Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК, заапарк,

навукова-асветная ўстанова, у якой у няволі трымаюць дзікіх жывёл для дэманстрацыі, вывучэння, захавання і ўзнаўлення. Адрозніваюць З.п. стацыянарныя, дзе жывёл трымаюць у клетках, вальерах або на вял. агароджаных плошчах (напаўвольна), і рухомыя — выстаўкі (філіялы). У некат. З.п. дэманструюць пароды свойскіх жывёл і бат. калекцыі (зоабат. паркі, напр., у Будапешце, Казані, Парыжы і інш.); бываюць камерцыйныя, у якіх праводзяць паказальныя выступленні з удзелам жывёл. Асн. задачы З.п.: захаванне калекцый дзікіх жывёл (асабліва рэдкіх і знікаючых відаў) мясц. і сусв. фауны ў штучных умовах (напр., у З.п. былі выратаваны ад знікнення алень Давіда, гавайская казарка, конь Пржавальскага і інш.); правядзенне н.-д., вучэбнай і навук.-асв. работы ў галіне заалогіі і аховы прыроды (напр., акліматызацыя жывёл, вывучэнне хвароб і метадаў лячэння, расплоджванне жывёл, правядзенне лекцый, экскурсій і інш.).

З.п. існавалі ў старажытнасці, напр. у Стараж. Рыме, Азіі і Афрыцы, дзе дзікіх жывёл трымалі з дэкар., рытуальнымі і інш. мэтамі; у Стараж. Егіпце, Кітаі З.п. пад назвай «Сады ведаў» існавалі 3 тыс. гадоў назад; у Еўропе вядомы з 14 ст. (у т. л. на Беларусі пад назвай «Мядзведжая акадэмія» існавалі ў гарадах Нясвіж, Смаргонь і належалі Радзівілам). Большасць З.п. заснаваны ў 19 ст.: у Лондане (1828), Берліне (1844), Мадрасе (1855), Мельбурне (1857), Парыжы (1858), Франкфурцена-Майне (1858), Капенгагене (1859), Гамбургу (1863), Нью-Йорку (1865), Калькуце (1875). У 1990 у свеце было каля 850 З.п. (у т. л. ў Расіі каля 15, самыя старыя ў Маскве і С.-Пецярбургу). Буйнейшыя — Берлінскі ў Германіі і лонданскі Рэджэнспарк.

На Беларусі працуюць Гродзенскі заалагічны парк і Мінскі заапарк.

Э.Р.Самусенка.

У Мінскім заалагічным парку.

т. 6, с. 483

ЗААЛА́ЙСКІ ХРЫБЕ́Т,

на Пн Паміра, у Кыргызстане і Таджыкістане. Даўж. 240 км. Выш. да 7134 м (пік Леніна). Складзены са сланцаў, вапнякоў, пясчанікаў, кангламератаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Месцамі трапляецца гіпсавы карст. Ледавікі агульнай пл. 1194 км². На схілах стэпы і высакагорныя лугі. Ва ўсх. ч. перавал Кызыларт (4280 м), цераз які праходзіць аўтамаб. тракт Ош—Харог.

т. 6, с. 483

ЗА́АЛЕ, Зале (Saale),

рака ў Германіі, левы прыток р. Эльба. Даўж. 427 км, пл. бас. каля 24 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Фіхтэльгебірге, цячэ па раўнінах Цюрынгіі, ніжэй г. Наўмбург па нізіне. Сярэдні расход вады 100 м³/с, высокія ўзроўні зімой і вясной. Суднаходная на 175 км ад г. Наўмбург. Ад г. Гале каналізаваная (каля 20 шлюзаў). ГЭС. На З. — гарады Заальфельд, Іена, Рудальштат, Наўмбург, Гале, Бернбург, Кальбе.

т. 6, с. 483

ЗААЛО́ГІЯ (ад заа... + ...логія),

навука пра жывёльныя арганізмы, адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць жывёл (сістэматыка), іх будову (анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), заканамернасці індывід. развіцця (эмбрыялогія), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (зоагеаграфія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), асаблівасці паводзін (эталогія), вымерлых жывёл (палеазаалогія). У З. таксама вылучаюць навукі, якія даследуюць найб. вял. і важныя групы жывёл: акаралогія, арахналогія, арніталогія, герпеталогія, іхтыялогія, малакалогія, пратысталогія, тэрыялогія, энтамалогія. З. звязана з шэрагам с.-г., вет. і мед. навук.

З. як навука зарадзілася ў Стараж. Грэцыі і звязана з імем Арыстоцеля. Як стройная сістэма ведаў аформілася ў канцы 17—18 ст. дзякуючы працам вучоных-прыродазнаўцаў англ. Дж.Рэя, швед. К.Лінея, франц. Ж.Бюфона і Ж.Б.Ламарка і інш. У сярэдзіне 19 ст. створана тэорыя эвалюцыі арган. свету (Ч.Дарвін). У развіцці З. вял. значэнне мелі працы расійскіх вучоных К.М.Бэра, А.А. і У.А.Кавалеўскіх, І.І.Мечнікава, К.Ф.Рулье, А.М.Северцава і інш. У 20 ст. павялічыўся аб’ём фауністычных даследаванняў па ўсёй планеце, фарміруецца новы малекулярна-біял. аспект сістэматыкі, выкарыстоўваецца карыясістэматыка (на падставе вывучэння колькасці і будовы храмасом), укараняюцца біяхім. метады і метады электроннай мікраскапіі і інш.

На Беларусі даследаванні па З. пачаліся ў 18 ст. Заал. апісанні асобных яе тэрыторый ёсць у працах польск. даследчыка Г.Ржанчынскага (1-я пал. 18 ст.), рус. вучоных І.І.Ляпёхіна (канец 18 ст.), В.М.Севергіна (1-я пал. 19 ст.). У 1924—30 праводзіліся экспедыцыі па вывучэнні наземнай фауны (А.У.Фядзюшьш і інш.). Сучасны этап развіцця З. звязаны з працамі І.Ц.Арзамасава, Г.А.Галкоўскай, Г.Г.Вінберга, М.С.Долбіка, П.І.Жукава, С.В.Кахненкі, І.К.Лапаціна, В.І.Мержаеўскай, М.М.Пікуліка, Л.М.Сушчэні, І.М.Сяржаніна, Э.І.Хацько, Н.М.Хмялёвай і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, на кафедрах прыродазнаўчых ф-таў ВНУ, у запаведніках, н.-д. установах с.-г. і вет. профілю і інш. Даследуюцца функцыян. сувязі ў зоацэнозах, заканамернасці матэрыяльна-энергет. ператварэнняў на розных трафічных узроўнях, экалогія і інтрадукцыя каштоўных відаў рыб. Развіваюцца новыя кірункі З.: эксперым. экалогія водных беспазваночных жывёл, ландшафтная фауністыка і экалогія жывёл, глебавая экалогія; вывучэнне механізмаў і заканамернасцей фарміравання біял. разнастайнасці жывёльнага свету ва ўмовах інтэнсіфікацыі антрапагеннай нагрузкі на прыродныя комплексы; распрацоўка прынцыпаў і метадаў экалагічнага маніторынгу, вядзення Чырв. кнігі, развіцця сеткі асабліва ахоўных тэрыторый; ацэнка ўплыву аварыі на ЧАЭС (1986) на стан фауны. Адна з найб. актуальных праблем — распрацоўка навук. асноў аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету Зямлі.

Літ.:

Наумов Н.П., Карташев Н.Н. Зоология позвоночных. Ч. 1—2. М., 1979;

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1—6. 2 изд. М., 1987—89;

Институт зоологии Академии наук Беларуси. Мн., 1992.

М.М.Пікулік.

т. 6, с. 483

ЗА́АНЕНСКАЯ ПАРО́ДА коз.

Малочнага кірунку. Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Швейцарыі, у даліне р. Зане (Сарын). Найб. пашыраная ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. Гадуюць у Расіі з 1905, на Беларусі — аматары. Выкарыстоўваюць для паляпшэння малочнай прадукцыйнасці мясц. коз.

Козы буйныя, моцнай сухой канстытуцыі, з добра выразным малочным тыпам целаскладу, пераважна камолыя. Вымя развітае, з вял. саскамі. Скура тонкая, эластычная. Масць пераважна белая. Жывая маса казлоў 70—80 кг, матак 50—60 кг. Воўна кароткая, восць тонкая. Сярэдняя малочнасць 600—700 кг, найб. — 1000 кг. Тлустасць малака 3,5—4,5%.

Каза зааненскай пароды.

т. 6, с. 484

ЗААНО́ЗЫ (ад заа... + грэч. nosos хвароба),

інфекцыйныя і інвазійныя хваробы, на якія хварэюць жывёлы. Да З. адносяць некрабактэрыёз, мыт, пастэрэлёз, чуму свіней і буйн. раг. жывёлы і інш. З. наз. таксама хваробы, якімі чалавек можа заразіцца ад жывёл (антрапазаанозы, напр., шаленства, бруцэлёз, чума).

т. 6, с. 484

ЗААПА́РК,

гл. Заалагічны парк.

т. 6, с. 484

ЗААСПО́РА (ад заа... + спора),

зоаганідый, рухомая клетка (спора) водарасцей і некаторых грыбоў, якая служыць для бясполага размнажэння і рассялення. Утвараецца ў аднаклетачным органе — зоаспарангіі. У адрозненне ад тыповай расліннай клеткі пазбаўлена шчыльнай абалонкі. У многіх водарасцей З., акрамя храматафору, маюць таксама чырв. вочка і пульсуючыя вакуолі. У вадзе З. перамяшчаецца з дапамогай жгуцікаў, якія праз некат. час губляе, утварае шчыльную абалонку і развіваецца ў новы арганізм водарасці ці грыба.

т. 6, с. 484

ЗААСТРАВЕ́ЧЧА,

вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Клецк — в. Колкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПдУ ад горада і 32 км ад чыг. ст. Клецк, 157 км ад Мінска. 2589 ж., 1032 двары (1997). Філіял Клецкай швейная ф-кі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — 2 царквы (2-й пал. 19 ст.).

т. 6, с. 484

ЗААТЭ́ХНІЯ (ад заа... + грэч. technē майстэрства, уменне),

навука пра развядзенне, кармленне, утрыманне, догляд і гасп. выкарыстанне с.-г. жывёл; тэарэт. асновы жывёлагадоўлі. Тэрмін «З.» прапанаваў франц. вучоны Ж.Бадэман (1848). Падзяляюць на агульную (вывучае агульныя прынцыпы З.) і прыватную (распрацоўвае сістэму вядзення галін малочнай і мясцовай жывёлагадоўлі, свіна-, авечка-, коне-, птушкагадоўлі, пчалярства, зверагадоўлі і інш., пытанні тэхналогіі вытв-сці асобных відаў прадукцыі: малака, ялавічыны, свініны, прадуктаў птушка- і авечкагадоўлі).

Рэкамендацыі па доглядзе жывёл сустракаюцца ў антычных вучоных. Навукова абгрунтаваныя формы кармлення с.-г. жывёл пачалі распрацоўваць з 17 ст., з канца 18 ст. ствараюцца розныя пароды с.-г. жывёл.

У Беларусі даследаванні па З. вядуцца з 1919 (І.І.Калугін, М.М.Кулагін, М.В.Найдзёнаў і інш.). Яе развіццю спрыялі працы В.С.Антанюка, К.Ф.Барысаўца, А.А.Гайко, З.Д.Гільмана, В.Ц.Горына, М.П.Грыня, В.А.Івановай, У.П.Лемеша, І.М.Нікітчанкі, С.І.Пляшчанкі, К.М.Сонцава, У.І.Шляхтунова, М.А.Янко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Бел. НДІ жывёлагадоўлі, БСГА, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, шэрагу ВНУ. Вырашаюцца праблемы павышэння ўстойлівасці жывёлы да хвароб і стрэсаў, прафілактыкі распаўсюджвання спадчынных анамалій, працягласці гасп. выкарыстання і інш.

А.Ф.Трафімаў.

т. 6, с. 484