Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Карзай Хамід

т. 18, кн. 1, с. 402

КАРЗЕ́НКА (Георгій Уладзіміравіч) (н. 24.12.1953, Мінск),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1996). Сын У.М.Карзенкі. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1976), настаўнічаў. З 1980 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе праблемы гісторыі бел. навукі, станаўлення і развіцця навук. устаноў, стварэння іх матэрыяльна-тэхн. базы, фарміравання і развіцця сістэмы падрыхтоўкі навук. кадраў і інш.

Тв.:

Наука и техника Советской Белоруссии в 1917—1990 гг.: Хроника важнейших событий. Мн., 1991 (у сааўт.);

Научная интеллигенция Беларуси в 1944—1990 гг. (подготовка, рост, структура). Мн., 1995.

т. 8, с. 70

КАРЗЕ́НКА (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 24.12.1929, Мінск),

бел. вучоны ў галіне эпідэміялогіі і гігіены. Д-р мед. н. (1974), праф. (1984). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). У 1953—69 і з 1976 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. З 1982 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту Беларусі (да 1987 заг. кафедры). Навук. працы па эпідэміялогіі і прафілактыцы заанозных, прыродна-ачаговых і асабліва небяспечных інфекц. хвароб, даследаванні ратавірусаў, гігіене фіз. культуры і спорту, валеалогіі.

Тв.:

Гигиеническое обеспечение занятий физической культурой и спортом. Мн., 1986 (у сааўт.);

Валеология — наука о здоровье (история и современность) (разам з І.​У.​Брусковай) // Тайны долголетия: О некоторых эффективных направлениях продления жизни. Гомель, 1996.

т. 8, с. 70

КАРЗЮ́К (Віктар Іванавіч) (н. 4.4.1945, в. Петрашунцы Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р фіз.-матэм. н. (1994), праф. (1995). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1996). Скончыў БДУ (1966), дзе і працуе з 1967, з∙1996 прарэктар. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўненнях з частковымі вытворнымі. Распрацаваў метад энергетычных няроўнасцей і аператараў асярэднення пераменнага кроку, на пад ставе чаго даследаваў на вырашальнасць шэраг гранічных задач матэм. фізікі. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Метод энергетических неравенств и операторов осреднения // Вестн. БГУ. Сер. 1. Физика. Математика. Информатика. 1996. №: Граничная задача для уравнения Манжерона третьего порядка // Дифференциальные уравнения. 1997. Т. 33, № 12.

П.​М.​Бараноўскі.

В.І.Карзюк.

т. 8, с. 70

КАРЗЯНКО́ВА Аляўціна Аляксандраўна(н. 25.3.1935, С.-Пецярбург), бел. артыстка балета, педагог. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1954). З 1954 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1977 педагог Бел. харэагр. вучылішча. З 1992 педагог-рэпетытар Т-ра балета Дзярж. Крамлёўскага палаца ў Маскве. З 1998 балетмайстар-пастаноўшчык Дзярж. т-ра музкамедыі Рэспублікі Беларусь. Танцоўшчыца шырокага творчага дыяпазону. Яе творчасці характэрны валоданне рознымі формамі танца, тонкая распрацоўка дэталей, глыбокі псіхалагізм. Сярод партый: Марыя, Наталька, Джулія («Мара», «Выбранніца», «Альпійская балада» Я.​Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г.​Вагнера), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Анітра, Доўрская дзяўчына («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Эгіна і Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Францыска («Блакітны Дунай» на муз. І.​Штрауса). Выступала ў спектаклях Бел. тэлебачання як драм. актрыса.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 63—73.

А.​І.​Калядэнка.

А.Карзянкова ў ролі Папялушкі.
А.Карзянкова ў ролі Францыскі.

т. 8, с. 71

КАРЗЯНКО́Ў (Алег Аляксандравіч) (н. 15.3.1967, Мінск),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1989). Засл. арт. Расіі (1995). Сын А.А.Карзянковай. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1985). З 1985 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1990 у Т-ры балета Дзярж. Крамлёўскага палаца ў Маскве. Танцу К. ўласцівы пластычная экспрэсія, моцны тэмперамент, пачуццё стылю. Сярод партый на бел. сцэне: Базіль, Салор («Дон Кіхот», карціна «Цені» з балета «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Юнак («Вальпургіева ноч» Ш.​Гуно), Дэзірэ і Прынц («Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Сын («Крылы памяці» У.​Кандрусевіча), Іван («Альпійская балада» Я.​Глебава), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына), Д’ябал («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага), Крас («Спартак» А.​Хачатурана), Рамэо і Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Сіндбад («Шахеразада» М.​Рымскага-Корсакава). У Т-ры балета першы выканаўца партый П’ера («Прывал кавалерыі» І.​Армсгеймера), Драсельмеера і Прынца-Шчаўкунка («Шчаўкунок»), Базіля; Кронаса («Зеўс» на муз. Д.​Арапіса).

Т.​М.​Мушынская.

т. 8, с. 71

КАРКАРАЛІ́НСКІЯ ГО́РЫ,

горны масіў ва ўсх. ч. Казахскага драбнасопачніка. Выш. да 1565 м (г. Аксаран — найвыш. кропка Цэнтр. Казахстана). Схілы моцна расчлянёныя далінамі і лагчынамі. Складзены з гранітаў, парфірытаў, кварцытаў і інш. Шмат азёр. На схілах участкі хваёвых лясоў сярод кавыльнага і кавыльна-разнатраўнага стэпаў. Радовішчы поліметал. руд.

т. 8, с. 71

КАРКА́С (ад франц. carcasse шкілет),

касцяк, шкілет якога-небудзь вырабу, збудавання. Складаецца з асобных, змацаваных паміж сабой элементаў (стрыжняў, бэлек, калон, ферм, панэлей і інш.). Вызначае трываласць, устойлівасць, даўгавечнасць, форму вырабу (збудавання). Робіцца з металу, жалезабетону, дрэва і г.д. У буд-ве К. — нясучая канструкцыя з верт. стоек і замацаваных на іх гарыз. элементаў. Пашыраны зборныя К. з нясучымі вонкавымі агараджэннямі будынкаў і лёгкімі навяснымі панэлямі (гл. Каркасна-панэльныя канструкцыі).

т. 8, с. 71

КАРКА́СНА-ПАНЭ́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыі будынкаў, якія складаюцца з нясучых элементаў каркаса (жалезабетонных ці стальных калон, рыгеляў) і агараджальных канструкцый (сценавых панэлей, пліт і панэлей перакрыццяў і пакрыццяў). Прызначаны для буд-ва пераважна шматпавярховых будынкаў (канструкцыі са стальным каркасам мэтазгодныя для вышынных грамадскіх будынкаў — на 30 і больш паверхаў).

Каркасна-панэльная канструкцыя: 1 — калона; 2 — рыгель; 3 — дыяфрагма жорсткасці; 4 — панэль перакрыцця; 5 — панэль вонкавай сцяны.

т. 8, с. 71

КАРКІНІ́ЦКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў Чорнага м. паміж паўн.-зах. берагам Крымскага п-ва і мацерыком. Даўж. 118,5 км. Глыб. ў зах. ч. да 36 м, ва ўсх. — да 10 м. У суровыя зімы замярзае. Парты: Скадоўск, Харлы.

т. 8, с. 71