«ЗАРЯ́»,

літаратурна-грамадскі рукапісны часопіс. Выдаваўся ў 1910 у г. Капыль Мінскай вобл. на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». У ім супрацоўнічалі З.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), А.​Гурло, Х.​Станілевіч, Х.​Чарнышэвіч і інш. Меў раздзелы белетрыстыкі, літ. крытыкі і публіцыстыкі. У часопісе змешчаны апавяданні Н.​Беленькага «Сухотны» і А.​Неўліна «Ахвяра», вершы. У крытычных артыкулах, скіраваных супраць дэкадэнтаў і мадэрністаў, высока ацэньвалася бел. паэзія, адзначалася яе цесная сувязь з нар. жыццём. Выйшла 15 нумароў.

А.​М.​Клачко.

т. 6, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)