ЖЭРА́Р ((Gérard) Франсуа Паскаль Сімон) (4.5.1770, Рым — 11.1.1837),

французскі жывапісец і літограф, прадстаўнік рамантызму. Каля 1782—83 вучыўся ў парыжскім «Каралеўскім пансіёне», у 1786—89 вучань Ж.Л.Давіда. Быў адным з афіц. партрэтыстаў Напалеона, потым Бурбонаў. Сярод твораў: партрэты Ж.Б.Ізабэ з дачкой (1795), Напалеона I у каранацыйным адзенні, імператрыцы Жазефіны (1801), мадам Рэкам’е (1802), мадам Талейран (1805), В.П.Качубея (1809) і інш., карціны «Псіхея і Амур» (1797), «Бітва пры Аўстэрліцы» (1810), «Уваход Генрыха IV у Парыж» (1817), «Каранаванне Карла X» (1829); дэкар. размалёўкі ў парыжскім Пантэоне (1810-я г.). Па малюнках Ж. гравіраваны ілюстрацыі да твораў Вергілія, Ж.Расіна і інш.

Ф.Жэрар. Партрэт В.П.Качубея. 1809.

т. 6, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)