Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВІ́ЦЕБСКІ ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ЗАВО́Д,

гл. ў арт. Віцебскае вытворнае аб’яднанне «Віцязь».

т. 4, с. 232

ВІ́ЦЕБСКІ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.

Засн. ў 1965 як Віцебскі тэхнал. ін-т лёгкай прам-сці. З 1995 ун-т. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: канструктарска-тэхналагічны; эканоміка-тэхналагічны; механіка-тэхналагічны; завочны; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1989. Ун-т мае 2 н.-д. лабараторыі, выліч. цэнтр, музей гісторыі ун-та, спарт. комплекс, эксперыментальна-доследнае прадпрыемства. З 1980 выдае зборнік навук. прац (у 2 частках).

т. 4, с. 232

ВІ́ЦЕБСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т.

Засн ў 1918 як Віцебскі пед. ін-т на базе Віцебскага настаўніцкага інстытута. У 1919 пед. ін-т перайменаваны ў Ін-т нар. адукацыі, у 1923 аб’яднаны з БДУ. У 1930 адноўлены, у 1934—92 імя С.​М.​Кірава. З 1.9.1995 ун-т. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: матэм., фіз., біял., філал., бел. філалогіі і гісторыі, мастацка-графічны, фізічнай культуры і спорту, дашкольнай педагогікі і псіхалогіі, педагогікі і методыкі пач. навучання, музычна-мастацкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1991. Ун-т мае н.-д. лабараторыю па біялогіі Беларускага Паазер’я, бат. сад, музей П.​М.​Машэрава, гісторыі ВНУ, біял., літ., мастацкі. Выдае час. «Диалог. Карнавал. Хронотоп», «Веснік Віцебскага дзяржаўнага універсітэта».

В.​Н.​Вінаградаў.

т. 4, с. 232

ВІ́ЦЕБСКІ ФІЛІЯ́Л ВЫШЭ́ЙШАГА КАЛЕ́ДЖА СУ́ВЯЗІ Міністэрства сувязі і інфарматыкі Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1945 у Пінску як электратэхнікум сувязі, у 1956 пераведзены ў Віцебск. З 1993 сучасная назва. Дае сярэднюю спец. адукацыю па спецыяльнасцях (1996/97 навуч. г.): тэлекамунікацыйныя сістэмы; паштовая сувязь; бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 4, с. 232

ВІ́ЦЕБСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Існаваў у 1893—1919 у Віцебску. Засн. Е.Р.Раманавым і А.П.Сапуновым. Першыя экспанаты сабраны ў Віцебску. Папаўняўся выпадкова знойдзенымі рэчамі і матэрыяламі археал. раскопак на Віцебшчыне. У 1905 было 1247 экспанатаў, у т. л. творы бел. мастакоў 17—18 ст., узоры нар. разьбы па косці і дрэве, манеты, медалі, царк. начынне і інш. Найб. каштоўнасць мелі рукапісныя кнігі і дакументы ўстаноў Полацкай епархіі, апісаныя Сапуновым у кн. «Архіў Полацкай духоўнай кансісторыі» (1898). У 1919 большасць матэрыялаў перададзена Віцебскаму губ. музею (гл. Віцебскі абласны краязнаўчы музей).

Л.​Дз.​Клок.

т. 4, с. 232

ВІ́ЦЕБСКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ, Цэнтральны архіў старажытных актавых кніг Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Існаваў у 1862—1903 у Віцебску. Створаны для збірання і захоўвання дакументаў часоў ВКЛ на тэр. Віцебскай і Магілёўскай губ. Меў 1896 актавых кніг (акты земскіх і гродскіх судоў, магдэбургій, інвентары, каралеўскія прывілеі 16—18 ст. і інш.). З 1871 выдаваў зб. «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы». Значны ўклад у дзейнасць архіва зрабілі М.Л.Вяроўкін, Дз.І.Даўгяла, А.М.Сазонаў, А.П.Сапуноў. Пасля скасавання дакументы архіва перададзены ў Віленскі цэнтральны архіў старажытных актаў. У сувязі з 1-й сусв. вайной большая частка дакументаў эвакуіравана, частка ацалелых матэрыялаў зберагаецца ў Цэнтр. дзярж. гіст. архіве Беларусі.

т. 4, с. 232

ВІ́ЦЕБСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНА-МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1882—1940 у Віцебску. Вырабляў плугі, выконваў кавальска-слясарныя работы. З 1892 меў паравы рухавік. У 1910—13 выпускаў турбіны, млынавыя машыны, прыводы і інш. абсталяванне для млыноў. У 1914—16 меў ліцейны і мех. цэхі, кузню і машыннае аддзяленне, выконваў ваен. заказы. У грамадз. вайну тут наладжаны рамонт вайск. трансп. сродкаў для Чырв. Арміі. З 1922 вырабляў драбільныя машыны, слясарныя ціскі. Працавала ад 50 (1890—95) да 75 (1902) рабочых. У 1940 на яго базе створаны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна.

т. 4, с. 232

ВІ́ЦЕБСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л Пабудаваны ў 1866, калі праз Віцебск была пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка. У Вял. Айч. вайну пашкоджаны. У 1954 узведзены новы будынак вакзала (арх. Б.​Мезенцаў). У аб’ёмна-прасторавым вырашэнні сіметрычнага прамавугольнага ў плане цаглянага будынка дамінуе цэнтр. аб’ём з 2—4-павярховымі бакавымі крыламі. Кампазіцыя гал. фасада цэнтр. аб’ёму заснавана на рытме 3 буйных арачных праёмаў на ўсю вышыню. У архітэктуры фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны дэкар. элементы класічнай спадчыны: пілястры, капітэлі, паўкалоны і інш. Інтэр’еры апрацаваны мармурам, тынкам, гіпсам.

А.​А.​Бельскі.

Віцебскі чыгуначны вакзал.

т. 4, с. 232

ВІ́ЦЕБСКІ ШКЛОЗАВО́Д «ЗАХО́ДНЯЯ ДЗВІНА́».

Дзейнічаў у 1909—14 у Віцебску. У 1913 працавала 500 рабочых, з-д вырабіў звычайнага шкла і хрусталю на 300 тыс. руб.

т. 4, с. 233

ВІ́ЦЕБСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1671—1766 пры Віцебскім езуіцкім калегіуме. У канцы 17 ст. былі пастаўлены лац. («Два браты, святыя Канцый і Канцыян») і польская («Містычнае прычасце вяселля Генсерыка і Трызімунда») драмы. У 18 ст. ставіліся панегірычная драма «Каштоўны камень у дзюбе крумкача Гасеўскіх, які ўпрыгожвае дзедаў пярсцёнак Корвінаў» (1737; прысвечана гербу віцебскіх магнатаў і 50-годдзю існавання калегіума), польск. трагедыі «Артахар» Я.​Кушаля (1765) і «Сеннахерыб» (1766). Школьныя драмы пісалі выкладчыкі рыторыкі і паэтыкі калегіума С.​Макоўскі, Ян Заранак і інш.

т. 4, с. 233