ДУХ,
філасофскае паняцце, што азначае нематэрыяльны пачатак у адрозненне ад матэрыяльнага, прыроднага. Азначае таксама мысленне, псіхічныя здольнасці, пачатак, які вызначае паводзіны, унутр. маральную сілу асобы (гл. Духоўнасць). У гісторыі філасофіі Д. трактаваўся як паняцце (панлагізм), субстанцыя (пантэізм), асоба (тэізм, персаналізм). У рацыяналізме вызначальным бокам Д. лічыцца мысленне, свядомасць, у ірацыяналізме — пазаразумовыя аспекты (воля, пачуццё, уяўленне, інтуіцыя і г.д.). Дыялект. матэрыялізм звязвае духоўнае з працэсам і вынікамі чалавечай дзейнасці, з духоўнай вытворчасцю. У стараж.-грэч. філасофіі Д. — пнеўма, нус, логас; у рэліг.-містычных уяўленнях — бесцялесная, звышнатуральная істота (гл. таксама Тройца).
В.В.Краснова.
т. 6, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)