняў руху і станаў, фіз. законаў і інш.) адносна пераўтварэнняў С., якія ў сукупнасці вызначаюць адпаведныя групы С.

Ідэі і прынцыпы С. адыгрываюць канструктыўную ролю пры пабудове фіз. тэорый. Напр., спец. адноснасці тэорыя — па сутнасці фіз. тэорыя С. прасторы і часу. Выразы аператараў фіз. велічынь у квантавай механіцы вызначаюцца праз генератары груп С. Класіфікацыя элементарных часціц заснавана на ўліку і выкарыстанні геам. (прасторава-часавай) і ўнутранай (ізатапічнай, унітарнай і інш.) С. Для тэорый узаемадзеянняў элементарных часціц абавязковай з’яўляецца інварыянтнасць адносна Лорэнца пераўтварэнняў і пераўтварэнняў адпаведнай дынамічнай С. (гл. Калібровачная інварыянтнасць). Паслядоўны ўлік уласцівасцей С. дазволіў абгрунтаваць справядлівасць законаў захавання фіз. велічынь (гл. Нётэр тэарэма) паводле схемы: С. — інварыянтнасць — закон захавання (напр., аднароднасць часу — інварыянтнасць тэорыі адносна зрухаў пачатку адліку часу — закон захавання энергіі). У квантавай фізіцы разглядаюцца таксама дыскрэтныя С.: зарадавае спалучэнне, прасторавая інверсія і абарачэнне часу (гл. Людэрса — Паўлі тэарэма). Важнае значэнне мае вывучэнне магчымых парушэнняў С. ў фіз. сістэмах. Адкрыцці парушэнняў прасторавай і камбінаванай С. сталі вызначальнымі для пабудовы тэорыі слабых (электраслабых) узаемадзеянняў. З парушэннямі сферычнай С. ў атаме за кошт узаемадзеяння электронаў з эл. ці магн. полем звязана адпаведнае расшчапленне спектральных ліній (гл. Зеемана з’ява, Штарка з’ява). Фіз. С. — аснова класіфікацыі крышталёў (гл. Сіметрыя крышталёў), выкарыстоўваецца ў даследаваннях па оптыцы і акустыцы крышталёў, пры пабудове агульнай тэорыі аптычнай анізатрапіі (гл. Каварыянтныя метады), а таксама ў атамнай. малекулярнай і ядз. спектраскапіі.

Літ.:

Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ. М., 1971;

Федоров Ф.И. Теория гиротропии. Мн., 1976;

Яго ж. Группа Лоренца. М., 1979;

Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.

А.​А.​Богуш.

т. 14, с. 386