Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́ЦЭ-АДМІРА́Л

(ад лац. vice замест, узамен + адмірал),

воінскае званне вышэйшага афіцэрскага складу ў ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў. У эпоху паруснага флоту (17 — сярэдзіна 19 ст.) віцэ-адмірал камандаваў авангардам (перадавой часткай сіл) і быў нам. адмірала. У Расіі званне ўведзена ў 1699 (існавала да 1917), у СССР — у 1940; існуе ў ВМФ Расійскай Федэрацыі (адпавядае ген.-лейт. ў арміі). У сав. ВМФ званне віцэ-адмірала мелі ўраджэнцы Беларусі В.П.Дрозд, Г.М.Халасцякоў і інш.

т. 4, с. 237

«ВІ́ЦЭ-АДМІРА́Л ДРОЗД»,

гвардзейскі эсмінец сав. Чырванасцяжнага Балт. флоту, які вызначыўся ў Вял. Айч. вайну. Да 13.2.1943 наз. «Стойкі», перайменаваны ў гонар сав. флатаводца беларуса В.П.Дразда, які загінуў. Уступіў у строй у 1940. У 1941—42 удзельнічаў у баявых дзеяннях флоту ў Рыжскім заліве, эвакуацыі гарнізона п-ва Ханка, абароне Ленінграда (падтрымліваў артыл. агнём часці сухап. войск) і інш. За мужнасць і адвагу атрымаў гвардз. званне (3.4.1942), увесь экіпаж узнаг. ордэнамі і медалямі. Выключаны са складу ВМФ СССР у 1960.

т. 4, с. 237

ВІ́ЦЭ-КАРАЛЕ́ЎСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў амер. калоніях Іспаніі ў 16 — пач. 19 ст., якою кіраваў віцэ-кароль. Першае віцэ-каралеўства — Новая Іспанія, створана ў 1535, у яго ўвайшлі тэр. Мексікі і большая ч. Цэнтр. Амерыкі. У Паўд. Амерыцы ў 1542 утварылася віцэ-каралеўства Перу, з якога ў 1739 вылучана віцэ-каралеўства Новая Гранада (тэр. Калумбіі, Панамы, Венесуэлы, Эквадора), у 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата (тэр. Аргенціны, Парагвая, Уругвая, Балівіі). Існавалі да Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26.

т. 4, с. 237

ВІ́ЦЭ-ПРЭЗІДЭ́НТ,

1) у некаторых дзяржавах (ЗША, краіны Лацінскай Амерыкі і інш.) намеснік кіраўніка дзяржавы. Выбіраецца звычайна разам з прэзідэнтам, у выпадку смерці, адстаўкі, імпічменту дзеючага прэзідэнта выконвае яго функцыі да новых выбараў.

2) Нам. прэзідэнта ў розных нац. і міжнар. арг-цыях.

т. 4, с. 237

ВІ́ЦЯЗЬ

(стараж.-рус.),

у Стараж. Русі храбры воін, герой.

т. 4, с. 237

ВІ́ЦЯЗЬ Пётр Аляксандравіч

(н. 6.8.1936, в. Першамайская Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Акад. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1989), д-р тэхн. н. (1983), праф. (1986). Засл. дз. нав. Беларусі (1991). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1960). З 1961 працуе ў галіне парашковай металургіі. З 1980 першы нам. ген. дырэктара Бел. рэсп. навук.-вытв. аб’яднання парашковай металургіі, з 1992 дырэктар НДІ парашковай металургіі. Даследаванні ў галіне канструкцыйных і функцыян. матэрыялаў, якія атрымліваюцца метадамі парашковай металургіі і тэрмічнага напылення. Гал. рэдактар штогадовага рэсп. зборніка «Парашковая металургія». Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Тв.:

Волокнистые высокотемпературные керамическне материалы. Мн., 1991 (у сааўт.);

Формирование структуры и свойств пористых порошковых материалов. М., 1993 (у сааўт.);

Теория и практика газоплазменного напыления. Мн., 1993 (у сааўт.).

т. 4, с. 238

«ВІ́ЦЯЗЯ» ЖО́ЛАБ, Усходне-Меланезійскі жолаб,

глыбакаводны жолаб у паўд.-зах. частцы Ціхага ак., уздоўж паўн. падножжа падводных гор і а-воў Санта-Крус, Ануда і інш. Даўж. каля 870 км, сярэдняя шыр. 11 км, глыб. да 6150 м. Адкрыты ў 1958 сав. экспедыцыяй на н.-д. судне «Віцязь».

т. 4, с. 238

ВІЧЭ́НЦА

(Vicenza),

горад на ПнУ Італіі. Знаходзіцца ў вобл. Венецыя, каля падножжа Альпаў, на р. Бакільёне. Адм. ц. правінцыі Вічэнца. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. 107,1 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел на чыгунцы Венецыя—Мілан. Металургія, тэкст. і с.-г. машынабудаванне, хім., гумавая, тэкст., абутковая, швейная, керамічная, харч., папяровая, ювелірная прам-сць. Маст. галерэя. Руіны стараж.-рым. пабудоў. Цэрквы (10—16 ст.), палацы (15—18ст.). Шматлікія пабудовы А.Паладыо (16 ст.), у т. л. палац К’ерыкаці, Базіліка, т-р Алімпіка, каля Вінчэнцы знакамітая познарэнесансавая віла «Ратонда».

т. 4, с. 238

ВІ́ША,

рака ў Гомельскай вобл., правы прыток Іпы (бас. Прыпяці). Даўж. 39,3 км. Пл. вадазбору 233 км². Пачынаецца за 2 км на ПнЗ ад в. Пружынішчы Акцябрскага р-на, далей цячэ ў Светлагорскім і Калінкавіцкім р-нах па паўн.-ўсх. ускраіне нізіны Гомельскае Палессе. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма двухбаковая, шыр. 500 м — 1 км. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае (шыр. 7—12 м). У пойме створаны наліўныя сажалкі. На рацэ г.п. Азарычы.

т. 4, с. 238

ВІШАКХАПА́ТНАМ, Вісакхапатнам,

Візагапатам, горад у Індыі, на беразе Бенгальскага зал., у штаце Андхра-Прадэш. 732 тыс. ж. (1991). Адзін з гал. марскіх партоў краіны. Асн. грузы — нафта і нафтапрадукты, жал. руда, прамысл. абсталяванне, збожжа, вугаль, угнаенні. Суднабуд., металургічная, станкабуд., нафтаперапр., нафтахім., маш.-буд., металаапр., хім. (выраб угнаенняў) прам-сць. Каляровая металургія. Рыбалоўства. Ун-т.

т. 4, с. 238