ВІ́ЦЕБСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ,
узброеныя фарміраванні ў паветах Віцебскай губ. ў час паўстання 1863—64. Сярод гал. прапагандыстаў і дзеячаў падрыхтоўкі паўстання ў Віцебску былі бел. пісьменнік А.І.Вярыга-Дарэўскі, М.Карафа-Корбут і інш. 25.4.1863 у Дынабургскім пав. выступіла група Л.Плятэра, якая захапіла пад Крэслаўкай транспарт са зброяй, але паўстанцы былі рассеяны; Плятэр па загадзе М.Мураўёва расстраляны ў Дынабургу. У Аршанскім пав. дзейнічаў атрад І.М.Будзіловіча. На Дзісеншчыне быў сфарміраваны паўстанцкі атрад Г.М.Дмахоўскага, які рушыў на Кублічы і Докшыцы, але 26.5.1863 быў разбіты, яго камандзір загінуў. У Лепельскім пав. О.Грабніцкім створаны паўстанцкі атрад, які таксама быў рассеяны. У раёне Бешанковічы—Бачэйкава дзейнічала паўстанцкая група, якая была разбіта, яе кіраўнік Дык сасланы на катаргу. На мяжы Себежскага і Дрысенскага пав. дзейнічаў атрад Б.М.Кульчыцкага, які 6.5.1863 быў разбіты; Кульчыцкі, каб пазбегнуць палону, застрэліўся. Паўстанцы Себежскага, Полацкага, Віцебскага, Веліжскага і Лепельскага пав. меркавалі злучыцца і рушыць на Полацк і Віцебск, а таксама захапіць Дынабург з багатымі арсеналамі зброі. Але гэтыя планы не ажыццявіліся. Паўстанцкія атрады і групы Віцебшчыны гінулі або рассейваліся, не паспеўшы разгарнуць дзейнасць. Сяляне не падтрымалі паўстаўшых. Атрады фарміраваліся пераважна са шляхты, разначынцаў, дробных чыноўнікаў, навучэнцаў. Пасля задушэння паўстання многія ўдзельнікі віцебскіх паўстанцкіх атрадаў былі пакараны ці перайшлі на нелегальнае становішча.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 235
ВІ́ЦЕБСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,
устаўныя граматы вял. князёў ВКЛ Віцебскай зямлі, якія фіксавалі нормы віцебскага права. Першы прывілей Віцебску дадзены ў 1390-я г. Вітаўтам. Прывілей 1503 Аляксандра, які захаваўся, быў пацвярджэннем папярэдняга прывілея 1444 Казіміра IV. Прывілей 1503 пацвярджалі граматамі вял. князі ВКЛ у 1509, 1541, 1547, 1561. За Віцебскае паўстанне 1623 Віцебск да 1641 быў пазбаўлены магдэбургскага права.
т. 4, с. 235
ВІ́ЦЕБСКІЯ РУЧНІКІ́,
тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі вёсак Браслаўскага, Віцебскага, Міёрскага, Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл., а таксама стараверамі Паазер’я. Вядомы з 19 ст. Даўж. 120—300 см, шыр. 23—30 см. Ткуць іх з адбеленага кужалю або белай бавоўны, аздабляючы на канцах карункамі, мохрыкамі. Узор ствараецца «выкладаннем» чырвоных, чорных, блакітных, жоўтых баваўняных нітак (выбарнае ткацтва), закладной тэхнікай, якая нагадвае вышыўку па гатовай тканіне. У арнаментыцы пашыраны раслінныя, геам., антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Віцебскім ручнікам уласцівы сюжэтнасць арнаментальных кампазіцый, паліхромнасць каларыстычнай гамы, перавага белага фону ў месцах размяшчэння дэкору.
М.Ф.Раманюк.
т. 4, с. 235
ВІ́ЦЕБСКІЯ СВАБО́ДНЫЯ ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ МАСТА́ЦКІЯ МАЙСТЭ́РНІ,
назва ў 1920—21 Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.
т. 4, с. 235
ВІ́ЦЕБСКІЯ ЦА́РСКІЯ ВАРО́ТЫ,
помнік манум.-дэкар. мастацтва канца 17 ст. Створаны для Георгіеўскай (Юр’еўскай) царквы Віцебска. Драўляныя прамавугольнай формы вароты, упрыгожаныя разьбой і паліхромнай размалёўкай, уключаюць 6 утвораных расліннымі парасткамі клеймаў — рэльефных выяў святых на зялёным фоне. У двух верхніх клеймах традыц. кампазіцыя «Благавешчанне» заменена выявамі Сімяона Столпніка і Міколы Цудатворца, у ніжніх змешчаны 4 выявы евангелістаў з разгорнутымі Евангеллямі на каленях. Позы святых свабодныя, трактоўка адзення выяўляе формы фігур.
Захоўваюцца ў Нац. маст. музеі Беларусі.
Літ.:
Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983.
А.К.Лявонава.
т. 4, с. 235
ВІ́ЦЕБСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,
Суражскія «вароты», 40-кіламетровы пралом у лініі фронту на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр» паміж Веліжам (Смаленская вобл.) і Усвятамі (Пскоўская вобл.) у Вял. Айч. вайну. Утварыліся ў выніку наступлення 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту і дзейнічалі з 10.2 да 28.9.1942. Подступы да іх утрымлівалі часці 4-й ударнай арміі, 1-я і 2-я Бел. партыз. брыгады. Праз «вароты» партызаны трымалі сувязь з камандаваннем 4-й ударнай арміі, у тыл ворага накіроўваліся партыз. групы, зброя. З акупіраванай тэр. выходзілі партыз. атрады на перафарміраванне, добраахвотнікі ў Чырв. Армію, насельніцтва. У памяць аб Віцебскіх «варотах» у в. Заполле Віцебскага р-на пастаўлены помнік.
І.П.Хаўратовіч.
т. 4, с. 233
ВІ́ЦЕБСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1918 у Віцебску як губернскі на базе музеяў старажытнасцей пры Віцебскім губ. стат. к-це (засн. ў 1868), Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, матэрыялаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віленскага ваен. збору, прыватнага музея В.П.Федаровіча, калекцый А.Брадоўскага і інш. З 1924 — Віцебскае аддз. Бел. дзярж. музея, з 1929 Віцебскі культ.-гіст. музей, з 1951 сучасная назва. У Вял. Айч. вайну частка экспанатаў разрабавана ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1945. Займае будынак б. ратушы (18 ст.), мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 921 м²), каля 157 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: н.-д. фондаў, навук асветны, рэстаўрацыйна-мастацкі. Сярод экспанатаў археал. знаходкі, берасцяная грамата 13 ст., кніга прывілеяў Віцебска, рыцарскі пояс караля Стафана Баторыя, кларнет караля Яна III Сабескага, старадрукі 17—18 ст., посуд Налібоцкай і Ўрэцкай мануфактур 18 ст., калекцыі манет 9—20 ст., у т. л. рэдкая — яфімкаў, стараж. зброі, атрыбутыкі масонаў, габеленаў 18—19 ст. Зберагаюцца асабістыя фонды гісторыка А.П.Сапунова, грамадскага дзеяча Ф.Нікановіча, матэрыялы па гісторыі Вял. Айч. вайны, пасляваен. развіцця Віцебшчыны. Мае філіялы: мастацкі, літаратурны, музей прыватных калекцый, Рэпіна Ільі музей-сядзіба (у в. Здраўнева).
В.І.Акуневіч.
т. 4, с. 226
ВІ́ЦЕБСКІ БАЛЕ́Т ПІЁНА,
трупа, якая працавала ў 1844—47 у Віцебску пад кіраўніцтвам польск. балетмайстра М.Піёна. У рэпертуары пастаўленыя ім балеты-дывертысменты «Вяселле ў Айцове» К.Курпінскага і Ю.Дамсе, «Дзве статуі» Ю.Эльснера, «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца і інш. Ставіліся таксама жывыя карціны, камедыі і вадэвілі на рус., польск, і франц, мовах. У асн. складзе трупы былі браты Адольф, Морыс і Уладзіслаў Піёны, муж і жонка Кос, Царова, Я.Чаховіч, а таксама кардэбалет з прыгонных сялян, адпушчаных у горад, і некалькіх запрошаных артыстаў. Суправаджаў спектаклі мясц. аркестр пад кіраўніцтвам скрыпача-віртуоза Г.П.Ягемана (Ягнова).
Г.І.Барышаў.
т. 4, с. 226
ВІ́ЦЕБСКІ ВАРВА́РЫНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неараманскага стылю. Першапачаткова мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1785 на каталіцкіх могілках, побач — мураваная капліца (у 1800 новая) і драўляны дом-плябанія. Пабудовы мелі мураваную агароджу з трохпралётнай уязной брамай. У 1885 касцёл перабудаваны (інж.-арх. В.Піятроўскі), стаў 3-нефавай 2-вежавай базілікай. У цэнтры гал. фасада — арачны партал з трохвугольным франтонам, над ім 3 арачныя нішы. Двух’ярусныя вежы завершаны высокімі шатрамі. Першы ярус вежаў 4-гранны, кожная з граней прарэзана трохарачнымі праёмамі, другі — 6-гранны, кожная грань мае па аднаму арачнаму праёму, скошаная і завершана трохвугольным франтонам. Ярусы аддзяляюцца карнізам з шырокім арнаментальным поясам. У дэкоры неатынкаваных фасадаў касцёла выкарыстаны дэталі з лякальнай цэглы: карнізы з зубчастым поясам, аркатурны пояс, пілястры, калонкі, нішы і інш. У Вял. Айч. вайну будынкі і агароджа часткова разбураны. У 1990 рэстаўрыраваны.
Т.І.Чарняўская.
т. 4, с. 226
ВІ́ЦЕБСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР.
Існаваў у Віцебску ў 17 ст. Пабудаваны з дрэва на тэр. Узгорскага замка ў комплексе з 89 крамамі і складамі, якія ўтваралі прамавугольную ў плане гандлёвую плошчу, забудаваную з чатырох бакоў і злучаную з Верхнім замкам мостам цераз р. Віцьба. Гал. квадратны ў плане будынак быў завершаны высокім вальмавым дахам з бельведэрам і балюстрадай вакол яго. Бельведэр быў накрыты купалам, завершаным галоўкай на васьмерыку, увянчаны шпілем з гарадскім гербам. Каля будынка размяшчалася важніца, дзе захоўваліся гарадскія вагі, 7 камор для тавараў, стайня. Двор адлюстраваны на «Чарцяжы» Віцебска 1664. Будынак апісаны ў інвентары Віцебска сярэдзіны 17 ст.
т. 4, с. 226