ТЭХНІ́ЧНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, асобныя часткі якіх выкарыстоўваюць як сыравіну для прам-сці. Крухмаланосныя культуры маюць крухмал у клубнях (бульба, батат, ямс і інш.), цукраносныя культуры — цукар у сцёблах (цукр. трыснёг, цукр. клён), караняплодах (цукр. буракі), суквеццях (цукр. і вінная пальмы). У алейных культур расл. алеі назапашваюцца ў насенні і пладах (сланечнік, арахіс, соя, клешчавіна, рапс, кунжут, гарчыца, лён алейны, какосавая і алейная пальмы, масліна, тунг), у эфіраалейных культур эфірныя алеі — у надземных частках (мята, герань, базілік), кветках (ружа эфірнаалейная, лаванда, тубероза, бэз), пладах (каляндра, аніс, фенхель), каранях і карэнішчах (ветыверыя, касач). Прадзільныя культуры маюць тэкст. валокны ў сцёблах (лён-даўгунец, джут, кенаф, каноплі), лісці (новазеландскі лён), насенні (бавоўнік), пладах (сейба). Вылучаюць таксама дубільныя расліны (скумпія, бадан, елка, лістоўніца, некат. віды дуба), каўчуканосныя расліны (гевея, гваюла), фарбавальныя расліны (марэна, вайда, сафора японская, шафран), лекавыя расліны (валяр’ян, наперстаўка, беладонна, хіннае дрэва, жэньшэнь), наркатычныя расліны (тытунь, махорка, індыйскія каноплі, мак опійны), гутаперчаносныя (эўкомія, палаквіум, паена, брызгліна), карканосныя (коркавы дуб), інш. Як Т.к. выкарыстоўваюць хмель, варсянку і інш.
т. 16, с. 151