Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУРЧЫ́Н (Пётр Сідаравіч) (25.10.1918, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 19.7.1997),

бел. мастак. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1990). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1934—37). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1949). Працаваў у станковай графіцы ў тэхніцы пастэлі, літаграфіі, афорта і інш. Асн. творы прысвечаны абароне Брэсцкай крэпасці: «Брэсцкая крэпасць» (1957), «Цытадэль над Бугам» (1967), «Руіны чырвонаармейскага клуба» (1972), «Свяшчэнныя камяні», «Зорка бессмяротнасці» (абодва 1974), трыпціхі «Салдаты Брэста» (1979—81), «Памяць Брэста» (1992). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» ў Брэсцкім абл. краязнаўчым музеі (1957, з Ф.Зільбертам), шэрагу партрэтаў абаронцаў крэпасці П.М.Гаўрылава, Р.К.Семенюка, А.А.Вінаградава, Я.М.Фаміна, І.М.Зубачова, А.М.Кіжаватава і інш. з мемарыяльнай серыі «Жыццё за Радзіму» (1960—84). Творам уласціва дакумент. дакладнасць, лаканізм, манументальнасць кампазіцыі, вастрыня маст.-вобразных вырашэнняў. Сярод твораў на інш. тэмы: «Касцёл святой Ганны» (1972), «Над Прыпяццю» (1975), «Май» (1992—93), серыя «Мінск» (1959) і інш.

Літ.:

Пугачева Э.Н. Петр Дурчин. Мн., 1986.

Г.А.Фатыхава.

П.Дурчын. Трыпціх «Памяць Брэста». 1992.

т. 6, с. 263

ДУРЫ́НА,

хвароба непарнакапытных, тое, што злучная хвароба.

т. 6, с. 264

ДУ́РЫС (Duris),

старажытнагрэчаскі мастак 1-й трэці 5 ст. да н.э.; прадстаўнік «строгага стылю». Працаваў у Атыцы, размалёўваў вазы. Захавалася каля 280 ваз (39 з іх падпісаныя) з яго жанравымі і міфалагічнымі размалёўкамі (вытанчаныя па малюнку, з падоўжанымі прапорцыямі фігур), у т. л. амфара «Атлет і Ніке», кілікі «Эас з целам Мемнана», «Заняткі ў школе», «Сілены весяляцца» і інш.

Дурыс. Сілены весяляцца. Каля 480 г. да н.э.

т. 6, с. 264

ДУ́РЭС (Durrësi),

горад на З Албаніі, на ўзбярэжжы Адрыятычнага м. Адм. ц. рэці (адм. адзінка) Дурэс. Засн. ў 627 да н.э. грэч. каланістамі пад назвай Эпідамн, рым. назва Дырахій. 85,4 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гал. порт краіны; паромная сувязь з Трыестам і Брындызі (Італія). База марскога рыбалоўства. Прам-сць: металаапр., суднабуд., харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), гарбарная, гумавая. Прыморскі кліматычны курорт. Турызм. Гар. ўмацаванні 14 ст., мячэці.

т. 6, с. 264

ДУ́СБУРГ (Doesburg) Тэа ван [сапр. Кюпер (Küpper) Крысціян Эміль Мары; 30.8.1883, г. Утрэхт, Нідэрланды — 7.3.1931], галандскі архітэктар, жывапісец, тэарэтык мастацтва. Адзін з заснавальнікаў час. «Дэ Сціл» («De Stÿl») у Лейдэне, дзе прапанаваў дактрыну рацыянальнага мастацтва, што мае цягу да раўнавагі і гармоніі і вынікае з прамавугольных геам. форм. У 1908—16 працаваў у плыні абстракцыянізму: «Кампазіцыя», «Контракампазіцыя» і інш. Творы носяць геам. характар выбару элементаў прамавугольных і дыяганальных рытмаў («Арыфметычная кампазіцыя». 1930. і інш.). З 1922 пад уплывам дадаізму. Аўтар тэорыі «элементарызму» — дыяганальных рухаў, якія перадаюць інтэнсіўнасць жыцця.

Я.Ф.Шунейка.

Т. ван Дусбург. Арыфметычная кампазіцыя. 1930.

т. 6, с. 264

ДУ́СТЫ (ад англ. dust пыл),

парашкі (памер часцінак 3—30 мкм) з сумесі пестыцыдаў і інертных напаўняльнікаў (напр., тальку, крухмалу). Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы для барацьбы са шкоднымі насякомымі, пустазеллем, хваробамі раслін.

т. 6, с. 264

ДУ́ТАЎ (Аляксандр Ільіч) (17.8.1879, станіца Арэнбургская Арэнбургскай вобл., Расія — 7.3.1921),

адзін з кіраўнікоў белага руху (гл. Белая гвардыя) у грамадз. вайну 1918—20 у Расіі. Ген.-лейтэнант (1919). Скончыў Акадэмію Генштаба (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выбраны старшынёй савета Саюза казацкіх войск, у чэрв. 1917 узначальваў Усерас. казацкі з’езд, падтрымліваў сувязь з ген. Л.Г.Карнілавым; з вер. 1917 атаман Арэнбургскага казацтва. У ліст. 1917 узняў антысав. мяцеж у Арэнбургу (ліквідаваны Чырв. Арміяй у 1918). У чэрв. 1918 у ходзе антысав. мяцяжу Чэхаславацкага корпуса арганізаваў белы рух на Урале. У ліст. 1918 — канцы 1919 камандаваў асобнай Арэнбургскай арміяй у складзе войск А.В.Калчака. У 1920 эмігрыраваў у Кітай, дзе забіты.

т. 6, с. 264

ДУ́ТАЎ (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 6.4.1936, Ташкент),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў Сярэднеазіяцкі дзярж. ун-т (1959). З 1971 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі. Навук. працы па нейтронна-актывацыйным аналізе, радыяцыйна-стымуляваных працэсах у паўправадніках. Распрацаваў метады гетэрыравання дамешкавых элементаў у паўправадніковых структурах, спосабы павелічэння радыяцыйнай устойлівасці мікрасхем і інш.

Тв.:

Активационный анализ в науке и технике. Мн., 1984 (разам з Г.В.Леушкінай, В.А.Комарам).

т. 6, с. 264

ДУ́ЎРСКІ ПРАЛІЎ (англ. Strait of Dover),

гл. Па-дэ-Кале.

т. 6, с. 264

ДУХ,

філасофскае паняцце, што азначае нематэрыяльны пачатак у адрозненне ад матэрыяльнага, прыроднага. Азначае таксама мысленне, псіхічныя здольнасці, пачатак, які вызначае паводзіны, унутр. маральную сілу асобы (гл. Духоўнасць). У гісторыі філасофіі Д. трактаваўся як паняцце (панлагізм), субстанцыя (пантэізм), асоба (тэізм, персаналізм). У рацыяналізме вызначальным бокам Д. лічыцца мысленне, свядомасць, у ірацыяналізме — пазаразумовыя аспекты (воля, пачуццё, уяўленне, інтуіцыя і г.д.). Дыялект. матэрыялізм звязвае духоўнае з працэсам і вынікамі чалавечай дзейнасці, з духоўнай вытворчасцю. У стараж.-грэч. філасофіі Д. — пнеўма, нус, логас; у рэліг.-містычных уяўленнях — бесцялесная, звышнатуральная істота (гл. таксама Тройца).

В.В.Краснова.

т. 6, с. 264