Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗАРУ́БЫ,

вёска ў Дубровенскім р-не Віцебскай вобл., на р. Расасенка, на аўтадарозе Дуброўна — в. Баева. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на ПдУ ад г. Дуброўна, 107 км ад Віцебска, 24 км ад чыг. ст. Асінаўка. 472 ж., 190 двароў (1997). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 6, с. 539

ЗАРУДА́ЎЕ,

вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 16 км на Пд ад горада і 14 км ад чыг. ст. Масты, 76 км ад Гродна. 387 ж., 155 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам.

т. 6, с. 539

ЗАРУДЗЕ́ЧА,

рака ў Глускім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Пціч (бас. р. Прыпяць). Даўж. 22,4 км. Пл. вадазбору 141 км². Пачынаецца за 3 км на ПнЗ ад в. Макавічы. Асн. прыток — ручай Камарынка (злева). Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.

т. 6, с. 539

ЗАРУ́ДНЫ (Іван Пятровіч) (? — 1727),

расійскі архітэктар і мастак. Ураджэнец Украіны. З 1701 на царскай службе ў Маскве. У 1704—07 пабудаваў царкву архангела Гаўрыіла (т.зв. Меншыкаву вежу), у якой традыц. кампазіцыя рус. шмат’ярусных цэркваў спалучана з арх. элементамі і дэкар. дэталямі барока. Барочныя рысы маюць таксама царква Івана Воіна (1709—13, Масква; прыпісваецца З.), і асабліва складаныя шмат’ярусныя іканастасы Праабражэнскага сабора (1719, Талін) і сабора Петрапаўлаўскай крэпасці (1722—27, С.-Пецярбург), зробленыя па яго малюнках.

т. 6, с. 539

ЗАРУ́ДНЫ (Мікола) (Мікалай Якаўлевіч; н. 20.8.1921, в. Арэхавец Кіеўскай вобл.),

украінскі пісьменнік. Скончыў Казахскі ун-т (1942). Дэбютаваў аповесцю «Мае землякі» (1950). Аўтар зб. апавяданняў «Святло» (1961), раманаў «На белым свеце» (1967), «Уран» (1970), «Гілея» (1973), гіст. драмы «За Сібір’ю сонца ўсходзіць» (1980) і інш. У п’есах «На крутых берагах» (1955), «Калі ты любіш» (1959), «Мёртвы бог» (1960), «Востраў тваёй мары» (паст. 1962, выд. 1963), «Фартуна» (паст. і выд. 1966) і інш. мастацкае асэнсаванне актуальных праблем сучаснасці, сац. і духоўных пераўтварэнняў на вёсцы, падзей Вял. Айч. вайны. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1978. На бел. мову асобныя творы З. пераклаў А.​Макаёнак.

Тв.:

Твори. Т. 1—4. Київ. 1981—82;

Бел. пер. — «За Сібір’ю сонца ўсходзіць...» // Полымя. 1982. № 2.

І.Зарудны. Меншыкава вежа ў Маскве. 1704—07.

т. 6, с. 539

ЗАРУ́ЖАННЕ, Ружына,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 20 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,37 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 9,44 км². Схілы катлавіны выш. да 10 м (на У да 2 м), пад хмызняком, на Пн, ПнЗ і У разараныя. Берагі нізкія, пераважна забалочаныя. Злучана ручаём з воз. Несіна. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 6, с. 540

ЗАРУ́ЧЫНЫ,

у беларусаў традыцыйны абрад падрыхтоўчага этапу вяселля, на якім канчаткова замацоўвалася згода сваякоў на шлюб маладых. Адбываліся праз тыдзень пасля запоін, калі нявеста і яе бацькі афіцыйна давалі згоду на шлюб. На З. дамаўляліся пра ўсе дэталі вяселля (пасаг, час і парадак вяселля, колькасць гасцей і г.д.). Жаніх і нявеста абменьваліся пярсцёнкамі і абрадавымі падарункамі, а іх рукі звязвалі ручніком; падарункамі абменьваліся і іх бацькі, якія пасля ўдзельнічалі ў сумесным пачастунку, што замацоўваў заключаны дагавор. Вяселле з гэтага часу абвяшчалася афіцыйна, а жаніха і нявесту называлі малады і маладая.

Л.​А.​Малаш.

т. 6, с. 540

ЗАРХІ́ (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 18.2.1908, С.-Пецярбург),

рускі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1969), засл. дз. маст. Беларусі (1955). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Ленінградскі тэхнікум экраннага мастацтва (1927). З 1929 на Ленінградскай кінафабрыцы «Саўкіно» (кінастудыя «Ленфільм»), у 1950—55 на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1957 на кінастудыі «Масфільм». Творчай манеры З. ўласцівы імкненне да абагульнення, псіхал. глыбіні ў раскрыцці вобразаў. Паставіў фільмы: маст. «Гарачыя дзянёчкі» (1935), «Дэпутат Балтыкі» (1937) і «Член урада» (абодва з І.​Хейфіцам; 1940); «Паўлінка» (1952, фільм-спектакль), «Несцерка» (1955), «Вышыня» (1957), «Людзі на мосце» (1960), «Ганна Карэніна» (1968), «Дваццаць шэсць дзён з жыцця Дастаеўскага» (1981) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1946.

т. 6, с. 540

ЗАРЫБЛЕ́ННЕ вадаёмаў,

выпуск у вадаёмы каштоўных відаў рыб для якаснага паляпшэння (рэканструкцыі) іх іхтыяфауны і павелічэння запасаў прамысл. рыб, а таксама з мэтай акліматызацыі рыб, арганізацыі іх нагляду. Зарыбляюць найчасцей вадаёмы, кармавыя рэсурсы якіх выкарыстоўваюцца няпоўнасцю. Для З. бяруць лічынак, сяголеткаў, гадавікоў, двухгодак, вытворнікаў. Іх гадуюць у сажалкавых і азёрна-таварных рыбных гаспадарках, рыбагадавальніках. Для З. вадаёмаў Беларусі выкарыстоўваліся: карась сярэбраны, сомік амерыканскі, стронга радужная, судак, сіговыя рыбы, амуры белы і чорны, таўсталобікі стракаты і звычайны. З 1956 вядзецца З. азёр вугром еўрапейскім. Азёрна-таварныя і сажалкавыя рыбныя гаспадаркі зарыбляюцца пераважна полікультурай (разам з карпам гадуюць шчупака, карасёў залатога і сярэбранага, сазана амурскага, таўсталобікаў, пелядзь і інш.).

т. 6, с. 540

ЗАРЫ́Н, ізапрапілавы эфір метыл фторфасфонавай кіслаты,

атрутнае рэчыва нервова-паралітычнага дзеяння. Вельмі таксічны. Асабліва хутка выклікае пашкоджанне арганізма пры інгаляцыі (міёз, цяжкасць дыхання). Лятальная таксічная доза (умоўна) 0,1 мг мін/л.

Вадкасць без колеру і паху, tкіп 151,5 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1094 кг/м³ (20 °C). Змешваецца ва ўсіх адносінах з вадой і арган. растваральнікамі. Гідралізуецца воднымі растворамі шчолачаў, аміяку і амінаў (рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі З.).

т. 6, с. 540