Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗАСЕ́ЦКІ (Пётр Іванавіч) (1899, Саратаўская вобл., Расія — 1941),

рускі і бел. спявак (тэнар). Нар. арт. Беларусі (1940). Вучыўся ў Саратаўскай і Данской (Растоў-на-Доне) кансерваторыях. Дэбютаваў у опернай трупе Растова ў 1920. У 1923—24 працаваў у Вял. т-ры ў Маскве і ў опернай студыі пры ім (пад кіраўніцтвам К.Станіслаўскага), у 1924—37 у оперных т-рах Ленінграда. У 1938—41 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яго творчай індывідуальнасці былі ўласцівы ўменне надзяляць персанажаў дакладнай псіхал. характарыстыкай, старанная распрацоўка сцэн. малюнка, што найб. яскрава выявілася ў партыях бел. рэпертуару — Саўкі («У пушчах Палесся» А.​Багатырова) і Мікіты («Кветка шчасця» А.​Туранкова). З інш. партый — Мішук («Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага), Лыкаў («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Дон Базіліо («Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Сяргей («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.​Шастаковіча).

Б.​С.​Смольскі.

т. 6, с. 543

ЗАСЕ́ЧНЫЯ МЕ́ЖЫ (засечныя лініі, засекі),

сістэма абарончых умацаванняў на паўд. і паўд.-ўсх. ускраінах Рус. дзяржавы ў 16—17 ст. дзеля аховы ад качэўнікаў. Складаліся з засек, валоў, равоў, частаколаў; выкарыстоўваліся і прыродныя перашкоды (рэкі, яры). Мелі апорныя пункты (астрогі і гарады-крэпасці). Найбольшай была Вялікая З.м. (ад Разані да Тулы). З перамяшчэннем меж Расіі на Пд паступова страцілі сваё значэнне. У 18 ст. вопыт буд-ва З.м. выкарыстоўвалі пры ўзвядзенні пагран. умацаваных ліній.

П.І.Засецкі.
П.Засецкі ў ролі Саўкі.

т. 6, с. 544

ЗА́СІМ (Мікола) (Мікалай Арцёмавіч; 19.11.1908, в. Шані Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 19.7.1957),

бел. паэт. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). За рэв. дзейнасць у 1920—30-я г. ўлады Польшчы неаднойчы арыштоўвалі яго, знявольвалі ў турму. Працаваў у брэсцкай абл. газ. «Sapa» (1948—57). З 1926 змяшчаў свае творы ў зах.-бел. прэсе. Першы зб. «Ад шчырага сэрца» (1947). У вершах выяўляў сац. канфлікты ў зах.-бел. вёсцы, паказваў цяжкае жыццё сялянства. Карыстаўся прыёмамі гратэску, пародыі. У вершах ваен. і пасляваен. часу пісаў пра веліч і цяжар нар. вайны ў варожым тыле, радасць мірнай працы.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1960;

Вершы. Мн., 1973.

Літ.:

Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982.

У.​А.​Калеснік.

т. 6, с. 544

ЗАСІМО́ВІЧ (Ігар Сяргеевіч) (н. 18.6.1966, Мінск),

бел. скульптар. Скончыў Бел. АМ (1994). Працуе ў манум. і станковай скульптуры. Творы вылучаюцца інтэлектуальнай распрацоўкай, імкненнем да асэнсавання рэлігіі і міфалогіі праз філасофію знака і сучасную пластыку. Сярод работ: «Ікар» (1991), «Чарнобыльскае малако» (1992), рэльефы па матывах балад Ф.​Шылера і «Лесвіца ў неба» (усе 1993), «Птушкі спяваюць у дождж», помнік 1000-годдзю хрысціянства на Беларусі (абедзве 1994), «Космас», «Дрэва жыцця», «Бласлаўленне. Рука Бога» (усе 1995), «Белая птушка» і «Анёл ахоўнік Беларусі. Прысвячэнне ахвярам Чарнобыля» (абедзве 1996). Адзін з арганізатараў і ўдзельнік пленэру «Размова з Камянямі» (1996, Мінск).

І.Засімовіч. Бласлаўленне. Рука Бога. 1995.

т. 6, с. 544

ЗАСІНЕ́Ц (Міхась Мікалаевіч) (20.9.1935, в. Мядзведнае Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 13.7.1982),

бел. самадзейны жывапісец. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Творчай манеры ўласцівы наіўна-рэаліст. трактоўка сюжэтаў, плоскаснасць выявы, дэкаратыўнасць лакальнага колеру: «Вясна», «Маці», «Партызан», «Пах спелага жыта», «Хлеб», «Салдат вярнуўся з фронту», «Вёска будуецца», «На сенакосе», «Сям’я дома», «Печаная бульба», «Дзядулевы дудачкі», «Стары калодзеж», «Дрэва жыцця» (усе 1970-я г.) і інш.

Літ.:

Шаура Р.Ф., Красічкава А.І. М.​М.​Засінец. Мн., 1981.

М.Засінец. Пах спелага жыта. 1972.

т. 6, с. 544

ЗАСІ́НЦЫ,

вёска ў Ельскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Ясенец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 46 км на ПдЗ ад г. Ельск, 223 км ад Гомеля, 32 км ад чыг. ст. Славечна. 343 ж., 129 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам.

т. 6, с. 544

ЗА́СКАР,

горны хрыбет на ПнЗ Гімалаяў, у Індыі і Кітаі. Даўж. каля 600 км. Складзены з вапнякоў, пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. На выш. каля 6400 м — шырокая, расчлянёная цяснінамі платопадобная паверхня, над якой узвышаюцца асобныя пікі (выш. да 7816 м, г. Нандадэві). Рэльеф альпійскі. Снежнікі, ледавікі. На паўд.-зах. схілах — лясы з гімалайскага кедру (да выш. 4000 м), лугі, на ПнУ — горныя стэпы.

т. 6, с. 544

ЗАСЛА́ЎЕ,

горад абл. падпарадкавання ў Мінскім р-не, на аўтадарозе Мінск—Маладзечна, на р. Свіслач пры ўпадзенні яе ў Заслаўскае вадасх. За 27 км ад Мінска, чыг. ст. Беларусь на лініі Мінск—Маладзечна, 13,7 тыс. ж. (1997).

Паводле археал. даследаванняў, у 10 ст. на правым беразе р. Свіслач існавала неўмацаванае паселішча крывічоў, на процілеглым беразе — пагост (велікакняжацкі адм.-гасп. пункт). Каля 985 на ПдЗ ад іх узнікла гарадзішча «Замэчак», якое на мяжы 11—12 ст. насельніцтва пакінула пасля ўзвядзення дзядзінца на месцы правабярэжнага паселішча. Паводле летапіснага падання, у 10 ст. кіеўскі кн. Уладзімір Святаславіч заснаваў туг горад для жонкі кн. полацкай Рагнеды Рагвалодаўны і сына Ізяслава Уладзіміравіча, у гонар якога названы. Верагодна, з пач. 12 ст. быў цэнтрам удзельнага Ізяслаўскага княства. У летапісах З. (Изяславль, Жеславль, Жаславль) упамінаецца пад 1127 у сувязі з паходам на Полацкую зямлю вял кн. кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча. У сярэдзіне 12 ст. горад і княства сталі аб’ектам барацьбы паміж полацкімі і мінскімі князямі. У канцы 13 ст., верагодна, увайшло ў склад ВКЛ. З 1345 прыватнаўласніцкі горад, належаў кн. Яўнуту, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі. У 1539 З. належала Глябовічам, з 1569 у складзе Мінскага пав. Былы дзядзінец у 16 ст. ператвораны ў рэзідэнцыю ўладальнікаў З. (гл. Заслаўскі замак). У канцы 16 ст. тут пабудаваны кальвінскі збор. З 1678 горадам валодалі Сапегі, з 1753 — Пшаздзецкія. У канцы 17—18 ст. цэнтр Заслаўскага графства, паводле прывілея 1772 атрымала права на 4 кірмашы ў год. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў З. былі цагельня і суконная ф-ка. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці. У 1873 праз яго пракладзена Лібава-Роменская чыгунка, адкрыта ст. Ізяслаў. У 1904—3 тыс. ж., 2 школы, бальніца, аптэка, пошта, 2 царквы (захавалася Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква), Заслаўскі фарны касцёл. У 1924—59 цэнтр Заслаўскага раёна БССР, з 27.9.1938 гар. пасёлак, з 14.8.1985 горад абл. падпарадкавання. З 28.6.1941 да 4.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў З. і раёне загубілі 3938 чал. У 1977—6,5 тыс. чал. Стараж. частка горада, археал. і арх. помнікі ўключаны ў Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік.

Працуюць карданажна-паліграф. ф-ка, з-ды драбільна-сартавальны, жалезабетонных вырабаў, асфальтавы, малочны, хлебазавод. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму, памятны крыж у гонар 1000-годдзя хрысціянства на Беларусі. Памятны камень (1985) з нагоды 1000-годдзя горада. Помнікі архітэктуры: Заслаўскі фарны касцёл, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква. Помнік археалогіі гарадзішча Замэчак. На тэр. З. існаваў Заслаўскі музей рамёстваў і народных промыслаў.

Да арт. Заслаўе. Памятны крыж на гарадзішчы Замэчак.

т. 6, с. 544

ЗАСЛА́ЎЕ,

геалагічнае агаленне адкладаў муравінскага міжледавікоўя каля г. Заслаўе (Мінскі р-н) у пясчана-жвіровым кар’еры; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1984). Адкрыта ў 1979. Магутнасць азёрна-балотных (торф, суглінак) адкладаў 1,5—2,5 м, якія агаляюцца на працягу больш за 100 м. Залягаюць на флювіягляцыяльных пародах дняпроўскага зледзянення і перакрыты лёсападобнымі асадкамі паазерскага зледзянення. У адкладзе выяўлены пылок, споры, плады, насенне каля 60 відаў дрэвавых і травяністых раслін (граб, ліпа, клён, ляшчына, зрэдку дуб і елка), больш за 20 відаў рэшткаў насякомых, якія існавалі ў час оптымуму муравінскага міжледавікоўя.

Г.​І.​Літвінюк.

т. 6, с. 545

ЗАСЛА́ЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Мінскае мора,

Ганалес. У Мінскім р-не, за 10 км на ПнЗ ад Мінска. Створана ў 1956. Рэканструявана і добраўпарадкавана ў 1977. Уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Пл. 25,6 км², даўж. 12 км, найб. шыр. 4,7 км, найб. глыб. 9,1 м. Аб’ём вады 86,1 млн. м³, Чаша — затопленыя рэчышчы і поймы рэк Свіслач, Вяча, Ратамка, Чарняўка. Месцамі ад вадасховішча дамбамі адсечаны мелкаводдзі, дзе створаны польдэры. Ёсць 3 глыбокаўрэзаныя залівы (самы вял. Ратамскі), 11 астравоў (агульная пл. каля 0,29 км²). Дно да глыб. 8 м выслана ілам, уздоўж былых рэчышчаў Свіслачы і Вячы — торфам. Берагі спадзістыя, з Пд і 3 парослыя лесам (з пасадкамі таполі, вярбы, акацыі). Месцамі створаны штучныя пясчаныя пляжы шыр. 20—50 м.

Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня 60—70 см) трымаецца да канца сак.пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню перавышае 1 м. Са стварэннем Вілейска-Мінскай воднай сістэмы праточнасць З.в. павялічылася ў 3 разы. Ёсць асобныя ўчасткі, дзе абмен вады вельмі запаволены (на У у Спартакаўскім зал.). Пераважаюць вятры паўн.-зах. напрамку, якія могуць утвараць хвалі выш. 0,7—1,2 м. У выніку хвалевай эрозіі інтэнсіўна размываюцца паўд.-зах. і паўд.-ўсх. берагі. Уздоўж берагоў зарастае, расліннасць (чарот азёрны, трыснёг і аер звычайныя, трапляюцца рдзесты, драсён земнаводны) найб. пашырана ў залівах і вярхоўі. Водзяцца акунь, плотка, шчупак, верхаводка. Выкарыстоўваецца для сезоннага рэгулявання сцёку, абваднення Свіслачы, забеспячэння вадой Мінска. З.в. ўваходзіць у зону адпачынку Мінскага м., на берагах размешчаны міжнар. маладзёжны цэнтр «Юнацтва», прафілакторыі, базы для аматараў-рыбаловаў, спартбазы, дзіцячыя аздараўленчыя лагеры і інш.

Г.​С.​Жукоўская.

Заслаўскае вадасховішча.
Краявід на Заслаўскім вадасховішчы.

т. 6, с. 545