Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ЗАРЯ́»,

літаратурна-грамадскі рукапісны часопіс. Выдаваўся ў 1910 у г. Капыль Мінскай вобл. на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». У ім супрацоўнічалі З.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), А.​Гурло, Х.​Станілевіч, Х.​Чарнышэвіч і інш. Меў раздзелы белетрыстыкі, літ. крытыкі і публіцыстыкі. У часопісе змешчаны апавяданні Н.​Беленькага «Сухотны» і А.​Неўліна «Ахвяра», вершы. У крытычных артыкулах, скіраваных супраць дэкадэнтаў і мадэрністаў, высока ацэньвалася бел. паэзія, адзначалася яе цесная сувязь з нар. жыццём. Выйшла 15 нумароў.

А.​М.​Клачко.

т. 6, с. 542

«ЗАРЯ́»,

грамадска-паліт. газета. Выходзіць з 1939 у Брэсце 3 разы на тыдзень на рус. і бел. мовах. У 1939 наз. «Рабочий», у маі 1943 — ліп. 1944 выдавалася ’падпольна. Асвятляе падзеі грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Брэстчыны. Змяшчае на літ. старонках «Заранка» маст. творы, «Далягляд» — матэрыялы па л-ры і мастацтве, гіст.-культурнай спадчыне.

П.​В.​Ялец.

т. 6, с. 543

ЗАР’Я́Н (Наіры) (сапр. Егіязар’ян Аястан; 13.1.1901, с. Хараконіс, Зах. Арменія, цяпер тэр. Турцыі — 12.7.1969),

армянскі пісьменнік. Скончыў Ерэванскі ун-т (1928). Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў паэзіі «Блакітная краіна каналаў» (1926), «Вечныя вяршыні» (1937), «Ратны кліч» (1941), «Распаленай душой» (1942), рамана «Ацаван» (1937—47) і інш., у якіх адлюстраваў сац.-псіхал. працэсы ў вёсцы ў перыяд калектывізацыі. Раман «Пятрас і яго міністры» (1958) пра Арменію ў час панавання дашнакаў; аповесць «Давід Сасунскі» (1966) створана па матывах эпасу. Сатырычны талент З. выявіўся ў рамане «Другое жыццё» (1965—67). Вядомы як драматург (гіст. трагедыя «Ара Прыгожы», 1946; камедыі «Ля крыніцы», 1948; «Доследнае поле», 1950). Пераклаў на арм. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову яго творы пераклаў Х.​Жычка.

С.​Арзуманян.

Н.Зар’ян.

т. 6, с. 543

ЗАР’Я́Н (сапр. Аракелян) Стафан

(16.9.1890, с. Каракліс, Арменія — 15.10.1968),

армянскі пісьменнік. Друкаваўся з 1909. У зб. апавяданняў «Сумныя людзі» (1918), апавяданнях і аповесцях 1918—25 паказаў духоўны свет суайчыннікаў, складаныя сац. працэсы тагачаснасці. Гераічнаму мінуламу Арменіі прысвяціў гіст. трылогію «Цар Пап» (1944), «Армянская крэпасць» (1959), «Вараздат» (1968). Аўтар аўтабіягр. рамана «Гісторыя аднаго жыцця» (т. 1—2, 1934—38). Пераклаў на арм. мову раман Л.​Талстога «Вайна і мір», творы І.​Тургенева і інш. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі М.​Татур, М.​Гіль.

т. 6, с. 543

ЗАСА́ДА,

1) загадзя і старанна замаскіраванае размяшчэнне воінскага падраздзялення (або партызан) на найб. верагодных шляхах руху праціўніка з мэтай яго разгрому раптоўным ударам, захопу палонных і знішчэння баявой тэхнікі.

2) У Стараж. Русі — гарнізон у горадзе на чале з засадным ваяводам; войскі рэзерву (таксама засадны полк), падрыхтаваныя для нечаканага нападу на праціўніка. Напр., у Кулікоўскай бітве 1380 засадны полк на чале з Баброкам-Валынскім і Уладзімірам Серпухаўскім вырашыў зыход бою.

т. 6, с. 543

ЗАСАЛЕ́ННЕ ВОД,

тое, што Мінералізацыя вод.

т. 6, с. 543

ЗАСАЛЕ́ННЕ ГЛЕ́БЫ,

працэс назапашвання ў глебе лёгкарастваральных у вадзе солей у колькасцях, таксічных для с.-г. культур. Найб. развіта ва ўмовах засушлівага клімату пры цяжкім адтоку паверхневых і грунтавых вод. Адрозніваюць першаснае (прыроднае) і другаснае (антрапагеннае) З.г., якое выклікаецца парушэннем рэжымаў гідрамеліярацыі, асабліва ў паўд. зонах інтэнсіўнага арашэння. У пустыннай, паўпустыннай і сухастэпавай зонах фарміруюцца саланчакі, саланцы і саланчакаватыя глебы з рознай ступенню і тыпам засалення. На Беларусі З.г. пераважна лакальнае, мае антрапагенны характар (напр., у зоне дзеяння калійных камбінатаў Салігорска). Магчыма і прыроднае З.г. (напр., утварэнне карбанатных жалезіста-саланчакаватых дзярновых забалочаных глеб у некат. раёнах Палесся). З.г. ліквідуюць прамыўным паліваннем з штучным адвядзеннем грунтавых і прамыўных вод з дапамогай дрэнажу, хім. меліярацый, агратэхн., біял. і інш. прыёмаў.

Л.​В.​Круглоў.

т. 6, с. 543

ЗАСВЕ́ДЧАННЕ НАТАРЫЯ́ЛЬНАЕ учыненне органамі натарыята дзеянняў, накіраваных на замацаванне грамадз. правоў і папярэджанне магчымых парушэнняў. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь З.н. належаць факты, якія могуць мець юрыд. вынікі (здзелкі, правільнасць копій дакументаў, выпісак з іх і інш.); засведчанне бясспрэчнага права (напр., права ўласнасці на спадчыну); наданне дакументам выканаўчай сілы (напр., учыненне выканаўчых надпісаў на пазыковых і плацежных дакументах); захаванне маёмасці, дакументаў, доказаў. З.н. звычайна робіцца ў памяшканні натарыяльнай канторы, а ў пэўных выпадках (з-за хваробы або інваліднасці кліента) — дома, у бальніцы.

т. 6, с. 543

ЗАСВІ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры пач. 18 ст. Пабудаваны ў 1713—14 у в. Засвір (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) у стылі барока. Касцёл — мураваны 1-нефавы храм з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Дэкар. аздоба сканцэнтравана на гал. фасадзе: плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы, трохвугольны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. З Пн да касцёла прылягае мураваны П-падобны ў плане 1-павярховы будынак кляштара, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. У баку ад касцёла стаіць невял. мураваная брама і вежа-званіца. У 1865—1920 касцёл быў перабудаваны пад царкву. У 1994 касцёл і частка кляштара адноўлены.

А.​А.​Ярашэвіч.

Засвірскі Троіцкі касцёл і кляштар кармелітаў.

т. 6, с. 543

ЗАСЕ́КА,

загарода са ссечаных дрэў, паваленых крыж-накрыж верхавінамі ў бок праціўніка. На Русі вядома з 13 ст. Шырока выкарыстоўваліся на межах Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. (т. зв. засечныя межы). У войнах 20 ст. З. рабілі як перашкоду супраць пяхоты і конніцы праціўніка, звычайна іх умацоўвалі калючым дротам, мінамі і прыкрывалі агнём.

т. 6, с. 543