Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖЭНЕ́ЎСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1988 па Афганістане.

Падпісаны 14 крас. прадстаўнікамі Афганістана, ЗША, Пакістана, СССР як вынік афгана-пакістанскіх перагавораў, якія праходзілі ў Жэневе з чэрв. 1982 (з перапынкамі) пры пасрэдніцтве прадстаўніка Ген. сакратара ААН. Мелі на мэце спыніць грамадзянскую вайну ў Афганістане. Складаліся з Двухбаковага пагаднення паміж Рэспублікай Афганістан і Ісламскай Рэспублікай Пакістан аб прынцыпах узаемаадносін (у т. л. аб неўмяшанні і адмове ад інтэрвенцыі), Двухбаковага пагаднення паміж гэтымі краінамі пра добраахвотнае вяртанне бежанцаў, Дэкларацыі аб міжнар. гарантыях і Пагаднення аб узаемасувязі для ўрэгулявання становішча, якое датычыцца Афганістана. Апошняе пагадненне адной з гал. умоў прадугледжвала вывад з Афганістана сав. войск (паловы да 15.8.1988, астатніх на працягу 9 месяцаў). Няпоўнае выкананне пагадненняў Пакістанам (на яго тэр. працягвалі базіравацца ўзбр. фарміраванні для вядзення баёў на тэр. Афганістана) у значнай ступені перашкодзіла спыненню грамадз. вайны ў Афганістане.

У.Я.Калаткоў.

т. 6, с. 479

ЖЭНЕ́ЎСКІЯ ПРАТАКО́ЛЫ,

3 міжнародныя дакументы, прынятыя ў г. Жэнева ў 1922—25. 1) Пратакол 1922 аб пазыцы для Аўстрыі і аб забароне аншлюсу. Падпісалі Аўстрыя, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Чэхаславакія. Палажэнні пратакола дзейнічалі да акупацыі Аўстрыі фаш. Германіяй (1938).

2) Пратакол 1924 аб мірным вырашэнні міжнар. спрэчак. Прыняты Асамблеяй Лігі Нацый. Падпісалі 19 краін, аднак дакумент не набыў сілы, бо Англія і Італія адмовіліся падпісваць яго.

3) Пратакол 1925 аб забароне ўжывання на вайне ўдушлівых, ядавітых або інш. падобных газаў і бактэрыял. сродкаў. Падпісалі 37 краін.

т. 6, с. 480

ЖЭ́ННА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 28 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,57 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 25 м, даўж. берагавой лініі 3,7 км. Пл. вадазбору 10,9 км². Схілы катлавіны выш. 15—25 м (на Пн і У 5—8 м), пад лесам і хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, дно да глыб. 6—8 м пясчанае, ніжэй глеістае. На ПдУ упадае ручай з воз. Лешна, на ПдЗ выцякае ручай у воз. Крывое. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. да 20 м.

т. 6, с. 480

«ЖЭНЬМІ́НЬ ЖЫБА́О»

(«Народная газета»),

штодзённая газета; орган ЦК КП Кітая. Выдаецца з 1948 у Пекіне. Выконвае функцыі афіц. ўрадавага выдання.

т. 6, с. 480

ЖЭНЬШЭ́НЬ (Panax ginseng; кіт. «корань жыцця» літар. «чалавек-корань»),

рэліктавая кветкавая расліна роду панакс сям. араліевых. Трапляецца ў цяністых шыракаліста-хвойных лясах Паўн.-Усх. Кітая, Паўн. Карэі і на Д. Усходзе (Прыморскі і Хабараўскі краі).

Занесены ў Чырвоную кнігу СССР (1984). На Беларусі вырошчваецца ў культуры ў некат. гаспадарках і аматарамі.

Шматгадовая травяністая расліна з адзіночным прамастойным сцяблом выш. каля 0,5 м і кальчаком з 3—5 доўгачаранковых пальчата-складаных лістоў у яго верхняй частцы. Корань масай да 400 г стрыжнёвы, слабагалінасты, мясісты, белавата-шэры або жаўтаваты, расце марудна (да 100 і больш гадоў). Кветкі дробныя, зеленавата-белыя, сабраныя ў просты парасонік. Плод — ярка-чырвоная сакаўная касцянка. Вільгацелюбівая, адносна цеплалюбівая расліна, размнажаецца насеннем. Каштоўная лек. расліна (мае ў каранях і карэнішчы трытэрпенавыя кліказіды з танізуючым дзеяннем). Прэпараты Ж. выкарыстоўваюць пры сардэчных і нерв. захворваннях, малакроўі, гіпатаніі, рэўматызме, цукр. дыябеце і інш.

Г.У.Вынаеў.

Жэньшэнь.

т. 6, с. 480

ЖЭО́ДА (франц. gēode ад грэч. gēodēs земляны),

замкнутая поласць у горнай пародзе, не цалкам запоўненая скрытакрышт. або яўнакрышт. агрэгатамі мінералаў. Форма Ж. ізаметрычная, акруглая і інш. Часта мінер. рэчыва ў Ж. ўтварае канцэнтрычныя занальныя слаі (напр., агаты). Іншы раз унутры Ж. пустата, сценкі якой звычайна ўкрыты друзамі крышталёў.

т. 6, с. 480

ЖЭ́РА ((Żera) Караль Антоні) (1.9.1743, в. Тварогі Выпыхі, Бельскае ваяв., Польшча — пасля 1798),

польскі пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Драгічыне над Бугам (Польшча), потым у Пінску, дзе ў 1765 прыняў духоўны сан. Доўгі час жыў у Сянно. Аўтар зборніка бел., польскіх і лац. фацэцый (анекдотаў) «Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з другой вёскі...» (распаўсюджваўся ў рукапісах). Многія анекдоты, пераважна антыпрыгонніцкага і антыклерыкальнага зместу, запісаны на Беларусі і бел. мове. Па розных копіях зборнік Ж. выдадзены З.Глогерам у Варшаве (1893).

А.В.Мальдзіс.

т. 6, с. 480

ЖЭРА́Р ((Gérard) Франсуа Паскаль Сімон) (4.5.1770, Рым — 11.1.1837),

французскі жывапісец і літограф, прадстаўнік рамантызму. Каля 1782—83 вучыўся ў парыжскім «Каралеўскім пансіёне», у 1786—89 вучань Ж.Л.Давіда. Быў адным з афіц. партрэтыстаў Напалеона, потым Бурбонаў. Сярод твораў: партрэты Ж.Б.Ізабэ з дачкой (1795), Напалеона I у каранацыйным адзенні, імператрыцы Жазефіны (1801), мадам Рэкам’е (1802), мадам Талейран (1805), В.П.Качубея (1809) і інш., карціны «Псіхея і Амур» (1797), «Бітва пры Аўстэрліцы» (1810), «Уваход Генрыха IV у Парыж» (1817), «Каранаванне Карла X» (1829); дэкар. размалёўкі ў парыжскім Пантэоне (1810-я г.). Па малюнках Ж. гравіраваны ілюстрацыі да твораў Вергілія, Ж.Расіна і інш.

Ф.Жэрар. Партрэт В.П.Качубея. 1809.

т. 6, с. 480

ЖЭ́РАХ (Aspius aspius),

рыба сям. карпавых. Пашыраны ў бас. Паўночнага, Балтыйскага, Чорнага, Каспійскага і Аральскага мораў. Жыве на раўнінных ч. рэк, радзей у праточных азёрах. Трымаецца адзін, у невял. чародкі збіраецца ў час нерасту і ўвосень. На Беларусі трапляецца ва ўсх. вял. і сярэдніх рэках, некат. праточных азёрах. Нар. назвы: шэрах, бялізна, бялюга, беляспер, дзяляпер, шэраспер, жэраспер, жэрасель, жэрасць, белясць.

Даўж. цела да 80 см, маса да 12 кг. Цела светлае, серабрыстае, прадаўгаватае, пляскатае. Спінны і хваставы плаўнікі шэрыя з цёмнымі канцамі, астатнія чырванаватыя. Палаваспелы ў 4—5 гадоў. Маляўкі кормяцца ракападобнымі, доннымі беспазваночнымі; дарослы — драпежнік: корміцца рыбай і інш. дробнымі жывёламі. Аб’ект рыбалоўства.

Жэрах.

т. 6, с. 480

ЖЭРМІНА́ЛЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1795,

гл. ў арт. Французская рэвалюцыя 1789—99.

т. 6, с. 480