ЗАБАЎЛЯ́НКІ.
пацешкі, кароткія вершаваныя прыгаворы або песенькі, якімі забаўляюць і суцяшаюць дзіця; жанр дзіцячага фальклору. З. ўзбуджаюць у дзіцяці эмоцыі, прывучаюць да першых самастойных рухаў, знаёмяць з навакольным светам. Умоўна падзяляюцца на звязаныя з рознымі гульнёвымі рухамі («Ладачкі») і на творы, якія пацяшаюць толькі гучаннем («Ходзіць бай па сцяне»). Як і ў калыханках, у іх яскрава выяўляецца імправізацыі. Часцей сустракаюцца дыялагічныя і апавядальныя З., насычаныя экспрэсіўна-эмац. лексікай, рэфрэнамі, у іх шмат гукапераймальных і дзіцячых слоў, пры гэтым асн. сэнсавая нагрузка прыпадае на дзеяслоўныя формы. Канкрэтнасць адлюстравання абумовіла вобразныя сродкі паэт. мовы; эпітэты па знешняй прыкмеце, гіпербалы, літоты і інш., сустракаюцца элементы алегорыі.
Публ.: Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.
Літ.:
Гл. пры арт. Дзіцячы фальклор.
Г.А.Барташэвіч.
т. 6, с. 486
ЗАБА́ШАВІЧЫ,
вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 25 км на Пд ад горада і 27 км ад чыг. ст. Барысаў, 103 км ад Мінска. 1422 ж., 631 двор (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 6, с. 486
ЗАБА́ШТА (Любоў Васілеўна) (3.2.1918, г. Прылукі, Украіна — 21.7.1990),
украінская паэтэса. Скончыла Адэскі водны ін-т (1941). Друкавалася з 1935. Любоў да Радзімы, каханне, мацярынскае шчасце, героіка ваен. і мірных гадоў — асноўныя тэмы яе паэт. творчасці (зб-кі вершаў «Новыя берагі», 1950; «Дарогі дружбы», 1953; «Песня і хлеб», 1961; «Незабудкі», 1966; «Бераг надзеі», 1974; «Кіеўская гара», 1982, і інш.). Аўтар п’ес «Вяселле ў Цярнах» і «Ружы на камені» (абедзве 1963), драм. і ліра-эпічных паэм «Цярновы лёс» (1961), «Маруся Чурай» (1968), «Раксалана» (1971), «Леся Украінка» (1973), раманаў «Там, за ракою — маладосць» (1970), «Софія Кіеўская» (1982), аповесцей «Крылы Арсена Дораша» (1968), «Спаленне мадонны» (1989), кніг вершаў для дзяцей «Калі я вырасту» (1975), «Сеяльшчыкі» (1984). Пераклала на ўкр. мову кн. В.Віткі «Птушыная школа», паасобныя творы Э.Агняцвет. На бел. мову творы З. пераклалі Агняцвет, М.Аўрамчык, А.Бялевіч, В.Вярба, Х.Жычка, К.Камейша і інш.
Тв.:
Вибране. Київ, 1987.
В.А.Чабаненка.
т. 6, с. 486
ЗАБЕ́ЛА (Васіль Сцяпанавіч) (20.5.1901, в. Кішчына Слабада Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 4.12.1949),
дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Бел. політэхн, ін-т (1935). У 1922—24 у Чырв. Арміі, пасля на сав. і парт. рабоце. У 1938—45 нарком, з сак. 1949 міністр камунальнай гаспадаркі БССР. У 1945—49 нам. старшыні СМ БССР. У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у арганізацыі партыз. руху на Беларусі, чл. Мінскага падп. абкома КП(б)Б. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1947. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1949.
т. 6, с. 487
ЗАБЕ́ЛА (Леанід Яўгенавіч) (н. 7.9.1947, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1970), дзе і працуе з 1973. Навук. працы па якаснай тэорыі аптымальных працэсаў. Распрацаваў метад рашэння выраджаных задач для сістэм са спазненнем з выкарыстаннем канечнага набору матрычных функцый.
Тв.:
Исследование особых управлений в системах с запаздыванием с помощью матричных импульсов // Дифференциальные уравнения. 1984. Т. 20, № 8.
т. 6, с. 487
ЗАБЕ́ЛА (Мікалай Міхеевіч) (3.10.1862, Чэрыкаўскі пав. Магілёўскай губ. — 1885),
удзельнік рэв.-народніцкага руху. У час вучобы ў Магілёўскай гімназіі з 1875 удзельнічаў у гуртках «самаразвіцця». З 1877 чл. гуртка Л.С.Залкінда, які ў 1880 далучыўся да «Народнай волі». Вёў агітац. работу сярод сялян на бел. мове, вывучаў і збіраў фальклор. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це стварыў «Камуну магілёўцаў». У 1882 чл. нарадавольскага гуртка У.І.Бычкова (гл. ў арт. Бычковы). У крас. 1883 арыштаваны, у 1884 высланы ва Усх. Сібір. Патануў у р. Селенга.
М.Б.Ласінскі.
т. 6, с. 487
ЗАБЕ́ЛА (Урубель) Надзея Іванаўна
(1.4.1868, г. Каўнас, Літва — 4.7.1913),
расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Жонка М.А.Урубеля. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1891). Спявала ў оперных т-рах Кіева, Тбілісі, Пецярбурга і інш. У 1897—1902 салістка Маскоўскай прыватнай рус. оперы С.Мамантава, у 1904—11 у Марыінскім т-ры. Найб. блізкія ёй былі вобразы гераінь у операх М.Рымскага-Корсакава: Вольга, Панначка, Снягурачка, Валхава («Пскавіцянка», «Майская ноч», «Снягурачка», «Садко»); упершыню выканала партыі Веры, Марфы, Царэўны-лебедзі, царэўны Ненагляднай Красы («Баярыня Вера Шэлога», «Царская нявеста», «Казка пра цара Салтана», «Кашчэй бессмяротны»), напісаныя спецыяльна для яе. У апошнія гады жыцця выступала ў канцэртах, пераважна з рамансамі Рымскага-Корсакава.
Літ.:
Барсава Л. Н.И.Забела-Врубель глазами современников. Л., 1982.
т. 6, с. 487
ЗАБЕ́ЛА (Тодар Іванавіч) (сак. 1896, в. Чабусы Любанскага р-на Мінскай вобл. — 1935?),
бел. гісторык. Скончыў БДУ (1925). З 1925 вучыўся ў аспірантуры БДУ. З 1928 навук. супрацоўнік у Інбелкульце і Бел. АН, з 1929 у Магілёўскім дзярж. архіве. Даследаваў гісторыю сялянства і сельскай гаспадаркі, гарадоў Беларусі 16—18 ст., вывучаў феад. памесце і становішча прыгонных сялян. 24.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Елабуга (Татарская АССР), дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Землеўласнік і земляроб па Статуту Літоўскаму 1588 г. Мн., 1928;
Панская гаспадарка на Беларусі і быт падданага сялянства ў другой палове XVIII ст. Мн., 1928;
Места Берасцейскае ў XVI ст.: (сац.-экан. нарыс). Мн., 1930.
У.М.Міхнюк.
т. 6, с. 487