КАРЗЯНКО́ВА Аляўціна Аляксандраўна(н. 25.3.1935, С.-Пецярбург), бел. артыстка балета, педагог. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1954). З 1954 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1977 педагог Бел. харэагр. вучылішча. З 1992 педагог-рэпетытар Т-ра балета Дзярж. Крамлёўскага палаца ў Маскве. З 1998 балетмайстар-пастаноўшчык Дзярж. т-ра музкамедыі Рэспублікі Беларусь. Танцоўшчыца шырокага творчага дыяпазону. Яе творчасці характэрны валоданне рознымі формамі танца, тонкая распрацоўка дэталей, глыбокі псіхалагізм. Сярод партый: Марыя, Наталька, Джулія («Мара», «Выбранніца», «Альпійская балада» Я.​Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г.​Вагнера), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Анітра, Доўрская дзяўчына («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Эгіна і Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Францыска («Блакітны Дунай» на муз. І.​Штрауса). Выступала ў спектаклях Бел. тэлебачання як драм. актрыса.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 63—73.

А.​І.​Калядэнка.

А.Карзянкова ў ролі Папялушкі.
А.Карзянкова ў ролі Францыскі.

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)