СІМВО́ЛІКА,

1) арганізаваная сістэма сімвалаў, створаная чалавекам для спрашчэння перадачы інфармацыі. Характэрна для кожнай сферы матэрыяльнага і духоўнага свету чалавека: С. мовы, жэстаў, мастацтва, абрадаў, міфаў, паданняў, гульні, магіі і да т.п. Чалавек выступае ў якасці кіраўніка і каардынатара структурнай цэласнасці і функцыянальнасці С. У кожным грамадстве яна фарміруецца на пэўным этапе гіст. развіцця ў адпаведнасці з базавымі прынцыпамі канструявання ў грамадскай свядомасці касмалагічных і антрапалагічных вобразаў, уяўленняў пра мікра- і макракосм. С. падпарадкоўваецца прынцыпам паслядоўнасці (стварэнне на аснове аднолькавых перадумоў і матываў, агульных навук., эстэт. і этычных установак, што пануюць у грамадстве, сімвалаў, сінанімічных па змесце і форме), несупярэчнасці (адсутнасць сімвалаў, што маюць некалькі значэнняў, у т. л. процілеглых адно аднаму), усеагульнасці, абумоўленай сімвалічнай прыродай чалавечай культуры і заснаванай на неабходнасці мінімізацыі затрат пры апрацоўцы інфармацыі. На кожным з падраздзелаў С. (элементным, структурным, сістэмным) сімвал набывае семантычныя, стылістычныя і сэнсавыя нагрузкі. Чым больш строгая і менш скажоная сувязь паміж сімвалам і сутнасцю, якую ён сімвалізуе, тым вышэй роля семантычнага зместу ў функцыянальнай накіраванасці С. (напр., магічная і навук. С.). Чым больш складаныя і выразныя фармальныя якасці сімвала, тым вышэй значэнне стылістычных параметраў С. (напр., С. мастацтва і міфалогіі). Дамінаванне сэнсавага зместу сімвала выяўляецца ў дакладным адлюстраванні ў С. сац. норм і арыенціраў (напр., С. этыкету, рытуалаў, геральдыкі і інш.). Семантычная нагрузка С., адрозненне ад стылістычнай і сэнсавай, менш рухомая і з развіццём грамадства фактычна не мяняецца.

2) Навука, якая вывучае эвалюцыю семантыкі сімвалаў. Гал. праблемы С. — прырода сімвала; дынаміка ўзаемадзеяння сімвалаў у межах пэўнай сімвалічнай сістэмы; умовы супрацьстаўлення элементаў чужародных сімвалічных сістэм. Асн. прынцып С. — выкарыстанне прыёмаў і падыходаў сістэмнага аналізу. Гал. задача С. — выяўленне ступені скажэння значэння сімвалаў на кожным сістэмным падраздзеле (элементным, структурным і сістэмным). Часам у якасці сіноніма «С.» выкарыстоўваюць тэрміны «сімбалогія», «сімвалазнаўства», «сімволіказнаўства».

А.​Р.​Жаўняк, І.​І.​Мячыкава.

т. 14, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)