Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́ЦЕБСКІ ГІСТПА́РТ,

камісія па вывучэнні гісторыі кампартыі і Кастр. рэвалюцыі пры Віцебскім губкоме РКП(б). Існаваў з пач. 1922 да сак. 1924. Створаны на аснове пісьма ЦК РКП(б), у якім прапанавалася «неадкладна прыступіць да арганізацыі абласных і губернскіх гістпартаў». Узначальваў чл. губкома партыі С.М.Крылоў. Гал. кірункі работы камісіі — абследаванне архіваў і выяўленне матэрыялаў па гісторыі рэв. барацьбы, збор і публікацыя ўспамінаў старых бальшавікоў і ўдзельнікаў рэв. руху на Віцебшчыне. Асобныя матэрыялы друкаваліся ў час. «Коммунистический труд». Віцебскі гістпарт выпусціў кнігу мемуараў Б.Д.Пінсана «Бальшавікі ў Віцебску» (1922) і зб. успамінаў, артыкулаў і матэрыялаў «Чырвоная быль» (1923), у які ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў барацьбы за сав. ўладу ў губерні Б.Брэслава, Я.Гоба, Крылова і інш., матэрыялы пра рэв. падзеі ў лют.кастр. 1917 і ўстанаўленне сав. улады ў губерні. Віцебскі гістпарт ліквідаваны ў сувязі з уваходам Віцебскай губ. ў склад БССР.

У.М.Міхнюк.

т. 4, с. 227

ВІ́ЦЕБСКІ ГУБЕ́РНСКІ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у Віцебску з мая 1922 да вер. 1924. Да лета 1922 наз. Першы віцебскі юнацкі губ. паказальны т-р. Створаны на аснове Юнацкай драм. студыі (дзейнічала пры Віцебскім к-це дапамогі чырвонаармейцам, у 1919—22). Абслугоўваў шпіталі і вайск. часці горада, наладжваў спектаклі для дзяцей, вучнёўскай і рабочай моладзі. Узначальвалі калектыў рэж. Б.Шадурскі; рэжысёры Р.Брын і М.Кусільман; з лета 1922 маст. кіраўнік Б.Бертэльс. Аснову рэпертуару складала рус. і зарубежная класіка, у т. л. «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля, «Беднасць не загана», «Васіліса Мяленцьева» і «Цяжкія дні» А.Астроўскага, «Лекар паняволі» Мальера, ставіліся першыя сав. п’есы.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1985. Т. 2. С. 114—115.

т. 4, с. 227

ВІ́ЦЕБСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МАСТА́ЦКА-ПРАКТЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,

назва ў 1922—23 Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.

т. 4, с. 227

ВІ́ЦЕБСКІ ДОМ-КАМУ́НА.

Пабудаваны ў Віцебску ў 1927—29 (арх. А.Вышалескі). Задуманы як зручнае эканам. жыллё для працоўных, разлічаны на 280—300 чал. Першая на Беларусі пабудова такога тыпу. 4-павярховы будынак са складанай канфігурацыяй плана мае цэнтр. аб’ём і бакавыя крылы. На фоне гладкай паверхні сцен з пілястрамі нязначнага выступу кантрастна вылучаюцца 2 вынесеныя за план дома і закругленыя аб’ёмы лесвічных клетак. У час Вял. Айч. вайны будынак згарэў. Пасля рэканструяваны ў жылы дом.

А.А.Воінаў.

т. 4, с. 227

ВІ́ЦЕБСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у Віцебску з 17 ст. па 1820. Езуіты пасяліліся ў Віцебску ў 1639, калі смаленскі ваявода А.Корвін-Гасеўскі падарыў ім прыстань на Зах. Дзвіне і землі (1 тыс. кв. міль) на Смаленшчыне. Віцебскім езуітам матэрыяльна дапамагаў Аршанскі езуіцкі калегіум, свецкія феадалы ахвяравалі маёнткі. У 1649 езуіты пабудавалі ў Віцебску касцёл, у калегіуме пачалося навучанне, з 1676 існавала муз. бурса. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Віцебскі езуіцкі калегіум двойчы спыняў дзейнасць, у 1708 будынкі згарэлі. У 1731 адбудаваны. З 1756 пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр, аптэка (1697). Закрыты паводле ўказа імператара Аляксандра І ад 13.3.1820 аб высылцы езуітаў з Рас. імперыі.

Т.Б.Блінова.

т. 4, с. 227

ВІ́ЦЕБСКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ СПЕЦЫЯЛІ́СТАЎ,

помнік архітэктуры 1930-х г. Пабудаваны ў Віцебску ў 1932—35 (арх. С.Прэзьма) як жылы дом для вядучых спецыялістаў горада. Дамы такога тыпу ў СССР (усяго 66, з іх 3 у БССР) ствараліся па спец. праектах, якія прадугледжвалі павелічэнне плошчы пакояў, палепшанае абсталяванне быт. памяшканняў. У кампазіцыі будынка выкарыстаны прыём вылучэння вуглавой павярховай часткі, якой проціпастаўляецца прадаўгаваты 4-павярховы аб’ём. Выразнасць фасадаў дасягаецца рытмічнай групоўкай акон, балконаў з глухімі агароджамі, лоджый, эркераў.

А.А.Воінаў.

т. 4, с. 227

ВІ́ЦЕБСКІ ЗАВО́Д ЗАТО́ЧНЫХ СТАНКО́Ў,

«Візас». Засн. ў 1944 у Віцебску на базе Клінскага чыгуналіцейнага з-да (Маскоўская вобл.), які ў 1941 быў эвакуіраваны ў г. Беларэцк (Башкірыя), а ў снеж. 1944 перавезены ў Віцебск. З 1945 з-д заточных станкоў, з 1992 арэнднае прадпрыемства «Візас». Асн. прадукцыя (1996): станкі заточныя для металарэзнага інструменту, металарэзныя, для апрацоўкі оптыкі акуляраў, дрэваапрацоўчыя.

т. 4, с. 227

ВІ́ЦЕБСКІ ЗАВО́Д ЗЕМЛЯРО́БЧЫХ ПРЫЛА́Д.

Дзейнічаў у 1876—1914 у Віцебску. Вырабляў плугі, бароны, восі, кавальскія пакоўкі. Меў нафтавы рухавік (1913). Працавала ад 40 (1913) да 50 (1902—05) рабочых.

т. 4, с. 227

ВІ́ЦЕБСКІ ЗАВО́Д ТРА́КТАРНЫХ ЗАПАСНЫ́Х ЧА́СТАК.

Створаны ў 1960 у Віцебску на базе аўтарамонтнага з-да (дзейнічаў з 1949). З 1961 філіял Мінскага трактарнага завода, з 1995 у ВА «Мінскі трактарны завод». Асн. прадукцыя (1996): запчасткі і камплектуючыя вузлы для трактароў «Беларусь», тавары шырокага ўжытку.

т. 4, с. 227

ВІ́ЦЕБСКІ ЗАВО́Д ТЭХНАЛАГІ́ЧНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ «ЭВІ́СТАР».

Створаны ў 1964—67 у Віцебску. Асн. прадукцыя (1996): друкаваныя платы, тэхнал. абсталяванне для харч., лёгкай, аўтатрактарнай прам-сці, мед. абсталяванне, помпы, быт. свяцільні і электрапрылады, электронныя дзіцячыя гульні, мэбля і інш. тавары шырокага ўжытку.

т. 4, с. 227