ЗАБАЎЛЯ́НКІ.

пацешкі, кароткія вершаваныя прыгаворы або песенькі, якімі забаўляюць і суцяшаюць дзіця; жанр дзіцячага фальклору. З. ўзбуджаюць у дзіцяці эмоцыі, прывучаюць да першых самастойных рухаў, знаёмяць з навакольным светам. Умоўна падзяляюцца на звязаныя з рознымі гульнёвымі рухамі («Ладачкі») і на творы, якія пацяшаюць толькі гучаннем («Ходзіць бай па сцяне»). Як і ў калыханках, у іх яскрава выяўляецца імправізацыі. Часцей сустракаюцца дыялагічныя і апавядальныя З., насычаныя экспрэсіўна-эмац. лексікай, рэфрэнамі, у іх шмат гукапераймальных і дзіцячых слоў, пры гэтым асн. сэнсавая нагрузка прыпадае на дзеяслоўныя формы. Канкрэтнасць адлюстравання абумовіла вобразныя сродкі паэт. мовы; эпітэты па знешняй прыкмеце, гіпербалы, літоты і інш., сустракаюцца элементы алегорыі.

Публ.: Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.

Літ.:

Гл. пры арт. Дзіцячы фальклор.

Г.А.Барташэвіч.

т. 6, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)