Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́ЦЕБСКІ ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНА-ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1969 у Віцебску. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): цырульніцкае майстэрства і дэкар. касметыка; тэхналогія прадукцыі грамадскага харчавання; прафес. навучанне (швейная вытв-сць); тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі расліннай сыравіны (хлебапякарная, макаронная і кандытарская вытв-сць). Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 4, с. 227

ВІ́ЦЕБСКІ ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1971 як Віцебскі індустрыяльны тэхнікум, на базе якога і далучанага Віцебскага тэхнал. тэхнікума (з 1955) у 1987 створаны індустрыяльна-тэхнал. тэхнікум. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): прамысловае і грамадзянскае буд-ва; архітэктура; тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў; хім. тэхналогія вытв-сці і перапрацоўкі неметал. матэрыялаў; вытв-сць буд. вырабаў і канструкцый; тэхналогія тканіны, трыкатажу і нятканых матэрыялаў. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 4, с. 228

ВІ́ЦЕБСКІ КААЛІЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, Віцебская кааліцыйная камісія,

орган кіраўніцтва рэв. барацьбой працоўных Віцебска ў час Кастр. усерас. паліт. стачкі і Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве 1905. Утвораны з прадстаўнікоў мясц. арг-цый Бунда і РСДРП. Арганізаваў міліцыю, падтрымліваў парадак у горадзе, некалькі дзён кантраляваў чыг. вузел, выдаваў адозвы і лістоўкі з заклікам да ўзбр. барацьбы 21—22 снеж. спрабаваў арганізаваць забастоўку рабочых чыг. станцыі і прамысл. прадпрыемстваў. Выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. Пасля паражэння Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве паліт. стачка ў Віцебску спынена.

т. 4, с. 228

ВІ́ЦЕБСКІ КАМБІНА́Т ШАЎКО́ВЫХ ТКАНІ́Н.

Створаны ў 1955 у Віцебску як шаўкаткацкая ф-ка. У 1965—72 уведзена аддзелачная вытв-сць. З 1968 шаўковы камбінат, з 1976 сучасная назва. У 1984—85 рэканструяваны, расшырана ткацкая вытв-сць. З 1994 — калектыўнае прадпрыемства. Цэхі: падрыхтоўчы, ткацкі, аддзелачны. Асн. прадукцыя (1996): шаўковыя тканіны (усяго 6 млн. м гатовых тканін), з прымессю штучных валокнаў, з сінт. нітак і валокнаў, з штучных і з сінт. нітак з інш. валокнамі, з штапельнага валакна; сукеначныя, парцьерныя, касцюмныя і блузачныя, падкладачныя, а таксама тэхнічныя.

т. 4, с. 228

ВІ́ЦЕБСКІ КА́ФЕЛЬНА-МАЁЛІКАВЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1878—1914 у Віцебску. Меў газавы (1895) і паравы (1908) рухавікі. Вырабляў пячную тэракотавую, белаглазураваную і залачоную кафлю, маёліку (1913). Напярэдадні 1-й сусв. вайны адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў такога тыпу ў Расійскай імперыі, меў магазіны ў Варшаве, Пецярбургу, Казані, Саратаве, Растове і Мікалаеве. Працавала ад 12 (1895) да 118 (1913) рабочых.

т. 4, с. 228

ВІ́ЦЕБСКІ КЛУБ МЕТАЛІ́СТАЎ,

помнік архітэктуры 1930-х г. Пабудаваны ў Віцебску ў 1932 (арх. А.Васільеў). Мае складаную канфігурацыю плана. Вонкавы выгляд і інтэр’еры вызначаюцца строгасцю арх. формаў. Складаецца з 2 груп памяшканняў з асобнымі ўваходамі. Першая — для відовішчаў (вестыбюль, фае, універсальная глядзельная і спарт. залы), другая — клубная (у 2-павярховай частцы, якая пад прамым вуглом прылягае да асн. аб’ёму).

А.А.Воінаў.

т. 4, с. 228

ВІ́ЦЕБСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1676—1832 у Віцебску. Засн. віцебскім ваяводам Я.А.Храпавіцкім. У 1685 пабудаваны драўляны касцёл св. Антонія і жылы корпус. Пасля пажару 1733 пабудаваны мураваныя касцёл і 3-павярховы жылы корпус у стылі позняга барока. У 1772 касцёл асвячоны біскупам-суфраганам беларускім Ф.Тавянскім. У 1832 кляштар скасаваны. У 1843 касцёл стаў парафіяльным, дзейнічаў да 1920-х г. (тады ж разбураны і будынкі).

А.А.Ярашэвіч.

т. 4, с. 228

ВІ́ЦЕБСКІ ЛЕ́ТАПІС,

Dzieje miasta Witebska, Аверкі і Панцырнага летапіс, помнік гар. летапісання Беларусі 18 ст. на польск. мове. Завершаны ў 1768 жыхаром Віцебска С.Аверкам на аснове летапісу М.Панцырнага (звесткі датаваны 896—1709), кароткіх гіст. запісаў Чарноўскіх (1601—33) і Г.Аверкі (1733—57), матэрыялаў, сабраных аўтарам. Твор кампіляцыйны, кампазіцыйна рыхлы, яго часткі не аб’яднаны ў цэласны звод. Складаецца пераважна з кароткіх сухіх пагадовых запісаў-паведамленняў, размешчаных хаатычна. Звесткі па рус., польскай, сусветнай і літоўска-бел. гісторыі запазычаны пераважна з польскіх хронік і хранографаў, маюць шэраг недакладнасцей. Найб. каштоўныя арыгінальныя звесткі па гісторыі Беларусі і Віцебска, асабліва пра ваен.-паліт. падзеі канца 17 — пач. 18 ст. У канцы летапісу змешчаны спісы членаў віцебскага магістрата 1597, віцебскіх ваявод за 1516—1753 і інш. гіст.-дакументальныя матэрыялы. Упершыню апублікаваны А.П.Сапуновым у «Віцебскай даўніне» (т. 1, 1883) у перакладзе на рус. мову. Рукапіс захоўваецца ў Рас. нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.

Публ.:

Полное собрание русских летописей. М., 1975. Т. 32. С. 193—205.

В.А.Чамярыцкі.

т. 4, с. 228

ВІ́ЦЕБСКІ МА́РКАЎ (ТРО́ІЦКІ) МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1633—1918 у Віцебску, на правым беразе Зах. Дзвіны. Засн. аршанскім цівуном Л.С.Агінскім і браслаўскім земскім суддзёй С.Мірскім. У 1638 фундатары падаравалі манастыру зямлю на Маркаўшчыне (дзе ў 16 ст. нейкі Марк пабудаваў царкву, адсюль назва) і фальварак Шыдлоўшчыну. У 18 ст. меў шэраг вёсак і юрыдыкі ў Віцебску. У 1751 зроблена няўдалая спроба павярнуць манастыр да уніяцтва. Традыцыйна быў у падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі. У 1773 прылічаны да Пскоўскай епархіі, у 1795 — да Магілёўскай, у 1833 — да Полацкай. З 1798 меў ранг архімандрыт да яго быў прыпісаны Невельскі заштатны манастыр. У 1842 залічаны да манастыроў 1-га класа, мог мець 20 манахаў, атрымліваў ад дзяржавы 3185 рублёў серабром, маёнткі былі ўзяты ў казну (апрача 150 дзес. зямлі). Меў майстэрні, пач. школу для слабадскіх дзяцей. Пасля закрыцця манастыра будынкі [акрамя Пакроўскай (зараз вядома як Казанская) царквы] знесены.

Царква — помнік архітэктуры барока з рысамі ранняга класіцызму. Пабудаваны з цэглы да 1752 як Пакроўская царква. У 1847 да яе з захаду прыбудавана Мітрафанаўская царква. Першапачаткова храм быў крыжова-купальны. Да асн. кубападобнага аб’ёму з трыма паўкруглымі апсідамі далучаны развіты прытвор. Сцены прарэзаны высокімі арачнымі вокнамі і раскрапаваны пілястрамі. Бакавыя фасады царквы і прытвора завершаны трохвугольнымі франтонамі з арачнымі праёмамі. На цэнтр. апсідзе размешчана ляпная дэкар. рама-бленда.

А.А.Ярашэвіч.

т. 4, с. 228

ВІ́ЦЕБСКІ МАСТА́ЦКІ ТЭ́ХНІКУМ.

Існаваў у 1923—34 у Віцебску. Засн. на базе Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Пед. калектыў быў значна абноўлены, запрошаны выкладчыкі з маст. школы г. Веліж (Расія), мастакі, якія атрымалі спец. адукацыю ў ВНУ Масквы, Петраграда (І.Ахрэмчык, В.Волкаў, П. і Х.Даркевічы, В.Дзежыц, М.Керзін, М.Лебедзева, Л.Лейтман, Я.Мінін, М.Міхалап, В.Руцай, У.Хрусталёў, Г.Шульц). Лепшыя выпускнікі тэхнікума накіроўваліся ў Петраградскую АМ (з 1926). Ва ўмовах беларусізацыі навуч. працэс вёўся на бел. мове, выкладалася гісторыя бел. мастацтва. У 1927—28 меў аддзяленні: маст.-пед., скульптурна-пед., ганчарна-керамічнае. Тэрмін навучання 4 гады. У 1934 зноў рэарганізаваны ў маст. вучылішча. Сярод выпускнікоў тэхнікума: нар. мастак СССР З.Азгур, нар. мастакі БССР А.Бембель, А.Глебаў, Я.Зайцаў, Я.Нікалаеў, В.Цвірка, засл. дзеячы мастацтваў БССР К.Касмачоў, І.Ушакоў, засл. работнікі культуры БССР Я.Красоўскі, С.Лі, мастакі А.Арлоў, М.Беляніцкі, Г.Бржазоўскі, А.Волкаў, Н.Галоўчанка, П.Гаўрыленка, І.Давідовіч, М.Даўгяла, А.Кроль, М.Манасзон, Л.Ран, М.Тарасікаў, В.Ціхановіч, Я.Ціхановіч, М.Чураба і інш.

Літ.:

Машковцев М. Изобразительное искусство Белоруссии // Искусство Советской Белоруссии. М.; Л., 1940;

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960.

М.Л.Цыбульскі.

т. 4, с. 229