Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗА́БЖЭ (Zabrze),

горад на Пд Польшчы, у Катавіцкім ваяв., у Верхнесілезскай агламерацыі. Вядомы з 1243. 202 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Здабыча каменнага вугалю, вытв-сць коксу, стальных канструкцый, кабелю, горнае машынабудаванне, металаапр., радыёэлектронная, дрэваапр., шкляная, гумавая, харч. прам-сць. Навук. ўстановы АН Польшчы. Тэатр, Дом музыкі і танца, музеі — гарадскі і вугальнай прам-сці.

т. 6, с. 488

ЗАБІ́ЛА (Наталля Львоўна) (5.3.1903, С.-Пецярбург — 6.2.1985),

украінская пісьменніца. Скончыла Харкаўскі ін-т нар. адукацыі (1925). Друкавалася з 1924. Дэбютавала кнігай вершаў для дзяцей «Далёкі край» (1927). Аўтар зб-каў вершаў «Дні трывог» (1945), «Наша Радзіма» (1947), «Вясёлыя сябры» (1975), кн. прозы «Радня» (1934), «Апавяданні, казкі, аповесці» (1962), рамана «Трактарабуд» (ч. 1—2, 1931—32) і інш. Вядома як перакладчыца. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі Э.Агняцвет, В.Вярба.

Літ.:

Бичко В.В. Наталя Забіла. Київ, 1963.

т. 6, с. 488

ЗАБЛО́ЦКІ-ЛА́ДА Тадэвуш Гілярыевіч, гл. Дада-Заблоцкі Т.Г.

т. 6, с. 488

ЗАБЛУ́ДАЎСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 1568—70 у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. (цяпер тэр. Польшчы). Засн. ў маёнтку гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча першадрукарамі І.Фёдаравым і Т.І.Мсціслаўцам, якія ў канцы 1560-х г. перасяліліся з Масквы на Беларусь. У друкарні, верагодна, працавалі вучань Фёдарава Грынь Івановіч (вядомы пазней як майстар па вырабе шрыфтоў) і друкар В.Гарабурда. Разам з маскоўскімі друкарскімі матэрыяламі тут шырока выкарыстоўвалася новая арнаментыка (застаўкі, канцоўкі, ініцыялы) і буйныя фігурныя дрэварыты. Выдадзены «Евангелле вучыцельнае» (1569, якое ўключала творы візант., балг. і старажытнарускай пісьменнасці, у т. л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага) і «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). З.д. спыніла сваю дзейнасць у сувязі з ускладненнем грамадска-паліт. умоў пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай, а таксама з-за хваробы гетмана Хадкевіча. Заблудаўскія выданні неаднаразова перавыдаваліся Гарабурдам, Мамонічамі, друкарамі Святадухаўскага брацтва ў Вільні.

Літ.:

Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;

Ісаевич Я.Д. Першодрукар Іван Федоров і виникнення друкарства на Україні. Львів, 1975. С. 42—47;

Немировский Е.Л. Иван Федоров в Белоруссии. М., 1979;

Голенченко Г.Я. Идейные и культурные связи восточнославянских народов в XVI — середине XVII в. Мн., 1989.

Г.Я.Галенчанка.

т. 6, с. 488

ЗАБЛУ́ДАЎСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Дзейнічаў у г. Заблудаў (цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча) у 17—19 ст. Некат. гісторыкі лічаць, што манастыр існаваў ужо ў 1560—70-я г. ў час дзейнасці ў Заблудаве друкароў І.Фёдараеа і П.Мсціслаўца (Свята-Успенская царква ў Заблудаве засн. ў 1563). Упершыню ўпамінаецца ў фундушавым запісе 1659 уладальніцы Заблудава кн. Марыі Малдаванскай, удавы Я.Радзівіла. З запісу вынікае, што манастыр засн. да смерці Радзівіла (1655). У 1664—88 манастыром спрабавалі завалодаць уніяты, але намаганнямі дачкі і ўнучкі Марыі ён застаўся праваслаўным. У 2-й пал. 17 ст. пры манастыры дзейнічалі школа, шпіталь, б-ка. У 1746—55 тут захоўваліся мошчы св. Гаўрыіла Беластоцкага. У сярэдзіне 18 ст. манастыр заняпаў (у 1760 былі 4 манахі). Пасля наведання манастыра слуцкім архімандрытам Паўлам Ваўчанскім (1783) зроблены капітальны рамонт, аднавілі дзейнасць школа і шпіталь. З 1807 манастыр быў падпарадкаваны Мінскай епархіі, у 1824 скасаваны.

М.Р.Гайдук.

т. 6, с. 488

ЗАБО́Й,

1) канец горнай вырабаткі, які паступова прасоўваецца ў выніку горных работ і з’яўляецца рабочым месцам гарняка. У шахтах і рудніках З. бываюць: гарызантальныя, вертыкальныя і нахіленыя; ачышчальныя, дзе непасрэдна здабываюць карысныя выкапні, і падрыхтоўчыя, або праходчыя. У кар’ерах (пры адкрытай распрацоўцы радовішча) З. — участак заходкі (рабочага ўступа і інш.), які непасрэдна распрацоўваецца экскаватарам. Паводле размяшчэння адрозніваюць З. бакавыя (тарцовыя) і франтальныя.

2) Тарцовая паверхня буравой свідравіны, якая пры праходцы разбураецца буравым інструментам.

т. 6, с. 488

ЗАБО́ЙСТВА,

наўмыснае або неасцярожнае пазбаўленне жыцця чалавека. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь адказнасць за З. настае з 14 гадоў. За наўмыснае З. пры абцяжваючых акалічнасцях (з карыслівымі матывамі, пры выкананні пацярпелым службовага або грамадскага абавязку, цяжарнай жанчыны, учыненае асабліва небяспечным рэцыдывістам ці асобай, якая раней была асуджана за наўмыснае З., і інш.) закон прадугледжвае доўгатэрміновае або пажыццёвае пазбаўленне волі або пакаранне смерцю. Законам прадугледжана крымін. адказнасць за З., учыненае ў стане моцнага душэўнага хвалявання, выкліканага неправамернымі паводзінамі пацярпелага, пры перавышэнні межаў неабходнай абароны і па неасцярожнасці, пазбаўленнем волі да 5 гадоў або папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў.

Г.А.Маслыка.

т. 6, с. 488

ЗАБО́РАЎ (Барыс Абрамавіч) (н. 16.10.1935, Мінск),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1954), Маскоўскі маст. ін-т імя В.Сурыкава (1961). Працуе ў станковым жывапісе, графіцы, скульптуры, тэатр.-дэкарацыйным мастацтве. У 1962—80 працаваў у Мінску. Сярод работ: ілюстрацыі да твораў У.Шэкспіра, А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага (залаты медаль у Дрэздэне 1971), А.Уайльда, Р.Барадуліна; жывапісныя творы «Сазопальскія рыбакі», серыя «Стары Талін» (усе 1965), «Палескія музыкі» (1966); дэкарацыі і касцюмы да спектакляў «Тысяча франкаў узнагароды» (1962) В.Гюго, «Мой няшчасны Марат» (1965) А.Арбузава, «Навальніца» (1976) А.Астроўскага — усе для Нац. акад. т-ра імя Я.Купалы. З 1980 у Парыжы. Творчай манеры ўласцівы інтэрпрэтацыя старой фатаграфіі як вобраза мінулага свету, складаная вобразная сістэма, настальгічнасць, выкарыстанне тэхнікі жывапісу па ляўкасе: «Пейзаж з лодкай» (1983), «Вясковая хата» (1986), «Нацюрморт з вазай» (1988), «Дыялог» і «Аголеная ў садзе» (абедзве 1989), «Дзяўчынка і манекены» (1992). Аўтар касцюмаў да спектакляў «Маскарад» (1922) М.Лермантава, «Лукрэцыя Борджыа» (1994) В.Гюго, «Месяц у вёсцы» (1966) I. Тургенева — усе для тэатра «Камеды Франсэз» (Парыж).

І.М.Мятліцкая, А.А.Сурскі.

Б.Забораў. Аголеная ў садзе. 1989.

т. 6, с. 488

ЗАБО́Р’Е,

вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 37 км ад г. п. Расоны, 190 км ад Віцебска, 32 км ад чыг. ст. Дрэтунь. 532 ж., 197 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.

т. 6, с. 489

ЗАБО́РСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну,

састаўная частка Расонскага патрыятычнага падполля. Дзейнічала ў жн. 1941 — крас. 1942 (кіраўнік У.В.Петрачэнка) на тэр. Віцебскай вобл. Мела 3 групы (23 чал.): у вёсках Аўсюкова і Забор’е (А.Дз.Цітоў, І.Ф.Лапатка), Лакці і Пакоціна (Я.А.Каган, А.І. і Н.І.Папляцеевы), Баканіха і Шарстова (М.Ф.Максіменка). Падпольшчыкі дзейнічалі ў кантакце з партызанамі, збіралі для іх зброю, разведданыя, харчаванне, медыкаменты. Разам з партызанамі ўдзельнічалі ў падрыве моста цераз р. Дрыса, 6 мастоў на шашэйных дарогах, спалілі будынак ням. камендатуры ў в. Забор’е, здзейснілі шэраг дыверсій па знішчэнні баявой тэхнікі, аўтатранспарту і жывой сілы ворага. Вясной і летам 1942 амаль усе падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. Дзейнасць падполля ўвекавечана ў Музеі баявой садружнасці бел., рус., латв. і літ. партызан у г.п. Расоны.

т. 6, с. 489