ТЭ́ЦІС (ад імя стараж. грэч. багіні мора Фетыды, Thetis),
старажытны акіян (сістэма вял. стараж. марскіх басейнаў) шыротнага распасцірання ад Атлантычнага да Ціхага ак. на месцы сучаснага мацерыка Еўразія. Акаймаваны на Пн і Пд участкамі стараж. платформ (Усх.-Еўрапейскай, Сібірскай, Індастанскай, Афрыкана-Аравійскай і інш.). Утвораны ў канцы дакембрыю — пач. палеазою (Палеатэціс). Асабліва быў выражаны ў мезазоі (уласна Т.) і пач. кайназою (Паратэціс) у межах Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса. У неагене на месцы Т. ўзняліся высокія хрыбты Альпійска-Гімалайскага горнага пояса. Рэліктамі Т. з’яўляюцца Міжземнае, Чорнае, Каспійскае моры, Персідскі зал. і моры Малайскага архіпелага. Тэрмін прапанаваў аўстр. геолаг Э.Зюс у канцы 19 ст.
т. 16, с. 151
ТЭЯРДЫ́ЗМ,
рэлігійна-філасофскае вучэнне, распрацаванае П.Тэярам дэ Шардэнам.
т. 16, с. 151
ТЭЯ́Р ДЭ ШАРДЭ́Н (Teilhard de Chardin) П’ер (Мары-Жазеф П’ер; 1.5.1881, замак Сарсена каля г. Клермон-Феран, Францыя — 10.4.1955),
французскі філосаф, тэолаг і палеантолаг. З 1899 чл. Т-ва Ісуса (ордэн езуітаў), святар (1911). Чл. Парыжскай АН (1950). Скончыў езуіцкую семінарыю на в-ве Джэрсі (1907). З 1913 у Ін-це палеанталогіі чалавека пры Музеі натуральнай гісторыі ў Парыжы. З 1920 праф. Каталіцкага ун-та ў Парыжы (у 1926 абвінавачаны ў антыдактрынальнасці і адхілены ад выкладання). З 1923 удзельнічаў у палеанталагічных экспедыцыях у Манголіі, Паўд.-Зах. Кітаі, Індыі, Бірме, Яве і інш. Адзін з першаадкрывальнікаў сінантрапа, знойдзенага ім у 1929 каля Пекіна. Даследаваў трацічную і раннечацвярцічную фауну і антрапагенез на тэр. Паўд. Азіі. У цэнтры яго філасофіі — праблема чалавека як біял. і над біял. (свядомай) істоты; выступаў за аб’яднанне ідэалізму і матэрыялізму ў выглядзе «фенаменалогіі», якая б улічвала і ўнутр., і вонкавы бакі свету. Эвалюцыю Зямлі разглядаў як трансфармацыю найперш псіхічную, што тлумачыў наяўнасцю ў зямной матэрыі элементарнай свядомасці. У развіцці свету вылучаў 3 этапы: пераджыццё (узнікненне нежывой прыроды), жыццё (спантаннае развіццё жывой прыроды і разгалінаванне жывёльнага свету), з’яўленне чалавека (вырашальная стадыя ў эвалюцыі Зямлі, якая паклала пачатак наагенезу). Сцвярджаў, што, як зліццё аднаклетачных прывяло да прагрэсу жывой прыроды, так і чалавецтва павінна рухацца да духоўнага аб’яднання, «мегасінтэзу» індывідаў, нацый і рас. Эвалюцыйны падыход характэрны і для яго тэалагічных поглядаў: разглядаў стварэнне свету Богам не як адзіначасны акт, а як бесперапынны працэс. На яго думку, чалавек на шляху да Бога павінен не ўхіляцца ад паўсядзённасці, а актыўна ператвараць рэчаіснасць у адпаведнасці з Божай ідэяй «адухаўлення матэрыі». Вучэнне Т.д.Ш. — тэярдызм — атрымала масавую папулярнасць як альтэрнатыва неатамізму — афіц. дактрыне рымска-каталіцкай царквы.
Тв.:
Рус. пер. — Феномен человека. М., 1987;
Божественная среда. М., 1992.
Н.Г.Кісялёва.
т. 16, с. 151