ДУРЧЫ́Н (Пётр Сідаравіч) (25.10.1918, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 19.7.1997),
бел. мастак. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1990). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1934—37). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1949). Працаваў у станковай графіцы ў тэхніцы пастэлі, літаграфіі, афорта і інш.Асн. творы прысвечаны абароне Брэсцкай крэпасці: «Брэсцкая крэпасць» (1957), «Цытадэль над Бугам» (1967), «Руіны чырвонаармейскага клуба» (1972), «Свяшчэнныя камяні», «Зорка бессмяротнасці» (абодва 1974), трыпціхі «Салдаты Брэста» (1979—81), «Памяць Брэста» (1992). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» ў Брэсцкім абл. краязнаўчым музеі (1957, з Ф.Зільбертам), шэрагу партрэтаў абаронцаў крэпасці П.М.Гаўрылава, Р.К.Семенюка, А.А.Вінаградава, Я.М.Фаміна, І.М.Зубачова, А.М.Кіжаватава і інш. з мемарыяльнай серыі «Жыццё за Радзіму» (1960—84). Творам уласціва дакумент. дакладнасць, лаканізм, манументальнасць кампазіцыі, вастрыня маст.-вобразных вырашэнняў. Сярод твораў на інш. тэмы: «Касцёл святой Ганны» (1972), «Над Прыпяццю» (1975), «Май» (1992—93), серыя «Мінск» (1959) і інш.