Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗААФА́ГІ [ад заа... + ...фаг(і)],

жывёлы і расліны, кормам для якіх з’яўляюцца інш. жывёлы. Да З. належаць таксама жывёлы, што кормяцца прадстаўнікамі свайго віду (гл. Канібалізм), і паразіты жывёл. Спосаб жыцця З. залежыць ад віду ежы, спосабаў яе здабычы, морфафізіял. і эталагічнай адаптацыі. У актыўных драпежнікаў ёсць органы захопу, умярцвення здабычы, вельмі развіты органы руху і пачуццяў. Стрававальны тракт З. звычайна адносна карацейшы, чым у фітафагаў (арганізмы, якія кормяцца раслінамі). Іх наз. драпежнікамі, хоць у некат. выпадках гэты тэрмін не зусім падыходзіць (напр., лешч з’яўляецца З., аднак драпежнікам яго не называюць). З раслін да З. належаць насякомаедныя расліны (напр., расянка круглалістая, тлушчанка звычайная), з жывёл — ваўкі, лісы, ястрабы, краты і інш. Гл. таксама Некрафагі, Капрафагія, Эўрыфагія, Драпежнікі, Драпежныя звяры, Сокалападобныя.

т. 6, с. 484

ЗААФІ́ЛІЯ (ад заа... + ...філія),

1) перакрыжаванае апыленне раслін з дапамогай жывёл, звычайна насякомых, што жывяцца кветкавым пылком, нектарам, сакаўнымі тканкамі кветкі і інш., іншы раз (пераважна ў тропіках) — птушкамі (калібры) і млекакормячымі.

2) Адна з форм палавой ненармальнасці ў чалавека, пры якой ён атрымлівае задавальненне ад сексуальнага кантакту з жывёлай.

т. 6, с. 484

ЗААЦЫ́ДЫ [ад заа... + ...цыд(ы)],

хімічныя сродкі знішчэння шкодных пазваночных. Выкарыстоўваюць у асн. для барацьбы з грызунамі (радэнтыцыды), у прыватнасці мышамі і пацукамі (ратыцыды), а таксама птушкамі (авіяцыды). Моцныя яды. Вытв-сць, захоўванне і выкарыстанне дапускаюцца толькі з дазволу адпаведных дзярж. органаў.

т. 6, с. 484

ЗАБАБА́ХІН (Яўген Іванавіч) (16.1.1917, Масква — 27.12.1984),

савецкі фізік.

Акад. АН СССР (1968; чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1953). Ген.-лейт. авіяцыі (1977). Скончыў Ваенна-паветраную інжынерную акадэмію (1944), дзе і працаваў. Навук. працы па гідрадынаміцы выбуху і ўдарных хваль. Ленінская прэмія 1958, Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1953.

Тв.:

Кумуляция энергии и её границы // Успехи. физ. наук. 1965. Т. 85, вып. 4.

Я.І.Забабахін.

т. 6, с. 484

ЗАБАГО́НСКІ (Сямён Аляксандравіч) (14.1.1910, в. Залучча Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 27.1.1955),

Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Цэнтр., Варонежскім, 4-м Укр. франтах. Пам. камандзіра ўзвода сяржант З. вызначыўся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пн ад г.п. Ржышчаў у баях за вызваленне Кіеўскай вобл. На радзіме на ўшанаванне яго памяці пастаўлена стэла.

т. 6, с. 485

ЗАБАЙКА́ЛЛЕ,

прыродная тэрыторыі, размешчаная на У ад воз. Байкал (Расія). Распасціраецца амаль на 1000 км з Пн на Пд ад Патамскага і Паўн.-Байкальскага нагор’яў да дзярж. мяжы Расіі з Манголіяй і Кітаем і больш чым на 1000 км з 3 на У ад берагоў Байкала да зліцця рэк Шылка і Аргунь. Пераважаюць сярэдневышынныя горы (выш. 1200—1800 м), акаймаваныя з Пн і 3 поясам высокіх гор (выш. да 2999 м). Сярэднягорныя хрыбты (Даурскі, Малханскі, Алёкмінскі Станавік) чаргуюцца з міжгорнымі катлавінамі байкальскага тыпу (Баргузінская, Верхнеангарская, Муйска-Куандзінская і інш.). На Пн і 3 вылучаюцца моцна расчлянёныя высакагорныя хрыбты Станавога нагор’я (Каларскі, Паўн.- і Паўд.-Муйскі, Удакан і інш.) з сучаснымі ледавікамі. Пашырана шматгадовая мерзлата і звязаныя з ёй формы рэльефу. У геал. будове З. вылучаюцца рознаўзроставыя складкавыя сістэмы паўн.-ўсх. распасцірання, якія змяняюцца з ПнЗ на ПдУ: байкальская (рыфейскія граніты і метамарфізаваныя пароды рыфею і ніжняга пратэразою); ніжнепратэразойская (глыбокаметамарфізаваныя пароды архею і ніжняга пратэразою); каледонская (ніжнепалеазойскія граніты, тэрыгенна-карбанатна-вулканагенныя адклады кембрыю); герцынская (тэрыгенныя і тэрыгенна-карбанатная вулканагенныя тоўшчы палеазою). Каледонская і герцынская складкавасці перакрыты вузкімі ўпадзінамі, запоўненымі тэрыгенна-вулканагеннымі адкладамі юры і мелу. Цэнтр. ч. з каледонскай складкавасцю перакрыта кайназойскімі платобазальтамі. У тэктоніцы З. вял. значэнне маюць стараж. і маладыя разломы паўн. ўсх. напрамку. Радовішчы золата, тытану, жал. руды, цынку, вальфраму, малібдэну, бурага і каменнага вуглёў і інш. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма працяглая і суровая. Сярэднія т-ры студз. ад -23 °C на Пд да -33 °C на Пн і ПдУ, абс. мінімум дасягае -58 °C. Лета цёплае, у высакагор’ях халаднаватае. Сярэдняя т-ра ліп. ў катлавінах ад 10 да 20 °C, у гарах (на выш. 2500 м) — ад 5 да 7 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца ў напрамку з ПдУ на ПнЗ і ад днішчаў катлавін (250—300 мм) да верхняй ч. хрыбтоў (700—1000 мм за год). Рэкі належаць да бас. Байкала, Лены і Амура; найб. — Віцім, Алёкма, Селенга, Шылка, Аргунь. Самыя вял. азёры — Байкал, Гусінае, Ераўнінскае і інш. Большая ч. З. размешчана ў зоне тайгі, якая на Пд суседнічае з лесастэпамі і сухімі стэпамі. Характэрна цеснае перапляценне гарыз. занальнасці і вышыннай пояснасці ландшафтаў. Нізкагор’і і раўніны ў паўд.-ўсх. ч. З., а таксама некаторыя катлавіны заняты стэпамі (пераважна злакава-разнатраўнымі). На ўскраінах міжгорных катлавін і ў ніжняй ч. схілаў (да выш. 1000—1200 м) горны лесастэп, вышэй (да 1900 м на Пд і 1400 на Пн) горная тайга. Пераважаюць лясы з лістоўніцы даурскай, трапляецца кедр, вышэй за 1600—2000 м — зараснікі кедравага сланіку, лішайнікавая тундра, на Пд — лістоўнічна-бярозавыя і хваёвыя лясы. У фаўне З. тыповыя для стэпаў грызуны; у лясах — касуля, лось, вавёрка, собаль, бурундук, кабарга, ізюбр, мядзведзь. Трапляюцца паўночныя алені, горныя казлы, бараны. У межах З. Байкальскі, Баргузінскі і Сахандзінскі запаведнікі, Забайкальскі прыродны нац. парк. На тэр. З. размешчаны Бурація, Чыцінская і Іркуцкая вобл. Расіі.

т. 6, с. 485

ЗА́БАЛАНЬ,

вонкавыя маладыя фізіялагічна актыўныя слаі драўніны, якія знаходзяцца непасрэдна за камбіем. Адрозніваюцца ад унутр. ч. (ядра) больш светлай афарбоўкай, меншай мех. трываласцю і ўстойлівасцю да пашкоджанняў грыбамі і насякомымі.

т. 6, с. 485

ЗА́БАЛАЦЦЕ,

вёска ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 34 км на ПдЗ ад г. Мсціслаў, 72 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Ходасы. 408 ж., 162 двары (1997). Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 485

ЗА́БАЛАЦЦЕ,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 130 км ад Гомеля. 653 ж., 273 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік архітэктуры — парк (2-я пал. 19 ст.).

т. 6, с. 485

ЗА́БАЛАЦЦЕ,

біялагічны заказнік у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1979 як заказнік-журавіннік рэсп. значэння для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1957 га (1997). Размешчаны на вярховым балоце са шматлікімі мінер. ўчасткамі (50% агульнай плошчы). У складзе балотнай расліннасці рэдкалесныя (хваёва-кусцікава-сфагнавыя і інш.) і бязлесныя фітацэнозы, пашыраны журавіны; лясы хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. На мінер. участках пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя лясы кіслічнага, імшыстага, чарнічнага і даўгамошнага тыпаў.

т. 6, с. 485