ЗАР’Я́Н (Наіры) (сапр. Егіязар’ян Аястан; 13.1.1901, с. Хараконіс, Зах. Арменія, цяпер тэр. Турцыі — 12.7.1969),

армянскі пісьменнік. Скончыў Ерэванскі ун-т (1928). Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў паэзіі «Блакітная краіна каналаў» (1926), «Вечныя вяршыні» (1937), «Ратны кліч» (1941), «Распаленай душой» (1942), рамана «Ацаван» (1937—47) і інш., у якіх адлюстраваў сац.-псіхал. працэсы ў вёсцы ў перыяд калектывізацыі. Раман «Пятрас і яго міністры» (1958) пра Арменію ў час панавання дашнакаў; аповесць «Давід Сасунскі» (1966) створана па матывах эпасу. Сатырычны талент З. выявіўся ў рамане «Другое жыццё» (1965—67). Вядомы як драматург (гіст. трагедыя «Ара Прыгожы», 1946; камедыі «Ля крыніцы», 1948; «Доследнае поле», 1950). Пераклаў на арм. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову яго творы пераклаў Х.​Жычка.

С.​Арзуманян.

Н.Зар’ян.

т. 6, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)