ЗАБО́ЙСТВА,
наўмыснае або неасцярожнае пазбаўленне жыцця чалавека. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь адказнасць за З. настае з 14 гадоў. За наўмыснае З. пры абцяжваючых акалічнасцях (з карыслівымі матывамі, пры выкананні пацярпелым службовага або грамадскага абавязку, цяжарнай жанчыны, учыненае асабліва небяспечным рэцыдывістам ці асобай, якая раней была асуджана за наўмыснае З., і інш.) закон прадугледжвае доўгатэрміновае або пажыццёвае пазбаўленне волі або пакаранне смерцю. Законам прадугледжана крымін. адказнасць за З., учыненае ў стане моцнага душэўнага хвалявання, выкліканага неправамернымі паводзінамі пацярпелага, пры перавышэнні межаў неабходнай абароны і па неасцярожнасці, пазбаўленнем волі да 5 гадоў або папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў.
Г.А.Маслыка.
т. 6, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)