Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІЛА́НЦЬЕЎ (Юрый Васілевіч) (10.4.1919, г. Краснадар, Расія — 20.12.1983),

расійскі дырыжор, кампазітар. Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1940). З 1948 скрыпач-канцэртмайстар і асістэнт дырыжора Маскоўскага сімф. аркестра. З 1958 маст. кіраўнік і гал. дырыжор створанага ім эстрадна-сімф. аркестра Цэнтр. тэлебачання і радыёвяшчання. Аўтар муз. твораў розных жанраў: рапсодыя «Адыгейскі зафак» (1973), «Камсамольская сімфонія» (1976), балет «Юнацтва» (1976—77) і інш.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 376

СІЛА́НЫ,

крэменевадароды, група хім. злучэнняў крэмнію з вадародам агульнай ф-лы SinH2n+2 (n = 1—8); аналагі алканаў (гл. Насычаныя злучэнні). Ланцугі, утвораныя атамамі крэмнію няўстойлівыя; вышэйшы вядомы член гомалагічнага раду С. — октасілан Si8H18.

Монасілан SiH4 (tкіп -112 °C, шчыльн. 680 кг/м³) і дысілан Si2H6 — бясколерныя газы, астатнія — бясколерныя лятучыя вадкасці з непрыемным пахам, атрутныя. Раствараюцца ў этаноле, бензіне, серавугляродзе. Пірафорныя (гл. Пірафорныя рэчывы). Вельмі лёгка акісляюцца (для С. з n ≥ 3 рэакцыя адбываецца з моцным выбухам) і гідралізуюцца з утварэннем крэмнію дыаксіду і вадароду. Монасілан атрымліваюць раскладаннем трыэтаксісілану (C2H5O)3SiH пры 20—80 °C у прысутнасці натрыю, астатнія С. — раскладаннем сіліцыдаў металаў к-тамі і шчолачамі. Выкарыстоўваюць SiH4 для атрымання паўправадніковага крэмнію.

т. 14, с. 376

СІ́ЛАС (ісп. silos, мн. лік ад silo падземнае памяшканне, яма для захоўвання зерня),

кансерваваная без доступу паветра зялёная маса раслін, сакаўны корм. Сіласуюць сіласныя культуры, дзікарослыя травы, бацвінне, караняплоды і інш.

Расліны здрабняюць, закладваюць слаямі ў сіласасховішчы, утрамбоўваюць і ізалююць ад паветра зямлёй, глінай або сінт. плёнкай. У такіх умовах хутка размнажаюцца малочнакіслыя бактэрыі, якія раскладаюць цукры з утварэннем малочнай к-ты і прыгнечваюць анаэробныя маслянакіслыя і гніласныя працэсы. Гатуюць С. просты ці камбінаваны, часам з падвяленых (да 70% вільгаці) раслін. Якасны С. мае прыемны пах (квашанай капусты, мочаных яблык, фруктовы), кіславаты смак, жоўта-зялёны колер, рыхлую структуру, у ім зберагаюцца пажыўныя рэчывы (акрамя цукру) і вітаміны. Уваходзіць у кармавы рацыён с.-г. жывёл, паляпшае іх страваванне, засвойванне інш., асабліва грубых кармоў.

т. 14, с. 377

СІЛАСАСХО́ВІШЧА,

збудаванне ў выглядзе траншэі або вежы для прыгатавання і захоўвання сіласу. Ахоўваюць сіласную масу ад доступу паветра, пранікнення вады і прамярзання.

Будуюцца звычайна на тэр. жывёлагадоўчых або птушкагадоўчых ферм з найкарацейшымі адлегласцямі падачы сіласу для скормлівання. Траншэі бываюць наземныя, паўзаглыбленыя і заглыбленыя, сцены іх звычайна уцяпляюць грунтам, днішчы робяць з нахілам для сцёку вадкасці. Аб’ём 500—4000 м³. Гл. таксама Сянажнае сховішча.

Сіласасховішча: 1 — наземнае з жалезабетонных блокаў; 2 — з бутавага каменю; 3 — паўзаглыбленае з цэглы; 4 — з жалезабетонных пліт.

т. 14, с. 377

СІЛАСАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,

машына для ўборкі (адначасовага скошвання, здрабнення і пагрузкі ў трансп. сродкі) на сілас кукурузы, сланечніку, віка-аўсянай сумесі і інш. культур. Бываюць прычапныя (агрэгатуюцца пераважна з колавымі трактарамі тыпу «Беларусь» і Τ-150Κ, а таксама з гусенічнымі) і самаходныя.

Выкарыстоўваюцца таксама для нарыхтоўкі сенажу, зялёнай падкормкі, травяной мукі. Асн. рабочыя органы: рэжучы апарат (жняярка платформеннага тыпу суцэльнага зрэзу), барабанны здрабняльны апарат, сіласаправод. Для падборкі зялёнай або падсушанай травы з валкоў замест жняяркі манціруюць падборшчык. Для ўборкі сіласных культур выкарыстоўваюць таксама кормаўборачныя камбайны. На Беларусі С.к. выпускае з-д «Гомсельмаш».

В.​М.​Кандрацьеў.

Самаходны сіласаўборачны камбайн.

т. 14, с. 377

СІ́ЛАСНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для прыгатавання сіласу. Да іх адносяць расліны, што даюць высокі ўраджай зялёнай масы, багатыя асн. пажыўнымі рэчывамі, паддаюцца механізаванай уборцы і апрацоўцы. На Беларусі асн. С.к.: кукуруза, кармавыя лубін і капуста, сланечнік, віка-аўсяная сумесь, рапс, рэдзька і інш.

т. 14, с. 377

СІЛАЭ́ ((Siloé) Дыега дэ) (каля 1495, г. Бургас, Іспанія — 22.10.1563),

іспанскі архітэктар і скульптар. Верагодна, сын і вучань скульпт. Х. дэ Сілаэ. Працаваў у Італіі, дзе зазнаў уплыў Мікеланджэла і фларэнційскай школы архітэктуры, з 1519 — пры саборы ў Бургасе («Залатая лесвіца», 1519—23; шэраг надмагілляў). У арх. творах С. (сабор у г. Гранада, з 1528, і інш.) спалучаў гатычныя элементы з ордэрам і рэнесансавымі па духу гарманічнымі прасторавымі пабудовамі. Яго скульпт. работы блізкія да маст. традыцыі Высокага Адраджэння (убранне сабора ў Гранадзе, рэльефы хора касцёла Сан-Беніта ў Вальядалідзе).

т. 14, с. 377

СІ́ЛА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

прасторава-вуглавая шчыльнасць патоку выпрамянення. С.в. роўная адносінам патоку выпрамянення, якое распаўсюджваецца ад кропкавай крыніцы ўнутры прасторавага вугла, да лікавага значэння гэтага вугла. Адзінка С.в. ў СІват на стэрадыян. У сістэме светлавых велічынь аналагам С.в. з’яўляецца сіла святла.

т. 14, с. 375

СІ́ЛА ГУ́КУ,

тое, што інтэнсіўнасць гуку.

т. 14, с. 375

СІ́ЛА ІНЕ́РЦЫІ,

вектарная фіз. велічыня, лікава роўная здабытку масы матэрыяльнага пункта (часціцы) на модуль яго паскарэння і накіраваная процілегла паскарэнню.

Пры крывалінейным руху часціцы адрозніваюць датычную С.і. Fτ = maτ і нармальную (цэнтрабежную) С.і. Fn = man , дзе m — маса часціцы, aτ — тангенцыяльнае паскарэнне, an — нармальнае паскарэнне. Ураўненне часціцы адносна неінерцыяльнай сістэмы адліку мае выгляд maад = F + Fпер + Fкар , дзе F — раўнадзейная ўсіх знешніх сіл, што дзейнічаюць на часціцу; Fпер = maпер — пераносная С.і.; aад і aпер — адноснае і пераноснае паскарэнні (гл. Адносны рух), Fкар — Карыяліса сіла. С.і. прапарцыянальная масе і таму нагадвае гравітацыйную сілу (сілу прыцягнення), што дазваляе параўноўваць рух часціцы адносна неінерцыяльнай сістэмы адліку з яе свабодным рухам у дадатковым («эквівалентным») гравітацыйным полі (гл. Эквівалентнасці прынцып).

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 375