ВІ́ЦІНГ (Віцінгс) Яўген Эдуардавіч
(2.8.1884, С.-Пецярбург — 20.8.1959),
спявак (драм. тэнар) і педагог. Засл. дз. маст. Латвіі (1946) і Беларусі (1955). Праф. (1947). Вучыўся ў Мілане, дэбютаваў у П’ячэнцы (Італія, 1908). У 1907—18 саліст Марыінскага т-ра, дзе выканаў партыі Радамеса («Аіда» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Германа («Пікавая дама» П.Чайкоўскага) і інш. З 1920 жыў пераважна ў Рызе (да 1946 саліст оперы, да 1950 педагог кансерваторыі). У 1950—59 вёў клас сольных спеваў у Бел. кансерваторыі. Сярод яго вучняў М.Ворвулеў, В.Глушакоў, М.Зюванаў, Р.Асіпенка, М.Дружына, П.Дружына, А.Самарадаў.
т. 4, с. 237
ВІ́ЦІ-ЛЕ́ВУ
(Viti Levu),
вулканічны востраў у Ціхім ак., самы буйны з а-воў Фіджы. Пл. 10,5 тыс. км². Выш. да 1322 м. Акаймаваны каралавымі рыфамі. Складзены са складкавых крышт. парод, перакрытых лавамі. Захаваліся вулканічныя конусы, якія ўтвараюць гарысты рэльеф. Клімат трапічны вільготны. Трапічныя вільготныя лясы, на падветраных схілах — саванны. Здабыча золата, марганцавых руд; лесараспрацоўкі. Вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы, бавоўнік, какосавыя пальмы. Аэрапорт. Турызм. Лясны парк Тхалаісува. Гал. горад і порт — Сува.
т. 4, с. 236
ВІ́ЦЛЕБЕН (Witzleben) Эрвін фон
(4.12.1881, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 8.8.1944),
германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал. У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. Камандаваў пяхотнай дывізіяй (з 1934), 2-й групай армій (з вер. 1939), 1-й арміяй (з ліст. 1939), удзельнічаў у Французскай кампаніі 1940. З кастр. 1940 камандуючы групай армій «Д» у Францыі, з ліст. 1942 генерал для даручэнняў пры Стаўцы. Адзін з кіраўнікоў ваен. змовы супраць А.Гітлера 20.7.1944; у выпадку поспеху павінен быў стаць галоўнакамандуючым. Пакараны смерцю паводле прыгавору ваен. трыбунала.
т. 4, с. 237
«ВІ́ЦЫ», Саюз сельскай моладзі Польскай Рэспублікі,
сялянская рэфармісцкая дэмакр. арг-цыя моладзі Польшчы і Зах. Беларусі ў 1928—48. Засн. групай дзеячаў Цэнтр. саюза сельскай моладзі. У Гал. ўправу «Віцаў» ўваходзілі З.Заленскі, Л.Лютык, І.Нецька і інш. У 1929 аб’ядноўваў 22 тыс., у 1938 каля 100 тыс. членаў. Меў моцны ўплыў у каап. руху. З 1931 заняў антыўрадавую пазіцыю. Мясц. арг-цыі «Віцаў» супрацоўнічалі з камсамольскімі арг-цыямі, удзельнічалі ў адзінафрантавых антыфаш. выступленнях 1936—37. У 1948 «Віцы» разам з інш. левымі арг-цыямі моладзі аб’яднаўся ў Саюз польскай моладзі.
У.А.Палуян.
т. 4, с. 237
ВІ́ЦЫН Георгій Міхайлавіч
(н. 23.4.1918, Масква),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1990). Вучыўся ў тэатр. вучылішчы пры Маск. маст. акадэм. т-ры 2-м (МХАТ 2-і). У 1937—69 у т-ры імя М.М.Ярмолавай. З 1945 здымаецца ў кіно. Камедыйны, вострахарактарны акцёр. Здымаўся ў фільмах: «Старая, старая казка», «Цень», «Кампазітар Глінка», «Дванаццатая ноч», «Жаніцьба Бальзамінава», «Джэнтльмены ўдачы», «Сіняя птушка», «Рукі ўгору!», стварыў ролю-маску Баязліўца ў камедыях Л.Гайдая «Зусім сур’ёзна» (навела «Пёс Барбос і незвычайны крос»), «Самагоншчыкі», «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка», «Каўказская нявольніца».
т. 4, с. 237
ВІЦЫНА́ЛЬНЫЯ ГРА́НІ
(лац. vicinalis ад vicinus суседні, блізкі, падобны),
грані крышталёў, на якіх ёсць спадзістыя пірамідальныя ўзвышэнні (віцынальныя піраміды) або ямкі. Утвараюцца пры росце крышталёў у пункце выхаду вінтавой дыслакацыі. У розных крышталёў маюць розную форму, што дае магчымасць па іх вызначаць сіметрыю ў крышталяграфіі.
т. 4, с. 237
ВІЦЬ, Прабойная канава,
рака ў Калінкавіцкім і Хойніцкім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Прыпяці. Даўж. 70 км. Пл. вадазбору 991 км². Пачынаецца каля в. Нахаў Калінкавіцкага р-на, цячэ ў Хойніцкім р-не па нізіне Гомельскае Палессе. Прытокі — невял. ручаі і меліярац. канавы. Даліна невыразная, у нізоўі зліваецца з поймай Прыпяці. Да в. Барысаўшчына Хойніцкага р-на пойма двухбаковая; яе шыр. 200—300 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка.
т. 4, с. 237
ВІЦЬ,
вадасховішча ў Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., у пойме р. Тур’я (левы прыток Прыпяці). За 20 км на З ад г. Хойнікі, каля в. Дуброва. Створана ў 1980. Пл. 0,51 км², даўж. 1,02 км, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 4,2 м. Даўжыня агараджальнай дамбы 1,76 км. Наліўное, напаўняецца з р. Тур’я. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 3,2 м. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.
т. 4, с. 237
ВІ́ЦЬБА,
рака ў Віцебскім р-не, левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 275 км². Пачынаецца за 3 км на У ад в. Паддуб’е, цячэ ў межах Віцебскага узв. Асн. прытокі: Горнаўка (злева) і Сільніца (справа). У ніжнім цячэнні на працягу 5 км цячэ ў межах Віцебска, дзе і ўпадае ў Зах. Дзвіну. Паводле Віцебскага летапісу, у сутоках Віцьбы і Зах. Дзвіны ў 974 заснаваны г. Віцебск.
т. 4, с. 237
ВІ́ЦЬБІЧ Юрка
(сапр. Шчарбакоў Георгій; 15.6.1905, г. Веліж Смаленскай вобл. — 4.1.1975),
бел. пісьменнік і культ. дзеяч. У 1922—33 працаваў у Маскве на хім. заводзе. Пераехаў на Беларусь, удзельнічаў у напісанні гісторыі віцебскіх, гомельскіх і барысаўскіх фабрык. Быў удзельнікам Віцебскай, Гомельскай, Беластоцкай экспедыцый, узначальваў Аршанскую экспедыцыю па даследаванні, уліку і ахове помнікаў гісторыі, архітэктуры і мастацтва. У час Вял. Айч. вайны супрацоўнічаў з фашыстамі, быў членам т.зв. Цэнтр. ўрада бел. культ. згуртавання. З 1944 у Германіі, у 1946 стварыў бел. літ. згуртаванне і час. «Шыпшына», арганізаваў выданне час. праваслаўных беларусаў «Звіняць званы св. Сафіі». Пасля пераехаў у ЗША. Друкаваўся з 1929 у час. «Узвышша». Першая кн. прозы «Смерць Ірмы Лаймінг» (1932). У 1937 выдаў кн. «Формула супраціўлення касцей», у 1944 у Берліне — зб. публіцыстыкі «Веліжскія паўстанцы» і «Нацыянальныя святыні». Аўтар кн. «Плыве з-пад Святое гары Нёман» (ч. І, Мюнхен, 1956), «Мы дойдзем» (Нью-Йорк, 1974, на рус. мове). Пакінуў успаміны пра бел. пісьменнікаў.
Тв.:
Плыве з-пад Святое гары Нёман: Рэпр. выд. Мн., 1995.
т. 4, с. 237