ВІ́ЦЕБСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне войскамі 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 пад Віцебскам 5 ням. дывізій у час Вял. Айч. вайны. 23 ліп. войскі 43-й арміі 1-га Прыбалт. фронту і 39-й арміі 3-га Бел. фронту прарвалі абарону ворага, абышлі Віцебск з Пд і ПдЗ, у ноч на 25 ліп. злучыліся каля в. Гняздзілава Бешанковіцкага р-на і замкнулі акружэнне групоўкі праціўніка, якую разграмілі, 26 ліп. вызвалілі Віцебск. Праціўнік страціў каля 20 тыс. салдат і афіцэраў забітымі і больш за 10 тыс. палоннымі. У в. Гняздзілава ў гонар сав. воінаў пастаўлена стэла.
т. 4, с. 228
«ВІЦЕБСКМЭ́БЛЯ»,
акцыянернае т-ва ў Віцебску. Створана ў 1948—50 як мэблевая ф-ка. У 1975—88 у вытв. дрэваапр. аб’яднанні «Віцебскдрэў». З 1988 галаўное прадпрыемства ВА «Віцебскмэбля», з 1992 акц. т-ва «Садружнасць», з 1994 сучасная назва. Дзейнічаюць цэхі: раскроечна-загатоўчы, мэблевыя (2), рамонтна-мех., энергацэх, трансп., склады (2). Асн. прадукцыя (1996): мяккая мэбля, гарнітуры для адпачынку, канапы, тумбачкі пад тэлеапаратуру, корпусная мэбля («сценкі»), шафы.
т. 4, с. 236
ВІ́ЦЕНЬ
(? — каля 1316),
вялікі князь ВКЛ (каля 1295—1316). Звесткі пра паходжанне супярэчлівыя. Паводле адных крыніц, ён родам з Жамойціі, другія называюць яго сынам Трайдзеня, трэція выводзяць яго з роду смаленскіх князёў. Бел. гісторыкі 19 ст. М.В.Без-Карніловіч і А.Кіркор лічылі яго сынам полацкага князя Гердзеня. На думку храніста 14 ст. П.Дусбурга, Віцень — сын Лютувера, які атаясамліваецца з Будзівідам. Бацька або брат Гедзіміна. Змагаўся за адзінства дзяржавы, ваяваў супраць палякаў у 1291, 1293, 1296, 1306, 1307. Вёў барацьбу з крыжакамі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. У 1298 заключыў саюз з Рыгай, што дало магчымасць адбіць крыжацкі наступ на Жамойцію. Як і Трайдзень, сяліў прусаў, якія ўцяклі ад ням. заваёўнікаў, на Гарадзеншчыне. У 1294 задушыў паўстанне жамойцкіх феадалаў, што схіляліся да саюзу з крыжакамі. Паводле позняга Васкрасенскага летапісу, уключыў у ВКЛ Берасцейскую зямлю (1315). Загінуў ад удару перуна.
М.І.Ермаловіч.
т. 4, с. 236
«ВІ́ЦІ»,
грамадска-літаратурны часопіс. Выдаваўся ў 1952—57 у Нью-Йорку на бел. мове Згуртаваннем бел. моладзі і Бел. студэнцкім т-вам у ЗША. У раздзелах «Царква і моладзь», «Новае ў навуцы і тэхніцы», «Хроніка», «Гумар» і інш. змяшчаў матэрыялы і дакументы пра дзейнасць маладзёжных арг-цый, грамадскае і культ. жыццё бел. моладзі, студэнцтва і інш. у ЗША. Друкаваў творы Я.Купалы, М.Багдановіча, Н.Арсенневай, А.Савёнак, М.Белемука, Ю.Віцьбіча і інш. Выйшла 10 нумароў.
А.С.Ляднёва.
т. 4, с. 236
ВІ́ЦІ (Vitti) Моніка [сапр. Чэчарэлі
(Cecciarelli) Марыя Луіза; н. 3.11.1931, Рым], італьянская актрыса. Скончыла рымскую Акадэмію драм. мастацтва (1953). Працавала ў т-рах Рыма і Мілана. Вядомасць прынёс удзел у фільмах М.Антаніёні 1960-х г. («Прыгода», «Ноч», «Зацьменне», «Чырвоная пустыня»),
дзе актрыса стварыла новыя для зах.-еўрап. кіно вобразы жанчын з бурж. асяроддзя, якія пакутуюць з-за ўсеагульнага адчужэння, што ператвараецца з сац. хваробы ў псіхічную. Здымалася таксама ў камедыйных і муз. фільмах: «Дзяўчына з пісталетам» (у сав. пракаце «Не прамахніся, Асунта!»), «Гасцінічны нумар», «Флірт» і інш. Працуе ў т-ры.
т. 4, с. 236
ВІ́ЦІГ (Wittig) Георг
(16.6.1897, Берлін — 26.8.1987),
нямецкі хімік-арганік. Вучыўся ў Марбургскім ун-це (1920—26), дзе і працаваў. З 1932 выкладаў у розных ун-тах Германіі (з 1944 праф.). Навук. працы па хіміі фосфарарган. злучэнняў. Адкрыў рэакцыю пераўтварэння эфіраў у спірты пад уздзеяннем феніллітыю (перагрупоўка В., 1942), рэакцыю атрымання алефінаў узаемадзеяннем карбанільных злучэнняў (альдэгідаў, кетонаў і інш.) з алкілідэнфасфаранамі (рэакцыя В., 1954), рэакцыю далучэння фасфінметылідэнаў да альдэгідаў і кетонаў па падвоенай вугляродкіслароднай сувязі (1954). Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Г.Браўнам).
т. 4, с. 236
ВІЦІ́М,
рака ва Усх. Сібіры, правы прыток Лены, у Рэспубліцы Бурація, на мяжы яе з Чыцінскай вобл. і ў Іркуцкай вобл. Расіі. Даўж. 1837 км, пл. бас. 225 тыс. км². Утвараецца пры зліцці р. Віцімкан і Чына. Цячэ па Віцімскім пласкагор’і, Станавым нагор’і і ўскраіне Патамскага нагор’я. Утварае парогі, пры ўпадзенні ў Лену (двума гал. рукавамі) — дэльту. Асн. прытокі: Цыпа (злева), Калар (справа). Жыўленне пераважна дажджавое. Ледастаў з пачатку ліст. да 2-й дэкады мая. Сярэдні расход вады каля г. Бадайбо 1520 м³/с. Суднаходная на 300 км ад вусця. У бас. ракі радовішчы золата, слюды. На Віціме — г. Бадайбо.
т. 4, с. 236
ВІЦІ́МСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
у Забайкаллі, у вярхоўях р. Віцім, пераважна ў Рэспубліцы Бурація і Чыцінскай вобл. Расіі. Шырокія невысокія ўвалы (выш. да 1600 м) чаргуюцца з міжгорнымі паніжэннямі. Складзена гранітамі і крышт. сланцамі; на ПдЗ — базальты; больш як 15 конусаў стараж. вулканаў.
Пашырана шматгадовая мерзлата. Азёры (у т. л. салёныя), мінер. крыніцы. У міжрэччах лістоўнічная тайга, у паніжэннях зараснікі хмызняку, лугі і балоты.
т. 4, с. 236
ВІЦІ́НА,
старадаўняе драўлянае пласкадоннае рачное судна з палубай і ветразямі для перавозкі збожжа і інш. грузаў. На Беларусі вядома з 15 ст. Даўж. 43—53 м, шырыня 4—11 м, грузападымальнасць 128—192 т. Будаваліся і выкарыстоўваліся на Нёмане, Шчары, Віліі. У 2-й пал. 19 ст. пачалі знікаць.
т. 4, с. 237